Інтэрпал адхіліў запыт Расіі аб аб'яўленні ў міжнародны вышук экс-кіраўніка ЮКАСа Міхаіла Хадаркоўскага, паведамілі ў штаб-кватэры арганізацыі ў Ліёне.

Запыт на аб'яўленне Хадаркоўскага ў міжнародны вышук быў зроблены Нацыянальным цэнтральным бюро Інтэрпала ў Маскве і накіраваны астатнім краінам-удзельніцам арганізацыі.

«Пасля разгляду запыту Генеральны сакратарыят Інтэрпала выявіў, што ён не адпавядае правілам арганізацыі. У сувязі з гэтым НЦБ ў Маскве быў апавешчаны, што каналы Інтэрпала не могуць быць задзейнічаныя для міжнароднага паліцэйскага супрацоўніцтва па гэтай справе», — цытуе ТАСС заяву Інтэрпала.

Адказваючы на пытанне, з якой прычыны быў адхілены запыт Расіі, у штаб-кватэры спаслаліся на артыкул 3 Статута арганізацыі, якая «катэгарычна забараняе прадпрымаць якія-небудзь дзеянні палітычнага, ваеннага, рэлігійнага ці расавага характару».

11 снежня Следчы камітэт Расіі завочна прад'явіў Хадаркоўскаму абвінавачванне ў забойстве мэра Нефцеюганска Уладзіміра Петухова, які адбыўся ў 1998 годзе. Менавіта ў сувязі з гэтай справай расійскае бюро Інтэрпала спрабавала абвясціць Хадаркоўскага ў міжнародны вышук.

У пачатку снежня мінулага года Хадаркоўскі паведаміў, што быў выкліканы на допыт па справе аб забойстве мэра Нефцеюганска. Як напісаў сам апазіцыянер у твітары, позву прынеслі яго бацьку Барысу.

Усе абвінавачванні ў свой адрас экс-кіраўнік ЮКАСа адпрэчвае.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0