Сям'я, якая прыляцела ў сярэдзіне снежня ў Літву з Грэцыі, у бліжэйшы час мае намер з Руклы пераехаць у Вільню, дзе знайшла працу і жыллё. Чыноўнікі спадзяюцца, што яшчэ каля 10 бежанцаў прыбудуць у Літву ў сакавіку, піша lrt.lt.

«Мужчына вельмі хацеў уладкавацца на працу ў цырульню, падобна, ён знайшоў працу з выпрабавальным тэрмінам. (…) Акрамя таго, гэта не першы падобны выпадак, паколькі адзін бежанец з Афганістана (ён, праўда, прыехаў у Літву не па гэтай праграме), ужо працуе кіроўцам», — парадаваўся віцэ-канцлер ўрада Рымантас Вайткус.

Пераехаўшы ў Вільню, сям'я паўгода будзе атрымліваць па 150 еўра дапамогі і аднаразовую дапамогу на ўладкаванне жылля. Усе дапамогі бежанцам былі зніжаны яшчэ да іх прыезду ў Літву. Па словах віцэ-канцлера, Літва плаціць столькі, колькі можа, аднак прадстаўнік ААН падкрэсліла, што ўцекачам трэба надаць больш увагі, каб яны маглі паспяхова інтэгравацца.

«Становішча бежанцаў часта бывае складаным. Часта яны маюць патрэбу ў спецыяльных мерах, каб маглі стаць роўнымі з мясцовымі. Гэта варта ўлічыць пры вырашэнні пытання сацыяльнай дапамогі», — сказала прадстаўнік ААН Карын Дэвін.

Літве прыйдзецца інтэграваць больш за 1000 бежанцаў, якіх перавядуць з Грэцыі і Італіі. Патокі мігрантаў у гэтым годзе не памяншаюцца, штодня прыбывае па некалькі тысяч, аднак працэс перамяшчэння тармозіцца. Па словах віцэ-канцлера, ужо выбрана 10 бежанцаў, якія павінны былі прыехаць у лютым, аднак яны прапалі ў Грэцыі. Паколькі пасля рэгістрацыі яны паўгады могуць свабодна перамяшчацца па ЕС, таму іншыя адабраныя людзі прыедуць толькі ў сакавіку.

За паўгода ЕС размеркаваў 500 бежанцаў, а ўсяго з Італіі і Грэцыі павінны перавесці больш за 100 000 чалавек. Афіны кажуць, што самі краіны ЕС выбіраюць бежанцаў і ўскладняюць іх перасоўванне. Еўракамісія патрабуе ад усіх краін ЕС ажыццяўляць дамоўленасць, а Грэцыя і Італія - хутчэй стварыць цэнтры рэгістрацыі, каб іншыя краіны хутчэй маглі прыняць бежанцаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?