13.02.2016 / 21:49

Новая беларуская ваенная дактрына — адказ на палітыку Пуціна?

Мінск не зможа даць рады новым рызыкам без супрацоўніцтва з іншымі краінамі ў рэгіёне і за яго межамі. Але ён робіць тое, што можа рабіць. Піша Сяргей Богдан.

Аляксандр Лукашэнка ўхваліў змены ў ваенную дактрыну Беларусі. Яны сведчаць пра фундаментальны зрух у мысленні беларускіх элітаў. Навучаны ўкраінскім ўрокам, Мінск робіць ваенную бяспеку пытаннем найвышэйшай прыярытэтнасці.

Беларускія стратэгі вызначылі тыя новыя пагрозы, якім Беларусь мусіць супрацьстаяць. Яны ўключаюць у сябе гвалтоўныя палітычныя змены, якія могуць прыйсці з Украіны і ад прамаскоўскіх сілаў, гатовых паўтарыць украінскі сцэнар у Беларусі.

Мінск таксама пераацэньвае свой саюз з Расіяй. На працягу многіх гадоў Крэмль ігнаруе інтарэсы Беларусі і схіляецца да ўсё больш шавіністычнай палітыкі. У прыватнасці, на мінулым тыдні прэзідэнт Расіі Ўладзімер Пуцін раскрытыкаваў міжнародныя межы савецкіх часоў за іх «адвольнасць», маючы на ўвазе, што яны могуць быць змененыя праз крымскі або данбаскі сцэнар.

Мінск ідэнтыфікуе пагрозы

22 студзеня Лукашэнка ўхваліў змены ў ваенную дактрыну Беларусі, якая заставалася нязменнай з 2001 года.

Выяўляючы патэнцыйныя ваенныя пагрозы, новая рэдакцыя дактрыны згадвае гібрыдную вайну і каляровыя рэвалюцыі – тэрміны, што маюць вельмі дакладнае значэнне ў беларускім і рэгіянальным кантэксце.

Гібрыдная вайна адсылае да магчымасці расійскага ўмяшання, накшталт таго, што адбылося ва Украіне. А каляровыя рэвалюцыі паказваюць на Захад, як мяркуе вайсковы тыднёвік IHS Jane's. Але гэта пытанне спрэчнае.

Мінск сапраўды тоіць падазрэнні, што хтосьці на Захадзе збіраецца скінуць Лукашэнку, але ў апошнія гады беларускія чыноўнікі найчасцей называлі Украіну ў якасці крыніцы дэстабілізацыі. Напрыклад, незадоўга да прэзідэнцкіх выбараў у кастрычніку 2015 года дзяржаўны тэлеканал паведаміў пра «200 узброеных ўкраінцаў», затрыманых на мяжы. [Ніякіх доказаў гэтаму ці пацвярджэння інфармацыі не было. – Рэд.]

Хаця Лукашэнка згадвае распад дзяржавы ў Лівіі, Сірыі і Емене ў якасці прыкладаў магчымых сцэнароў, якія ён хоча прадухіліць, Мінск перагледзеў сваю ваенную дактрыну толькі пасля крызісу і канфлікту ва Украіне.

Сцеражыся саюзнікаў

Каментуючы будучыя змены ў ваеннай дактрыне, восенню мінулага года міністр абароны Андрэй Раўкоў сцвярджаў, што Беларусь не разглядае ніякія замежныя дзяржавы ў якасці ворагаў і дадаў: «Але мы, вядома, не саступім сваю тэрыторыю і будзем выкарыстоўваць любыя сілы і сродкі, у тым ліку ваенныя, каб пазбегнуць гэтага».

У гэтай афіцыйнай фармулёўцы заключаўся сігнал экстрэмісцкім элементам у Расіі: не спрабаваць здзейсніць у Беларусі нічога, падобнага да ўкраінскіх падзей.

Раўкоў толькі далей развіў ранейшыя заявы Лукашэнкі, які не раз публічна папракаў урад Украіны за «адмову ад сваіх земляў [у Крыме]» і грэбліва выказваўся пра ўкраінскую армію, якая не здолела абараніць краіну.

Беларусь застаецца саюзнікам Расіі, але Менск лічыць гэты стастус ўсё менш і менш карысным, і таму спрабуе перафармуляваць саюз. Беларускае кіраўніцтва бачыць небяспеку ва ўцягванні краіны ў чужыя войны ў выніку супрацьстаяння паміж Расіяй і іншымі дзяржавамі.

У сваіх папярэдніх заявах Лукашэнка характарызаваў саюз з Расіяй у якасці абавязацельства з агаворкамі. 30 кастрычніка, выступаючы перад камандзірамі нацыянальных Узброеных сіл, ён сказаў: «Наяўнасць саюзнікаў з'яўляецца важным фактарам у захаванні нашай ваеннай бяспекі. Тым не менш, мы будзем будаваць механізм калектыўнай абароны ў адпаведнасці з нашымі нацыянальнымі інтарэсамі».

Масква не дае зброі беларусам

Найпершая прычына для Мінска перагледзець умовы свайго саюза з Расіяй знаходзіцца ў самой Маскве. Крэмль часта адмаўляецца мець справу з Беларуссю на саюзніцкіх умовах і не хавае гэтага. Самы вядомы прыклад — Масква хавала ад Мінска інфармацыю пра свае намеры на ранніх стадыях расійскай аперацыі па анэксіі Крыма.

Нягледзячы на лямант пра пашырэнне NATO, Расія забяспечвае толькі мінімальную падтрымку беларускай арміі, якая мае вострую патрэбу ў абсталяванні. Гэта тычыцца нават самых важных для Расіі сфераў – супрацьпаветранай абароны. Пасля многіх гадоў затрымкі Крэмль даў Беларусі патрыманыя ды спісаныя зенітна-ракетныя сістэмы С-300 самай старой мадэлі. У той час як Масква збіраецца пастаўляць Ірану мадэлі С-300 1990-х гадоў, Мінск атрымлівае ад Масквы С-300 пачатку 1980-х.

Такім жа чынам, гаворачы пра ўсё шчыльнейшае ваеннае супрацоўніцтва, Расея дае Беларусі толькі экспартныя мадэлі іншага ЗРК, Тор-М2Э. У параўнанні з мадэлямі, якія пастаўляюцца расійскай арміі, яны маюць абмежаваныя характарыстыкі. Да таго ж, Беларусь атрымала Тор толькі пасля таго, як Масква вымусіла Мінск саступіць у пытанні расійскай авіябазы.

Іншыя прыклады таксама паказваюць падобнае стаўленне Крамля да Беларусі. Многія расійскія аналітыкі прызнаюць, што беларускае войска забяспечвае асноўную частку абароны Масквы з захаду. Негледзячы на гэта, Масква на працягу многіх гадоў адмаўляецца даць беларусам самалёты новага пакалення.

Беларускае войска мае толькі некалькі старых знішчальнікаў і зусім не мае бамбавікоў, а таксама плануе вывесці з эксплуатацыі самалёты авіяцыйнай падтрымкі сухапутных войскаў. Такім чынам, сістэма супрацьпаветранай абароны Беларусі застаецца дзіравай, а сухапутныя войскі маюць невялікую карысць без авіяпадтрымкі.

Апошні рубель — на войска

Цяперашняя эканамічная сітуацыя ў Беларусі ў параўнанні з 2010 годам значна пагоршала: у 2015 годзе ВУП упаў на 3,5%, інфляцыя і дэвальвацыя застаюцца нязменна высокімі. Аднак Лукашэнка настойвае, што «апошні рубель ў дзяржаўным бюджэце мы патрацім на бяспеку нашых грамадзян». Каб падкрэсліць сваю думку, ён зноў прыгадаў сітуацыю ва Украіне, маючы на ўвазе, што недастатковая ўвага да бяспекі зрабіла з яе цацку ў руках вялікіх дзяржаў.

Выглядае, што беларускі ўрад ставіцца да гэтага пытання сур'ёзна. Нягледзячы на эканамічныя цяжкасці, ён знайшоў рэсурсы для праектаў у сферы ваеннага або двайнога прызначэння – напрыклад, праектавання і вырабу сістэмы залпавага агню і іншых відаў зброі разам з кітайскімі і, імаверна, украінскімі кампаніямі. Ён таксама накіраваў рэсурсы на рамонт старых беларускіх знішчальнікаў, паставіўшы інтарэсы нацыянальнай бяспекі над эканамічнымі разлікамі.

Толькі нешматлікія эксперты заўважылі гэтыя тэхнічныя дэталі, у той час як прыняцце новай ваеннай дактрыны прыцягнула значна больш увагі. Дактрына, аднак, ёсць толькі адным невялікім відавочным прыкладам фундаментальных зменаў у беларускай замежнай палітыцы і палітыцы бяспекі, выкліканых курсам Пуціна на постсавецкай прасторы. Мінск не зможа даць рады новым рызыкам без супрацоўніцтва з іншымі краінамі ў рэгіёне і за яго межамі. Але ён робіць тое, што можа рабіць.