Міністэрства па падатках і зборах можа атрымаць права патрабаваць дэкларацыі аб даходах і маёмасці грамадзян менш чым за каляндарны год.

Такая норма прадугледжана законапраектам «Аб унясенні зменаў і дапаўненняў у закон Рэспублікі Беларусь «Аб дэклараванні фізічнымі асобамі даходаў і маёмасці», які рыхтуецца да першага чытання ў парламенце.

Дакумент 15 лютага разглядаўся на пашыраным пасяджэнні пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў.

Згодна з новаўвядзеннямі, дзеянні закона не будуць распаўсюджвацца на дэклараванне даходаў і маёмасці дзяржслужачых, бо нормы ў дачыненні да іх устаноўленыя прынятым у мінулым годзе законам аб барацьбе з карупцыяй. Праект дакумента таксама дапаўняе пералік дзяржорганаў, якія могуць запатрабаваць дэкларацыі ў грамадзян. Такім правам надзяляецца Следчы камітэт.

Адным з асноўных прапанаваных новаўвядзенняў намеснік міністра па падатках і зборах Святлана Шаўчэнка назвала скарачэнне тэрміну, за які можа быць запатрабаваная дэкларацыя — зараз атрымаць звесткі аб даходах і выдатках грамадзян можна не менш чым за адзін каляндарны год.

«З чым сутыкнуліся на практыцы: часцяком праваахоўныя органы выяўлялі нядобрасумленных асоб, накіроўвалі запыт у падатковыя органы аб супастаўленні даходаў і расходаў у бягучым годзе. Але за бягучы год дэкларацыю запатрабаваць магчымасці няма, законам гэта не прадугледжана», — адзначыла яна. Таму, удакладніла Шаўчэнка, падатковым органам прапануюць даць права запатрабавання дэкларацыі за некалькі месяцаў бягучага каляндарнага года.

Акрамя таго, дакладна абмяжоўваецца тэрмін на тлумачэнні ў выпадку, калі выдаткі грамадзяніна перавышаюць яго даходы: сёння фізічным асобам даецца 30 дзён на тлумачэнні, але на практыцы, адзначыла намеснік міністра, падаткаплацельшчыкі могуць неаднаразова мяняць свае тлумачэннi, і «гэта ператвараецца ў бясконцы працэс». Таму прапануецца па заканчэнні гэтых 30 дзён надзяліць МПЗ правам праводзіць разлік падаходнага падатку, не чакаючы тлумачэнняў з боку грамадзян.

Шаўчэнка ўдакладніла, што ў 2015 годзе падатковыя органы спагналі ў бюджэт ад асоб, чые выдаткі істотна перавышалі даходы, «44 млрд. рублёў жывых грошай».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?