Бурыя мядзведзі ў Беларусі сёлета пачалі выходзіць з зімовай спячкі раней, чым звычайна, паведаміў намеснік дырэктара па навукова-даследчай рабоце ГПУ «Бярэзінскі біясферны запаведнік» Валерый Іўковіч.

zoopicture.ru

zoopicture.ru

«Сёлета бурыя мядзведзі прачнуліся прыкладна на месяц раней, чым звычайна, свежыя сляды самцоў знойдзеныя ўжо ў трох лясніцтвах. Звычайна, калі няма зацяжной зімы, мядзведзі выходзяць са спячкі ў сакавіку», — распавёў Валерый Іўковіч.

Прычынай ранняга абуджэння, хутчэй за ўсё, стала адліга. Так, тэмпература паветра на тэрыторыі запаведніка ў пачатку лютага дасягала 5,6 градуса цяпла, што больш характэрна для красавіка.

«Хутчэй за ўсё, праз адлігу адбылося падтапленне бярлогаў у нізіннай мясцовасці, і жывёлы былі вымушаныя падняцца. Цяпер зноў выпаў снег, сіноптыкі абяцаюць невялікія маразы. Для жывёл ранняе абуджэнне не вельмі камфортнае, але, у прынцыпе, не крытычнае. Самае галоўнае для іх цяпер — знайсці корм, думаю, з гэтым праблем не ўзнікне», — дадаў намеснік дырэктара па навукова-даследчай працы.

Паводле дадзеных Валерыя Іўковіча, у Бярэзінскім запаведніку жывуць каля 35 бурых мядзведзяў. У апошнія гады іх колькасць расце.

Буры мядзведзь занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?