Столінскі раённы аддзел Следчага камітэта расследуе справу па ч. 3 арт. 209 КК (махлярства, здзейсненае ў буйным памеры) у дачыненні да 26-гадовай мясцовай жыхаркі.

Як паведаміла афіцыйны прадстаўнік упраўлення Следчага камітэта па Брэсцкай вобласці Марына Дранькова, жанчына падазраецца ў тым, што падманным шляхам пад маркай уступлення ў шлюб завалодала грашовымі сродкамі чатырох мужчын. Пры гэтым яна з 2009 года знаходзіцца ў афіцыйным шлюбе і мае на ўтрыманні трох малалетніх дзяцей.

У 2011 годзе зламысніца размясціла на адным з тэлеканалаў аб'яву аб жаданні пазнаёміцца з мужчынам. На яго адгукнуўся жыхар Мінска, 1978 года нараджэння. Мужчына патэлефанаваў жыхарцы Століна, адразу ж сказаў, што мае сур'ёзныя намеры, і калі яна замужам, то не стане працягваць камунікацыю. Махлярка схавала сваё сямейнае становішча і даслала фотаздымак іншай дзяўчыны, выдаўшы яго за свой.

Пасля зламысніца прызналася, што ў яе ёсць муж, з якім яна плануе развесціся. Далей жанчына праз сацыяльныя сеткі напісала мужчыну, што афармляе куплю кватэры ў Мінску, дзе яны змогуць жыць пасля рэгістрацыі шлюбу. Таму ён таксама павінен удзельнічаць у выдатках на набыццё кватэры.

«Жаніх» стаў ёй высылаць грошы паштовымі пераводамі. Для гэтага ён узяў шэраг крэдытаў у банку, прадаў асабісты аўтамабіль. Пры гэтым будучыя «маладыя» ні разу не бачыліся.

«Нявеста» прызначала яму восем спатканняў на аўтавакзале ў Лідзе, на якія пад рознымі падставамі не з'яўлялася. Усяго за перыяд зносін мінчанін перадаў жыхарцы Століна больш за 46 млн рублёў.

Таксама па просьбе «каханай» мужчына выслаў ёй сім-карту, аформленую на сваё імя. Дзякуючы гэтаму ён змог выявіць падман.

Мінчанін узяў раздрукоўку тэлефонных злучэнняў і звязаўся з абанентам, з якім часцей за ўсё размаўляла яго нявеста. Ім аказаўся «жаніх № 2» — жыхар Віцебскай вобласці 1985 г.н. Яго зносіны са зламысніцай пачалося ў чэрвені 2015 года на сайце знаёмстваў. Яму махлярка распавядала, што ў яе вельмі цяжкае матэрыяльна становішча, бо яна адна выхоўвае дзіця загінулага брата. Як і ў першым выпадку, жыхарка Століна таксама дала яму не сваю фатаграфію.

За паўгода мужчына выслаў ёй каля 78 млн рублёў, пры гэтым на спатканне з ім яна не згаджалася.

Калі ашуканыя мужчыны прапанавалі жыхарцы Століна добраахвотна вярнуць ім грошы, тая заявіла, што ў яе іх няма.

Пацярпелыя 31 снежня 2015 года прыехалі ў Столін, дзе сустрэліся са сваёй «нявестай». Там жа мужчыны звярнуліся ў праваахоўныя органы з заявай.

У ходзе разбору былі выяўленыя яшчэ двое пацярпелых ад аналагічнага махлярства жанчыны — жыхары Магілёўскай і Гомельскай абласцей (абодва 1983 года нараджэння), ад аднаго з іх яна атрымала 5 млн рублёў, ад другога — 2,5 млн.

Як адзначыла прадстаўнік УСК, у межах крымінальнай справы праводзяцца аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы і следчыя дзеянні, накіраваныя на выяўленне асоб іншых магчымых пацярпелых ад супрацьпраўных дзеянняў жыхаркі Століна.

Следства звяртаецца да падманутых грамадзян з просьбай патэлефанаваць па тэлефоне 8 (016 55) 6-16-71 або 102.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?