У 2015 годзе ў Мінску былі незаконна прыцягнутыя да крымінальнай адказнасці 11 чалавек. Пра гэта паведаміў на сустрэчы з журналістамі пракурор горада Сяргей Хмарук.

Паводле слоў пракурора, некаторыя з гэтых 11 грамадзян былі апраўданыя, у дачыненнi да iншых у выніку расследавання было прынятае рашэнне аб спыненні крымінальнага пераследу і рэабілітацыі.

«У 2014 годзе было 15. Але хіба можам мы казаць пра статыстыку? Нават калі б быў адзін незаконна прыцягнуты — гэта таксама была б нагода для размовы і з пракурорамі, і пракурора са следчымі», — падкрэсліў Хмарук.

Пры гэтым, паводле яго слоў, «нейкіх сістэмных праблем у працы ўпраўлення Следчага камітэта па Мінску няма». «Паводле нашай ацэнкі, яно працуе рытмічна і досыць якасна. Нам удалося арганізаваць працу і па матэрыялах, якія накіроўваюцца з органаў унутраных спраў як органа дазнання, для распачынання і расследавання крымінальных спраў у следчых падраздзяленнях», — адзначыў Хмарук.

«Колькасць вернутых матэрыялаў з СК у МУС зменшылася шматкроць. Тым не менш, як правіла, рашэнне аб іх вяртанні ў органы дазнання следчымі прымаліся абгрунтавана ў 95% выпадкаў. Гэта значыць следчыя досыць аб'ектыўна ацэньваюць матэрыялы, што паступілі да іх з органаў унутраных спраў», — сказаў пракурор Мінска.

Пры гэтым, паводле яго слоў, «праблемы, якія ўзнікаюць па канкрэтных крымінальных справах або па матэрыялах ў рознай крымінальна-прававой ацэнцы, былі заўсёды, ёсць і будуць». «Але гэта асобныя, досыць дыскусійныя пытанні, з якімі павінны разбірацца прафесіяналы — следчыя і пракуроры», — канстатаваў Хмарук.

У выніку, паведаміў ён, пракурорамі летась былі распачатыя 163 крымінальныя справы. «Пракуроры былі вымушаныя ўмяшацца ў працэс зносін паміж органамі дазнання і следства, бо былі выяўленыя прыкметы злачынстваў», — растлумачыў Хмарук.

Ён таксама зазначыў, што ёсць выпадкі незаконнага распачынання крымінальных спраў. У 22 выпадках у мінулым годзе пракуроры адмянілі пастановы аб распачынанні крымінальных спраў «там, дзе няма злачынных замахаў». Дзве крымінальныя справы, якія былі распачатыя, расследаваныя, пракуроры спынілі. «Матэрыялы былі няякасныя і ацэнка непісьменная», — канстатаваў пракурор Мінска.

112 крымінальных спраў пракуроры вярнулі следчым у сувязі з няякасным расследаваннем. У 50 выпадках у судах дзяржабвінаваўцамі былі выстаўленыя новыя абвінавачванні. «Дзяржаўныя абвінаваўцы вымушаныя былі гэта зрабіць», — зазначыў пракурор Мінска.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?