Чалавечае жыццё кароткае, яшчэ карацейшая людская памяць. Даследчыкі кажуць, што гістарычная памяць простага люду сягала заўсёды толькі некалькіх пакаленняў — «унук-бацька-дзед». Далей ішлі катэгорыі: казка — легенда — забыццё.

Да эпохі масавага друку ўсе нашыя перамогі пад Грунвальдам, Воршай і Сінімі Водамі захоўвалі ў памяці толькі летапісы, хронікі ды прадстаўнікі вышэйшых станаў. Захавальнікамі памяці былі адзінкі: з шляхты, святарства, людзей навукі — нацыянальная эліта. Вынішчэнне беларускасці цягам апошняга стагоддзя звяло амаль на нішто і тыя парасткі сведамасці — бо без знаку зніклі і шляхта, і святарства, і ўвесь цвет нацыянальнай інтэлігенцыі.

У такіх варунках асабліва яскравымі асобамі паўстаюць тыя нямногія, хто адчуў пакліканне да беларускасці насуперак нашай рэчаіснасці. Абсалютная большасць з іх застаецца невядомай шырокаму свету. Гэта настаўнікі, краязнаўцы, работнікі маленькіх забытых Богам музейчыкаў, кіраўнікі мастацкіх гурткоў…

Адным з такіх пакліканых у свой час стаўся і Алесь Юркойць — мытнік, які рабіў вакол сябе Беларусь… У апошні час выйшаў шэраг матэрыялаў з пералікам яго немалых заслуг, але я ўзгадаю толькі адну яго справу.

Апошнія гады Алесь быў апантаны ідэяй належным чынам адсвяткаваць 150-я ўгодкі паўстання Каліноўскага. Тое, што дзяржава не збіралася гэтага рабіць, а нацыянальная інтэлігенцыя, як заўсёды, пусціла ўвесь запал на абмеркаванне, яго не засмучала — Алесь меў свой план. Быў падрыхтаваны двухдзённы летнік-канцэрт на пляцоўцы адпачынку ля возера Кайміна, што пад Астраўцом. Былі запрошаныя дзясяткі ўдзельнікаў: музыкі і літаратары, рыцарскія клубы і мастакі, фактычна былі згодныя і мясцовыя ўлады… Імпрэза мелася стаць самай значнай падзеяй у маштабах краіны з гэтай нагоды. Але не сталася: за пару дзён да пачатку нервы ў раённага начальства не вытрымалі і дазвол быў адкліканы. На месцы святкавання з’явіліся патрулі міліцыі, што пільна сачылі за ваколіцамі ды запісвалі нумары падазроных машынаў… Расчараванне было вялікім. Але ў Юркойця меўся яшчэ адзін элемент праграмы — помнік паўстанцам!

У глухім кутку паўстаў абеліск, што зрабіў бы гонар і Вільні, і Мінску — велічны крыж-меч! З надпісам кірыліцаю і лацінкаю: «Каго любіш? Люблю Беларусь! То ўзаемна!»

Цяпер няўрымслівага мытніка далучылі да бруднай карупцыйнай справы… Дагэтуль не вырашаны лёс помніка. Не вырашаны і лёс яго стваральніка — ужо год ён знаходзіцца ў СІЗА на Валадарскага.

Я ўпэўнены, што ён і надалей бы застаўся ў шэрагах невядомых, робячы сваю справу, каб не патрапіў пад руку нашай неразборлівай і бязлітаснай феміды. Чакаць не выпадае — толькі грамадская ўвага да справы можа змяніць сітуацыю, інакш на нашым полі паменее яшчэ на аднаго ваяра, што варты цэлага войска.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?