Кожны раз, калі праходжу побач з кавярняй «Задыяк» у Львове, мяне кідае ў дрыжыкі. Цяпер яе дзверы наглуха зачыненыя ралетам, на ганку не паляць наведнікі ды не стаіць чорная рэклама-­раскладушка з абяцаннямі зніжак для студэнтаў. Кавярня была рэхам 90­-х, з кічаватым камінам, пустым акварыумам і фрэскамі ў выглядзе знакаў задыяка на сценах ды столі. Калісьці там тусілі бандыты са сваімі шлёндрамі, апошнім часам — студэнты Палітэхнікі. Мяне з тым месцам звязвала толькі адна сустрэча.

Гэты беларус з’ехаў ва Украіну нібы з палітычных прычынаў. Я дамовіўся сустрэцца з ім, разлічваў на інтэрв’ю з парай-­тройкай фота: чаму з’ехаў, як жывецца, погляд на ўкраінскія справы і — далей у такім духу. Такая сабе халтура падчас адпачынку.

Лайфаўскі нумар хлопца мне падказалі знаёмыя з нацыянал-анархістаў, да якіх той хлопец, Багдан Навіцкі, прыбіўся пасля ад’езду з Беларусі.

Сустрэцца я прапанаваў у «Панараме», кавярні на апошнім паверсе гатэля «Днестр». Багдан, ці Бодзя, як тут кажуць, пасля паўзы пагадзіўся на сустрэчу, але прапанаваў іншую кропку — кавярню «Задыяк», зусім побач, пяцьдзясят метраў ад гатэля.

Амерыкана — найкруцейшая кава, асабліва калі ты журналіст. Яе можна замаўляць, не зазіраючы ў меню. Блакнот, асадка, дыктафон — усё гатова. На Багдана я чакаю за сталом у самым куце. З паўпадвальнага памяшкання кавярні праз вокны бачныя ногі мінакоў, падкатаныя джынсы, берцы, красоўкі. Наведнікаў няма.

Багдан спазніўся хвілін на дзесяць, патлумачыўшы заторамі на Гарадоцкай. Узяў эспрэса і шклянку вады. На выгляд хлопцу год трыццаць, светлыя валасы, выцягнуты твар з прамым носам, выразныя шэрыя вочы.

Багдан папрасіў папяльнічку і закурыў. Тут, аказваецца, можна паліць, я не ведаў. Мо таму сустрэча і перанесеная сюды?..

— Што Вас цікавіць?

— Па-­першае, чым ты займаўся ў Беларусі? Ці затрымлівалі? Чаму з’ехаў?.. Калі хочаш, прыдумай сабе нейкае псеўда для артыкула, як лічыш, што, напрыклад, у родных будуць праблемы…

Насуперак канонам журналістыкі я наваліў адразу купу пытанняў. Нічога, пасля падрэдагую і разаб’ю на асобныя тэмы. Мой суразмоўца запаліў цыгарэту і пачаў — дзелавіта і энергічна:

— Я тады вучыўся на гістфаку ў Горадні, кафедра «Гісторыя славянскіх народаў». Пачынаючы з чацвёртага курса я выконваў пэўныя просьбы сваіх сяброў, працаваў у студэнцкім асяроддзі…

Я аўтаматычна глянуў на дыктафон, дзе высвечваліся лічбы ды ламаны графік гуказапісу. Запіс ішоў. Багдан, злавіўшы мой позірк, пасміхнуўся і працягваў.

— …я задаваў выкладчыкам нязручныя палітычныя пытанні на парах, цікавіўся, ці гатовыя студэнты да акцыяў пратэсту ў выпадку падвышэння аплаты, прамацваў, як ставяцца да апазіцыйных палітыкаў — акурат выбары былі на носе. Сярод іншага — я спрабаваў трапіць у розныя кампаніі, шукаў інтэлектуалаў…

Багдан зноў зацягнуўся і паглядзеў мне ў вочы.

— Ведаеш, ты хіба не пра гэта хацеў пагутарыць. Але я хачу нешта распавесці. Наўрад ці на тваім сайце гэта паставяць, але тым не менш. Ок?

— Без праблем.

— Дык вось. Я працаваў з рознымі кампаніямі інтэлектуалаў. Асабіста мне было цікава з тымі, хто чытаў Хайдэгера і Генона, на худы канец Дугіна. Майго …сябра, на жаль, цікавілі панылыя адэпты Сагановіча і Ластоўскага… Я, зрэшты, заўжды стараюся рабіць тое, што цікава мне. Ты ж таксама задаеш тыя пытанні, якія цябе цікавяць, каб атрымалася добрае інтэрв’ю. Інакш выйдзе прапаганда, штампы, як найчасцей і бывае на вашых сайтах.

Цікава, што ён добра размаўляў па­-беларуску як для анархіста ці нацыянал-­анархіста, якім я яго папярэдне лічыў.

— Карацей, аднойчы мяне запрасілі ў дзіўнае месца. Кватэра ў старой камяніцы, акурат на колішнім гарадскім вале — адзін з самых высокіх пунктаў горада. Першы паверх, ведаеш, каваныя парэнчы, шахаўніца з белай і чырвонай пліткі ў пад’ездзе. Кватэра належала нейкай старой, з яе здаваўся толькі адзін пакой, які нагадваў калідор — вельмі выцягнуты. Старую кватэру, мабыць, некалі парэзалі, так і атрымалася гэтая «кішка» ад увахода да акна. Сцены былі застаўленыя кнігамі. Там былі сотні, тысячы кніг. Самаробныя паліцы прагіналіся пад імі, недзе кніжкі стаялі адна на адной, утвараючы вежы да столі. Верхняга святла не ўключалі, гарэла заўжды толькі лямпа на пісьмовым стале пад акном. Стол быў увесь завалены нейкімі паперамі, здымкамі, кавалкамі крэменю ці акамянеласцямі… У гэтай келлі ці бібліятэцы, не ведаю, як назваць, збіраліся 3—4 чалавекі, адзін з якіх і запрасіў мяне.

Галоўная тэма іх размоваў — улада, якая мае прыйсці. Не, там не ішлося пра апазіцыйных палітыкаў, якія ў мяне заўжды выклікалі ўсмешку. Антыпатыі да дзейнага прэзідэнта таксама не выказвалі. Тое, што мелася прыйсці, на іх думку, павінна было змяніць усё сферы жыцця ва Усходняй Еўропе: палітыку, эканоміку, сацыяльную сферу. Новы лад, новы парадак, сацыял­алігархія. Гэта, дарэчы, іх тэрмін, нідзе больш не сустракаў.

Мадэратарам размоваў быў чалавек без узросту, ну, можа, год сарака. Чорны такі, смуглявы, нос кірпаты. У яго была праблема з нагамі — цяжка хадзіў ці то кульгаў, можа, таму сядзеў заўжды ў цемры, пад кніжнымі вежамі, а новазапрошаны госць — каля лямпы, за сталом. Гэты чалавек, Несцер, так яго называлі, быў такім сабе гуру. Ён ведаў усё, верыш? Каралеўскія дынастыі, даты ўсіх перамогаў Фрыдрыха Прускага, падвіды бунчукоў ды барабанаў у турэцкім войску, гэта ўражвала…

Размова ішла зусім не паводле плану, таму патрэбная была нейкая мадэрацыя з майго боку.

— Дык а што такое сацыял­-алігархія?

— А, ну так. Гэта лад, згодна з якім большасць нашых суграмадзянаў мае быць знішчана, ператворана ў рабоў ці памочнікаў у гета. Улада належыць невялікай колькасці ідэйных моцных і салідарных індывідаў — алігархаў. Яны кіруюць супольнасцю, знаходзяцца на вяршыні піраміды. Гэта мудрыя аскеты ў чорных фрэнчах, якім нічога не трэба ад жыцця, акрамя ўлады, падтрымкі і распаўсюду сваёй сістэмы. Іх свет — сістэма, уся рэшта — антысістэма, якая мае быць вынішчана і перароблена на іншы лад.

— Ну, і што тут арыгінальнага? Таталітарная мадэль на манер Оруэла, — я крыху расслабіўся і нават глытнуў астылай кавы.

— Не зусім. Гэта квінтэсэнцыя, стрыжань. Тое, што ёсць супольнага ў камунізме з нацызмам, у антыўтопіях ХХ стагоддзя. Дарэчы, пра Оруэла. Ён быў часткай «Вялікая Трыяды»…

— Чаго?

— «Вялікая Трыяда» — гэта Оруэл, Замяцін і Хакслі, аўтары, якія стварылі найцікавейшыя антыўтопіі ў мастацкай форме. Калі дадаць Стругацкіх і Лондана, «Жалезная пята», атрымаецца «Пяцікніжжа» — пяць кніг, якія чытаў кожны ўдзельнік гэтых… дыскусіяў. Хоць ніякай дыскусіі там не было. Было толькі меркаванне гэтага Несцера.

— Угу, — я паглядзеў у акно, за якім прайшоў нехта ў «бундэсе» ды амерыканскіх берцах, хіба атошнік.

Узгадка пісьменнікаў-­фантастаў мяне троху «дабіла».

— …Ты не ўяўляеш, наколькі ў гэтай канцэпцыі ўсё было распрацавана. Людзі падзяляюцца на некалькі катэгорыяў. Вышэйшыя, сярэднія і зброд. Зброд мае шмат падтыпаў, напрыклад, «прадажнікі»: кар’ерысты, айцішнікі, паспяховыя людзі, пазбаўленыя ідэі. Ёсць «атавісты» — людзі з традыцыйнай свядомасцю, сям’я­-дом-­машына, атавізмы мінулага. Вышэйшыя — інтэлектуалы, вышэйшыя­-ідэйныя — інтэлектуалы, якія трымаюцца канцэпцыі сацыял-­алігархіі…

— Гэта была нейкая секта?

— Ды не, яны ж не пакланяліся нікому. Хутчэй, нейкі гурток або таварыства. Але са сваёй вычварнай ідэалогіяй. Разумееш, згодна з ёй, — Багдан паказаў шыхт белых зубоў, — людзі без ідэі нічога не вартыя, іх трэба саджаць у гета. Дарэчы, гета — зручна ствараць у мікрараёнах: у шматпавярховіках…

— …І доўга ты туды хадзіў?

— Я …далажыў пра ўсё. Мне падзякавалі, але праз два тыдні параілі больш туды не лезці, а займацца ўладальнікамі значыкаў «За НякляеVа!» ды зборшчыкамі подпісаў…

— І ты не хадзіў больш?

— Схадзіў. Яшчэ раз, — Багданаў твар пасур’ёзнеў, — там ужо не было нікога. Дзверы кватэры адчыніла старая. Сказала, што пакой зноў здаецца. Прапаноўвала ўзяць па добрай цане, пакуль аб’ява не трапіла ў газеты… Мой знаёмы па гістфаку, які мяне туды запрасіў упершыню, таксама знік. На факультэце я яго больш не бачыў.

— Ну, цікава. І ўсё? — я ўжо быў гатовы прасіць у чарнявай афіцыянткі рахунак.

— Амаль. Паўгода таму на СТВ я выпадкова ўбачыў сюжэт, дзе малады хлопец у пінжаку з зачосам набок даваў інтэрв’ю з нагоды выбараў у Польшчы, распавядаў пра групоўкі і палітычныя колы там — праеўрапейскія і праамерыканскія. Пра небяспеку рэваншу польскіх правых, пасоўвання мяжы на стан 1939 года… У такім духу. Падпісаны быў як «политолог, центр «Гиперборея». Гэта быў ён.

— Несцер гэты?..

— Не­е, той, з гістфака. Гурэвіч прозвішча. Я пагугліў крыху, аказалася, ён ужо паспеў скончыць Акадэмію кіравання пры прэзідэнце, удзельнік еўразійскіх форумаў, аналітык, стваральнік цэнтра «Гіпербарэя».

— О, цікава! — я ўсміхнуўся, але Багдан заставаўся сур’ёзным.

— Тады я канчаткова прыняў рашэнне з’ехаць.

— А… чаму?

— Што «чаму»? Значыць, усе пра ўсё ведалі. Усе гэтыя дзівакі, «гарадскія сумашэдшыя», якія абчыталіся навуковай фантастыкі, Троцкага ды Шпенглера, яны былі пад кантролем. І іх пачалі даставаць з далёкай шуфляды, дзе яны чакалі свайго часу. Так, я нагугліў яшчэ аднаго, чыё прозвішча было мне вядома. Ёсць інтэрв’ю ў інтэрнэце, ён семінарыст і арганізатар праваслаўных спартовых клубаў для моладзі на Берасцейшчыне.

— А Несцера нагугліў?

— Не. Я не ведаю нават прозвішча.

— То бок Вы… ты баішся вяртацца ў Беларусь?

— Давай не будзем пра страх, — Бодзя дастаў яшчэ цыгарэту. — Зразумей. Як гісторык табе скажу. Перад кожным пераломам і паўстаннем новага таталітарнага рэжыму не­дзе ў падваротнях ды закутках бібліятэк корпаюцца такія дзівацкія кампаніі. І калі іх нешта ці нехта кліча — яны выпаўзаюць з кніжных пячораў, каб расказаць усяму свету, хто вінаваты і як жыць. Як у фантаста Лаўкрафта. «Кліч Ктулху», чытаў? Тысячагоддзямі пад вадой жыла пачвара, якая праз сны заклікала розных людзей да практыкі свайго культу. І гэтым дзівакам «сніцца» ў іх кніжных мроях панаванне над думкай, аўтарытэт, новы свет з сабой на чале.

Я ўдумліва пахітаў галавой па нормах журналісцкай этыкі.

* * *

З Багданам я сустракаўся яшчэ разы два. Нічога прынцыпова новага ён не сказаў. Пагутарылі, пазгадвалі Менск, Горадню… У Львове я пачаў бываць рэгулярна. А пасля Багдан знік. Нібы расшчапіўся на малекулы. Ягоныя ўкраінскія кенты толькі разводзілі рукамі.

З часу нашай першай сустрэчы мінуў год. Цэнтр «Гіпербарэя» стаў мільгаць па ТВ ледзьве не кожныя выходныя. Пра казацкі летнікі ды «сетку сепаратыстаў», якая нібы выбудоўваецца вакол прыходаў праваслаўнай царквы, не пісаў толькі лянівы. Я шмат разоў згадваў Багдана і яго вусцішныя аповеды: пра гета ў шматпавярховіках ды алігархаў у чорных фрэнчах…

Праглядаючы навіны, я мімаволі шукаю «Несцера». Такім, якім мне яго апісаў Багдан. Кірпаты, смуглявы, кульгавы… Калі ў «Контурах» або «Панараме» з’явіцца гэты эксперт? Калі яго выкарыстаюць? Або наадварот, гэта ён — выкарыстоўвае?..

Я гляджу ў акно, на заснежаны дзіцячы садок з анямелымі арэлямі, чорнымі венікамі кустоўя, крытымі шыферам пляцоўкамі з сілікатнай цэглы з наіўнымі кветкамі на сценах… Праз гадзіну зусім сцямнее і па­над усім гэтым, нібы змрочнае сонца, узыдзе Вялікі Воз або Вялікая Мядзведзіца, Гіпербарэя, як яе называлі грэкі.

Трэба брацца за працу, каб зноў не класціся а трэцяй ночы… Дакумент на працоўным стале адчынены яшчэ з абеду, але я не ведаю, як яго скончыць.

 УКГБ РБ по г.Гродно и Гродненской области

Докладная записка

О мерах по поиску агента «Зодиак»

В ходе служебной командировки в г. Львов, Украина, мною были предприняты следующие действия для обнаружения агента «Зодиак», который перестал выходить на связь:

1.Поиск через средства мобильной связи

2.Поиск по временному месту жительства

3.Опрос знакомых агента «Зодиак» из числа неформальных группировок молодежи

В результате поисков…

* * *

Алесь Кіркевіч. Нар. 1989 у Гродне, у сям’і гісторыкаў. Быў адным з лідараў Маладога фронту. Пасля Плошчы­-2010 асуджаны на чатыры гады пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Памілаваны ў верасні 2011. Працуе журналістам­фрылансерам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?