Польскі кінарэжысёр Анджэй Жулаўскі, вядомы па фільмах «Галоўнае — кахаць» і «Апантаная», памёр ад раку ва ўзросце 75 гадоў, паведамляе Асацыяцыя кінематаграфістаў Польшчы.

Да найбольш выбітных фільмаў Жулаўскага належаць вольная экранізацыя рамана «Ідыёт» Фёдара Дастаеўскага пад назвай «Шальное каханне» (1985) і фільм-опера «Барыс Гадуноў» (1989).
У многіх фільмах Жулаўскага галоўную ролю выканала французская актрыса Сафі Марсо, якая была яго жонкай з 1984 па 2001 год.

У стужках Жулаўскага таксама здымаліся такія акцёры, як Ромі Шнайдэр, Клаўс Кінскі і Ізабель Аджані.
Некаторыя карціны Жулаўскага выклікалі скандалы і спрэчкі праз вялікую колькасць гвалту і эротыкі на экране, а яго містычны фільм жахаў «Д'ябал» (1972) быў забаронены да паказу ў Польшчы.
Жулаўскі атрымаў 16 узнагарод на розных міжнародных кінафестывалях. Ён напісаў некалькі раманаў.
Каментары