Juno, новы стартап заснавальнікаў VoIP-месэнждара Viber Ігара Магазінніка і Тальмана Марка, дэв-цэнтр якога месціцца ў Мінску, займаецца распрацоўкай новага анлайн-сэрвісу па замове таксі і абяцае стаць канкурэнтам звышпаспяховаму амерыканскаму стартапу Uber. Пра гэта ў інтэрв'ю Forbes паведаміў Марка.

Злева направа: Тальман Марка, Аляксей Мінкевіч, Ігар Магазіннік. Фота dev.by

Злева направа: Тальман Марка, Аляксей Мінкевіч, Ігар Магазіннік. Фота dev.by

Па словах Тальмана Марка, Juno, які знаходзіцца ў працэсе распрацоўкі, валодае «шэрагам пераваг, якія будуць адрозніваць яго ад іншых падобных сэрвісаў на рынку».

Хутчэй за ўсё, адзначае Forbes, галоўным адрозненнем новага амбітнага сэрвісу стануць яго адносіны з кіроўцамі-партнёрамі. У адрозненне ад Uber, які ўстанавіў 20-працэнтны памер камісіі з кожнай паездкі, Juno плануе браць толькі 10 працэнтаў. Акрамя гэтага, стартап «зарэзерваваў» за кіроўцамі роўна палову акцый кампаніі.

«Мы верым у тое, што прыйшоў час для таксі-сэрвісу, які ставіцца да кіроўцаў правільна. Прыйшоў час для этычна правільнага сацыяльна адказнага сэрвісу. Якраз гэтым мы і займаемся», — адзначыў Марка ў інтэрв'ю Forbes.

Як паведамляе Forbes, у Нью-Ёрку ўжо адбыўся сакрэтны запуск сэрвісу Juno, аднак замовіць машыну пакуль немагчыма. Стартап плаціць 25 даляраў у тыдзень кіроўцам Uber толькі за тое, каб падчас паездак па звычайных маршрутах тыя таксама выкарыстоўвалі аплікацыю Juno.

Марка называе гэты збор дадзеных «бэта-тэставаннем сэрвісу»: «Каб пераканацца, што ўсё працуе ў маштабе. Акрамя гэтага, сабраныя дадзеныя даюць нам магчымасць зразумець заканамернасці, паводзіны ўдзельнікаў дарожнага руху, гадзіны актыўнасці і гэтак далей», — прызнаецца Марка.

Прадстаўнік аналітычнага агенцтва CBInsights Ананд Санвал, які раскрыў сакрэт распрацоўкі Juno, паведаміў, што ў стартапа ёсць каманда інжынераў у Ізраілі. Акрамя таго кампанія арандавала офіс плошчай амаль за 1 000 квадратных метраў у цэнтры Манхэтэна.

У красавіку 2015 у інтэрв'ю dev.by Марка і Магазіннік упершыню распавялі пра «паступовы» сыход з Viber і запуск новага стартапа. Амаль за год памер мінскага офіса Juno Lab перавысіў 40 чалавек, аднак тое, чым займалася каманда, трымалася ў строгім сакрэце. Першым членам і кіраўніком новай каманды стаў Аляксей Мінкевіч, які да гэтага прапрацаваў 15 гадоў у кампаніі IBA.

«Кожны раз пры пераходзе з кампаніі ў кампанію (а ў мяне гэта ўжо трэці «раўнд») я спрабую ўлічыць усё, што зроблена на папярэднім этапе: што спрацавала, а што не. Ёсць адна рэч, якую я выразна зразумеў за час працы ў Беларусі: цэнтр распрацоўкі тут — гэта вельмі добрая ідэя. Мы абсалютна не абавязаныя будаваць новую кампанію менавіта тут і не давалі абяцанняў ў духу Шварцэнэгера: I'll be back. Але мы знайшлі тут распрацоўшчыкаў найвышэйшага класа — як прафесійна, так і чыста па-чалавечы, — растлумачыў прычыну адкрыцця офіса Juno у Мінску Тальман Марка. — Цяпер мы можам узяцца за нешта, што патэнцыйна нават круцей і больш, чым Viber. Хочацца, каб беларускія распрацоўшчыкі сталі нашымі саюзнікамі ў гэтай справе, прычым толькі найлепшыя з найлепшых».

Сэрвісы Uber сёння даступныя ў 65 краінах і амаль у 400 гарадах свету. Капіталізацыя кампаніі складае па розных ацэнках звыш за $60 млрд.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?