У канцы студзеня ў жодзінскай турме раптоўна памёр 36-гадовы зняволены Алег Багданаў. У Рэдакцыю звярнулася яго маці — яна ўпэўненая, што яе сын, які меў праблемы з сэрцам, памёр праз халатнасць персанала. Пра гэта ж сведчаць і яго лісты.
Партрэт загінулага сына стаіць у маці на стале.
Хацеў у вайскоўцы, а трапіў у інваліды
Пасля заканчэння школы будучыня Алега Багданава, здавалася, была вырашана — здаровы спартыўны хлопец, кандыдат у майстры спорта па мнагабор’і, ён марыў стаць вайскоўцам, як і бацька. Хлопец паступае ў Вайсковую акадэмію, аднак скончыць яе ён так і не зможа. Праз год у яго знаходзяць прыроджаны парок сэрца. Алега камісуюць.
Тады Багданаў паступіў на эканаміста ва Універсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі. Адвучыўся, пайшоў на працу. Стаў начальнікам аддзела забеспячэння будаўнічага ўпраўлення.
Багданаў стаяў на ўліку ў кардыялагічным цэнтры, рэгулярна абследаваўся, але з аперацыяй марудзіў. Па словах маці, ён, па-першае, не хацеў атрымліваць інваліднасць, а па-другое — банальна баяўся. Усё ж аперацыя сур’ёзная, ці мала што. Аднак, у 2014 годзе дактары паставілі 34-гадоваму Алегу ўльтыматум — аперацыя патрэбная тэрмінова, больш чакаць ужо нельга. Той з неахвотай пагадзіўся і лёг пад нож. Пры абследаванні перад аперацыяй высветлілася, што ў Алега бракуе яшчэ і аднаго клапана ў сэрцы — замест яго паставілі пратэз. Багданаў атрымаў ІІІ групу інваліднасці.
Трапіў за краты за бойку
Апошні час Багданаў жыў з бацькамі. У пятніцу, 21 жніўня 2015 года, Алег атрымаў пенсію па інваліднасці. На ноч дамоў не прыйшоў. На наступны дзень у кватэры Багданавых раздаўся званок — высветлілася, што здарылася бойка, Алег трапіў у міліцыю і просіць маці прывезці лекі. Маці, Марына Георгіеўна, паехала ў аддзяленне.
«Калі я яго ўбачыла… Ён выглядаў проста жудасна, — кажа маці. — Ён быў увесь пабіты».
У міліцыі Алегу ўжо выклікалі хуткую. Дактары адзначылі, што ў Багданава зламанае рабро, удары, а таксама праверылі на алкаголь. У яго крыві знайшлі 0,53 праміле.
Маці спадзявалася, што сына адпусцяць у панядзелак. Але высветлілася, што ўсё не так проста.
Па словах сведкаў, Алег нападпітку падышоў да незнаёмай кампаніі, якая сядзела ў двары дома па вуліцы Маякоўскага. Неўзабаве пачаў задзіраць новых «прыяцеляў» — перабіў чужыя бутэлькі з алкаголем, пагражаў людзям «розачкай», кідаў у іх аскепкамі бутэлек, затым адмовіўся падпарадкоўвацца міліцыянтам, пагражаў «розачкай» і ім.
Спачатку Багданава адвезлі на Акрэсціна. Затым перавялі ў СІЗА жодзінскай турмы №8. Перад судом і пасля яго ён быў на Валадарцы.
Маці была ўпэўненая (і ўпэўненая па сёння), што Алега падставілі, што ён ні ў чым не вінаваты. Сам ён таксама віну не прызнаў.
Але тут трэба адзначыць, што ў Алега Багданава і раней не раз узнікалі праблемы з законам. Нічога сур’ёзнага, але то хуліганства, то прычыненне не цяжкіх цялесных па неасцярожнасці… У зняволенні Багданаў не быў, але ў 2013 годзе ён усё ж атрымаў тры гады «хіміі» — ізноў за хуліганства, за бойку. Праўда, тэрмін цалкам не адбыў — спачатку трапіў пад амністыю, затым атрымаў умоўна-датэрміновае вызваленне.
Марына Георгіеўна, маці Алега, паказвае брудны швэдар сына. Яна лічыць, што брудная вопратка сведчыць, што яго збівалі пры затрыманні
Суд улічыў, што Багданаў ужо меў судзімасці за хуліганства, а ў той вечар быў п’яны, што лічыцца дадатковым абцяжарваючым фактам, плюс яшчэ пагражаў і супраціўляўся міліцыі… У выніку ў канцы снежня 2015 года Алег атрымаў шостую судзімасць і чатыры гады пазбаўлення волі з накіраваннем у калонію ўзмоцненага рэжыму.
«Не будзе лекаў — хана будзе»
Але за кратамі далі аб сабе знаць праблемы са здароўем. Насамрэч яны ўсплывалі і раней, нават міліцыянты, якія затрымлівалі Алега, сведчылі, што ён біў сябе ў грудзі, казаў, што так «запускае сэрца».
І ў мінскай Валадарцы, і ў жодзінскай турме сэрца працягвала турбаваць Багданава. Алег пісаў бацькам лісты. Акрамя просьбаў перадаць тое ці іншае, у допісах хапае скаргаў на мясцовых дактароў. Багданаў сцвярджаў, што яго проста ігнаруюць. Вось вытрымкі з некаторых лістоў:
«Лекі я не атрымаў, а свае скончыліся. Стан храновы. Дактароў тут няма, ёсць толькі фельчары. Такіх лекаў, якія мне патрэбныя, яны не маюць. Калі не будзе лекаў, то хана будзе».
«Ён прымаў варфарын — каб пратэз не забіўся, трэба каб ішла кроў без згусткаў. Раз у два тыдні яму трэба было абавязкова здаваць кроў, кантраляваць увесь гэты працэс», — тлумачыць Марына Георгіеўна.
«Кроў бралі два разы, але вынікі не паведамляюць. Таблеткі не даюць, нічога не даюць. Напэўна, дактароў тут няма і ніхто нікога не лечыць».
Адзін з лістоў Алега Багданава.
«Усё ёсць, толькі лекі не перадалі».
«Сёння выклікаў лекара. Той сказаў, што лекаў, якія мне патрэбны, яны не маюць. Прыступы сталі часцейшыя, не ведаю, што рабіць! Калі заўтра тут нічога не з’явіцца, напішу на паскораны этап, каб хутчэй паехаць у лагер».
Яшчэ адзін ліст Алега.
«Дактароў няма. Ёсць фельчары, а ў іх — аспірын і валідол»
«Варфарын скончыўся. Тут яго выдаюць раз на тыдзень па 6 таблетак, кажуць, што больш няма». А гэтага было недастакова Алегу, кажа маці.
Апошні ліст, напісаны 28 студзеня.
«Кроў перыядычна здаю, але пра вынікі мне не кажуць. Гавораць, што ўсё ў норме. Варфарыну засталося на два тыдні. Патрэбныя абязбольвальныя. Стан больш-менш нармальны, але цяпер знаходжуся ў бальніцы. Нарывае дзясна».
«Бальніцы тут — гэта былыя карцары, знаходзяцца ў падвале. Камеры 3х2,5, сядзяць ад 5 да 11 чалавек на тры ложкі. Днём ляжаць на ложку нельга, толькі сядзець. Падлога, сцены і столь бетонныя. Волка. Лячэння ніякага няма. Прашу ахоўнікаў выклікаць доктара — яны не выклікаюць».
«Пад мною ляжыць чалавек з каростай. Таму тэрмінова прышліце мазь ад каросты, бо я ўжо і сам пачынаю часацца. За здароўем сачу, але часам робіцца блага, здараюцца нейкія прыступы, я губляю прытомнасць, а на ложак класціся не дазваляюць — пішуць рапарты. А ў мяне ўжо чатыры заўвагі за тое, што ляжаў удзень на ложку. Хутка павядуць на карцар. На ўсякі выпадак я напісаў завяшчанне».
На наступны дзень Алег Багданаў памёр.
«Маё цела аддайце агню»
Высветлілася, што яшчэ 6 студзеня, калі ён пасля суда знаходзіўся ў мінскай Валадарцы, Багданаў напісаў заяву на імя суддзі Астапенка з просьбай далучыць яе да крымінальнай справы. У заяве Алег адзначаў, што адчувае сябе дрэнна, а ў СІЗА яму не аказваюць медыцынскую дапамогу. А ўсе яго скаргі прымаюць за сімуляцыю. Пісьмовыя і вусныя заявы да начальніка СІЗА, начальніка медчасткі таксама застаюцца без увагі.
«Бачачы ўсю абсурднасць і бязвыхаднасць дадзенай сітуацыі, я вымушаны пакінуць завяшчанне і выказаць апошнюю волю», — пісаў Багданаў.
Усё завяшчанне – кароткая прыпіска ў канцы той заявы.
«Я, Багданаў Алег Уладзіміравіч, 1979 года нараджэння, знаходзячыся ў цвярозым розуме і цвёрдай памяці, завяшчаю ўсю сваю маёмасць сваім бацькам, — на зрыве зачытвае ўслых маці. — Жадаю, каб пасля смерці маё цела аддалі агню, попел выкарыстайце па сваім меркаванні».
І ўсё.
Пасля смерці сына ў маці здарылася гістэрыка. Затым Марына Георгіеўна ўзяла партрэт сына і пайшла ў суд Ленінскага раёна. Кажа, «хацела паглядзець у вочы суддзю Астапенку». Па яе словах, суддзя збег ад яе ў прыбіральню, а выводзіць жанчыну з будынка прыйшла міліцыя.
«Са смерцю Алега ў мяне забралі жыццё маё. Я пасля пахавання хацела вены перарэзаць, але муж сказаў, што мы дзеля сына павінны дамагчыся справядлівасці», — кажа Марына Георгіеўна.
Збег абставінаў ці недагляд персаналу?
Цяпер маці хоча дамагчыся, каб справу перагледзелі. Яна цвёрда ўпэўненая, што ў бойцы сын не вінаваты. Таксама яна не разумее, як Алег мог памерці ў медчастцы — няўжо побач не было ані медперсанала, ані ахоўнікаў? І хто вінаваты ў гэтым?
Да таго ж, маці Алега сцвярджае, што па яе інфармацыі ў момант смерці Багданаў быў адзін, і быў не ў агульнай палаце.
«Мне сказалі, што ён быў адзін, у маленькім пакойчыку метр на два. Там ляжалі рэчы яго яшчэ і ўсё. Сукамернікаў не было», — кажа Марына Георгіеўна.
То бок, ён што, быў у карцары? Калі так, то за што? Няўжо за тое, што ляжаў на ложку, калі яму было дрэнна?
Але ізноў жа — ці праўда гэта?
Памёр не ў карцары
У жодзінскай турме №8 пацвердзілі, што Багданава сапраўды перавялі у асобную палату за парушэнні. Але, падкрэсліваюць, не за ляжанне на ложку, і не ў карцар.
«Багданаў памёр не ў карцары, гэта я дакладна вам кажу. Ён знаходзіўся на лячэнні ў медчастцы, быў там у агульнай камеры-палаце спачатку. За парушэнні яго перавялі ў адпаведнасці з артыкулам 31 Закона «Аб парадку ўмоў знаходжання пад вартай», — распавёў Цімур Раманаў, намеснік начальніка турмы па рэжыму і ахове. — То бок яго перавялі ў іншую камеру за парушэнні рэжыму ў мэтах ізаляцыі ад асноўнага спецкантынгента. Багданаў быў зняволены іншай катэгорыі, у яго быў прысуд, які яшчэ не ўступіў у законную сілу. Таму яго трэба было размеркаваць у камеру, дзе будуць знаходзіцца зняволеныя з такой жа катэгорыяй. Аднак у іншых камерах такіх зняволеных не было. Таму яго перавялі ў камеру, дзе ён быў адзін. І гэта не была адзіночка ці карцар. Гэта была звычайная агульная камера, проста без сукамернікаў».
Жодзінская турма №8. Фота «Радыё Свабода».
Перавялі Алега, сцвярджае Раманаў, не за тое, што ён хацеў легчы, калі адчуваў сябе дрэнна, а за парушэнне распарадку дня.
«У начны час ён перашкаджаў сукамернікам спаць, шумеў, спрабаваў прыцягнуць сукамернікаў да гульні ў шахматы. Усё гэта было ноччу. Адпаведна іншым людзям трэба было адпачываць. Багданаву рабілі заўвагі, ён на іх не рэагаваў і не спыняў свае дзеянні. Таму яго перавялі».
Пры гэтым, па словах Цімура Раманава, фізічная сіла і спецсродкі да Багданава не ўжываліся. Таксама не было заўважана ніякага гвалту ані з боку супрацоўнікаў турмы, ані з боку сукамернікаў.
Пытанні без адказаў
Але застаецца пытанне, як чалавек памёр у адзіноце, калі павінен быў увесь час быць пад назіраннем? Гэта ж медсанчастка ў турме – тут назіраюць і дактары, і ахова.
Але на гэтае пытанне адказу пакуль няма. Кантралёр, які нясе службу, пастаянна і бесперапынна назірае за камерамі, запэўніў Раманаў, таму калі штосьці здарылася па віне кантралёра, ці па віне каго іншага — гэта пакажа праверка Следчага камітэта. Невядомы і лёс скаргаў Багданава, якія, як ён піша, Алег накіроўваў у адміністрацыю турмы. Ці былі яны зарэгістраваныя? Ці выклікалі рэакцыю? Ці сапраўды былі праблемы з лекамі? Цімур Раманаў параіў накіраваць у адміністрацыю афіцыйны запыт, бо сам ён такой інфармацыяй не валодае.
Таксама ён параіў звярнуцца ў Следчы камітэт па каментары. Аднак там падрабязнасці справы агучваць не спяшаюцца.
«Праводзіцца праверка. Прычына смерці будзе вызначаная пасля правядзення экспертызаў. Гэта ўсё, што я на дадзены момант магу паведаміць», — сказала Таццяна Беланог, галоўны інспектар па інфармацыі і сувязі з грамадскасцю ўпраўлення Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь па Мінскай вобласці.
Запыт ад Рэдакцыі ў адміністрацыю турмы №8 быў накіраваны. Застаецца чакаць адказу на яго і вынікаў праверкі Следчага камітэта. «Наша Ніва» будзе працягваць сачыць за гэтай гісторыяй.