Як вядома, мова вызначае прыналежнасць чалавека да нацыянальнай супольнасці, ляжыць у падмурку нацыянальнай ідэнтычнасці, дапамагае адрозніваць сябе ад суседзяў. Падобны стан рэчаў назіраецца і ў Беларусі, праўда, з той папраўкай, што нацыянальная мова доўгі час тут была мішэнню для разбуральных захадаў і варожай прапаганды. Таму цяпер ёй з вялікай цяжкасцю даводзіцца адваёваць свае правы ў публічнай сферы, адукацыйнай сістэме, судах, войску і тэлебачанні.

Новая акцыя «ARCHE» адрасавана тым, хто хоча ўзбагаціць веданне беларускай мовы (як уласнае, так і сваіх крэўных ды знаёмых), высветліць прычыны ейнага доўгага заняпаду, а таксама зразумець, чаму беларуская мова сталася адной з святыняў для нованароджанай нацыянальнай ідэі.

У рамках акцыі прапануецца 6 выданняў агульным аб’ёмам 2856 старонак. Адна палова з іх – слоўнікі, другая – гістарычныя і мовазнаўчыя даследаванні. З фінансавых прычын 3 з 6 выданняў выйшлі невялікімі накладамі (120 і 150 ас.). Яны надрукаваны на белай паперы метадам лічбавага друку.

Прапаноўваем вашай увазе:

Расійска-беларускі слоўнік / Сцяпан Некрашэвіч, Мікола Байкоў; рэд. В. Булгакаў; прадм. С. Запрудскага. — 3-е выданне, папраўленае. — Смаленск: Інбелкульт, 2014. — 704 с.

Перад вамі перавыданне найлепшага і найпаўнейшага расійска-беларускага слоўніка міжваеннага часу, першае выданне якога з’явілася ў 1928 годзе. У 1930 годзе слоўнік быў выведзены з ужытку і знішчаны, а адзін з яго аўтараў, Сцяпан Некрашэвіч, арыштаваны і неўзабаве расстраляны. Лічаныя нязнішчаныя асобнікі слоўніка доўгі час захоўваліся ў спецсховах.

Слоўнік уключае больш за 60 тысяч слоў. Аўтары імкнуліся ўхіляцца ад штучных наватвораў: перавагу аддавалі словам, якія існуюць у народнай і літаратурнай мове.

Поўны змест кнігі даступны ТУТ.

Віцебскі краёвы слоўнік: (матэрыялы) / Мікола Касьпяровіч; пад рэд. М. Я. Байкова і Б. І. Эпімаха-Шыпілы; [прадмова С. Запрудскага]. — 3-е выд., стэрэатыпнае. — Смаленск: Інбелкульт, 2015. — XIX, 371, [6] с.

Друкуецца паводле: Віцебскі краёвы слоўнік Provincial dictionary of Vitebsk: Матэрыялы / Пад рэд. М.Я.Байкова, Б.І.Эпімаха-Шыпілы; Ін-т беларускай культуры, Каміс. для ўкладання слоўніка жывой бел. мовы, Віцеб. акр. т-ва краязнаўства. — Віцебск: Заря Запада, 1927. — XIX, 372 с.

Факсімільнае перавыданьне слоўніка, які быў першым з краёвых слоўнікаў часоў беларусізацыі 1920-х гг., створаных у выніку масавай краязнаўчай работы. Слоўнік складаецца з 9703 слоў, зафіксаваных у 591 населеным пункце былой Віцебскай акругі.

Краёвы слоўнік Чэрвеншчыны / Мікола Шатэрнік; пад рэдакцыяй М. Я. Байкова і Б. І. Эпімаха-Шыпілы; [прадмова С. Запрудскага]. — 3-е выд., стэрэатыпнае. — Смаленск: Інбелкульт, 2015. — [13], 317 с.

Факсімільнае перавыданьне слоўніка, падрыхтаванага на працягу 1927 г. настаўнікам Навасёлкаўскай школы Пухавіцкага раёна Мікалаем Шатэрнікам (1890—1934). Налічвае каля 9 тысяч слоў.

Друкуецца паводле: Шатэрнік, М. В. Краёвы слоўнік Чэрвеншчыны / Беларуская Акадэмія навук. Аддзел гуманітарных навук. Камісія для ўкладаньня слоўніка жывой беларускай мовы. Пад рэд. М. Я. Байкова і Б. І. Эпімаха-Шыпілы. — Менск: Выданьне Беларускае Акадэміі навук, 1929. — 328 с.

Беларускія гаворкі ў Краслаўскім раёне Латвіі: сацыялінгвістычнае дасьледаваньне / Міраслаў Янковяк; пераклад з польскай мовы Алены Пятровіч. — Выд. 2-е, папраўленае. — Смаленск: Інбелкульт, 2015. — 289 с.

У манаграфіі аналізуюцца беларускія гаворкі, якія функцыянуюць у межах сучаснай Латвіі. Асновай для яе стаў матэрыял, сабраны аўтарам у 2004—2007 гг. у час палявых дасьледаваньняў. Разглядаюцца моўныя рысы беларускіх гаворак (фанэтычныя, марфалягічныя, сынтаксічныя і лексічныя), фэномэн іх жыцьцёвасьці, працэс русіфікацыі. Параўноўваюцца статыстычна выбраныя рысы мовы аўтахтоннага насельніцтва, якое карыстаецца беларускай гаворкай, з мовай прыежджых зь Беларускай ССР у Латвійскую ССР пасьля Другой усясьветнай вайны. У манаграфіі ёсьць таксама вялікі разьдзел пра функцыянаваньне беларускіх гаворак сярод іншых моваў на гэтай тэрыторыі і апісваюцца сфэры жыцьця, у якіх выкарыстоўваюцца беларускія гаворкі. Разьлічана на адмыслоўцаў у галіне беларускага мовазнаўства і ўсіх, хто цікавіцца беларускай мовай і беларуска-балцкім моўным памежжам.

Поўны змест кнігі даступны ТУТ.

За родную мову й праўдзівы назоў: выбранае / Ян Станкевіч. — 2-е выд. — Смаленск: Інбелкульт, 2013. — 742 с.

У гэтым выданьні зьмешчаныя выбраныя працы вядомага беларускага нацыянальнага дзеяча Яна Станкевіча (1891—1976), якія ў 1910—1970-я гг. друкаваліся на старонках беларускага пэрыядычнага і непэрыядычнага друку як у Беларусі, так і за яе межамі. Друкаваныя працы надзвычай разнастайныя як паводле жанраў, так і паводле тэматыкі.

Пералічым назвы толькі некаторых публікацый з кнігі: «Маскальшчына i Эўропа», «Праф. Карскі і яго «Белорусы»», «Дыялекты беларускай мовы», «Час узьнікненьня беларускай і ўкраінскай нацыяў», «Рэформа граматыкі беларускай мовы ў БССР», «Вялікі князь Вітаўт як беларускі гаспадар», «Стан дасьледаваньняў клясыфікацыі дыялектаў беларускай мовы» і г.д.

Поўны змест кнігі даступны ТУТ.

№ 9 (130). Гістарыяграфія 1920-х гадоў: «доўгае XIX стагодзьдзе». (430 с.)

Да ўвагі аматараў і знаўцаў беларускае гісторыі прапануецца панарама гістарыяграфіі 1920-х гадоў, прысвечаная наступнаму, асобнаму перыяду мадэрнай эпохі — нашаму «доўгаму ХІХ стагоддзю».

У нумары: два артыкулы Аляксандра Шлюбскага — «Адносiны расiйскага ўраду да беларускае мовы ў XIX ст.» і «Доля кнігасховаў і архіваў зямель крыўскіх і былога Вялікага Княства Літоўскага. Матар’ялы да крыўскай гісторапісі», Леў Цьвяткоў «Увагі аб мове філёматаў», Міхайла Піятуховіч. «Францішак Багушэвіч як ідэоляг беларускага адраджэньня і як мастак» і г.д.

Поўны змест нумара даступны ТУТ.

***

Да 29 лютага камплект з шасці выданняў можна заказаць за 249 тыс. (самавываз) або 299 тыс. (дастаўка поштай ці кур'ерам).

У рамках акцыі можна таксама набыць пяць з шасці пазначаных выданняў (на ваш выбар) па цане 199 тыс. (самавываз) або 249 тыс. (дастаўка поштай ці кур'ерам) або чатыры з шасці пазначаных выданняў (на ваш выбар) па цане 149 тыс. (самавываз) або 199 тыс. (дастаўка поштай ці кур'ерам).

Каб зрабіць заказ, трэба даслаць электронны ліст на адрас [email protected] або патэлефанаваць на нумар (29) 550-79-69.

Заказваючы выданні, у полі «Тэма» пазначайце «Мова і нацыя». У лісце, акрамя пераліку патрэбных выданняў, трэба пазначыць свае дакладныя каардынаты: паштовы адрас, індэкс, прозвішча ды ініцыялы, тэлефон для сувязі. Прапанова дзейнічае толькі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Спосабы дастаўкі заказу – кур’ерская дастаўка (толькі Менск і ваколіцы), паштовая перасылка або самавываз (станцыя метро Каменная горка). Каб пазбегнуць непаразуменняў, заказваючы выданні ў рамках распродажу, у электронным лісце або па тэлефоне паведамляйце спосаб дастаўкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?