«Белгазпрамбанк» — адна з першых прыватных кампаній, якая пачала ўкладваць сродкі ў беларускае мастацтва, фарміруючы яго прывабны імідж у суайчыннікаў праз буйныя праекты ў рамках дзяржаўна-прыватнага супрацоўніцтва. Але дынаміку гэтых адносін старшыня праўлення беларуска-расійскага акцыянернага таварыства Віктар Бабарыка ацэньвае як марудную. Пра гэта ён паведаміў падчас сустрэчы з прэсай, прымеркаванай да прэзентацыі выставы і кнігі ў гонар Льва Бакста, што адбыліся на мінулым тыдні (Гл. таксама «Бакст у Мастацкім: што там будзе цікавага?»)

— Мы ўсё завем гэту нявесту ў асобе дзяржавы замуж, а яна ўсё ніяк не можа зразумець, ці годны жаніх ці не, — зазначыў мецэнат. — Мы заўжды лічым, што партнёрства – гэта раўназначнасць, але ў нас пакуль пераважае «калым і выкуп». Можна сказаць, што пакуль гэтыя адносіны знаходзяцца ў рамках «рытуальных плясак».

У той жа час банкір падкрэсліў, што цэніць ўсё, што робіць Міністэрства культуры і Міністэрства замежных спраў краіны для прасоўвання многіх сумесных праектаў. «Так, мы не губляем надзею, і насамрэч, лічым, што нявеста вельм годная і патрабуе далікатнага і добрага абыходжання», — сказаў ён.

Асноўная праблема, якую можна было бы вырашыць у гэтым годзе, па меркаванні бізнесоўца, у рамках менавіта раўназначных дзяржаўна-прыватных адносін, — гэта прадастаўленне дзяржавай памяшкання для пастаяннай экспазіцыі калекцыі банка.

— Мы гатовы на пастаяннай аснове выставіць на публічны агляд нашы фонды — а гэта больш за 80 адзінак, — прапанаваў старшыня праўлення банка. — Але гэтае памяшканне мусіць быць нам перададзена, а не прададзена. Спадзяюся, што гэты год стане пераломным у плане супрацоўніцтва і завершыцца аб’явай, што шлюб адбыўся, маёмасць стала сумеснай.

Нагадаем, што сваю калекцыю твораў мастацтва «Белгазпрамбанк» пачаў фарміраваць яшчэ ў 2012 годзе. На дадзены момант сярод яе артэфактаў – палотны Хаіма Суціна, Марка Шагала, Льва Бакста, Файбіш-Шрагі Царфіна, Міхаіла Кікоіна, Восіпа Любіча, Пінхуса Крэменя, Валенція Ваньковіча… А да 2017 года, калі будзе адзначацца 500-годзе першай беларускай друкаванай кнігі, банк плануе набыць выданне Францыска Скарыны.

— Мы ўжо вядзем перамовы, але пакуль не дамовіліся аб кошце, — не назваў мецэнат магчымае выданне, якое стане асновай новага праекта. — Але гэтую работу нам шукалі цэлы год, — паведаміў ён.

Праўда, аб’ём сродкаў, які банк сёлета вылучае на фінансаванне культурных праектаў, можа скараціцца.

— Дакладна гэта будзе вядома только пасля 26 сакавіка, калі пройдзе сход акцыянераў банка і будуць зацверджаны тыя планы, што мы прапаноўваем, — распавёў Віктар Бабарыка. — Прынцып фарміравання бюджэту не змяніўся: пэўны працэнт ад прыбытку мы скіроўваем на падтрымку нашых праектаў. Іншая справа, што аб’ём прыбытку, вядома, зніжаецца. Калі ў беларускіх рублях ён па плане той жа, што і ў 2015-м годзе, то ў валютным эквіваленце гэта зусім іншая лічба. Бюджэт сціскаецца. Вядома, гэта дрэнна, бо магчымасцей становіцца менш. З другога боку, імёны з першай кагорты беларускіх мастакоў нам удалося набыць у той час, калі бюджэты былі добрымі. Ні Суціна, ні Шагала зараз у краіну мы ўжо не вярнулі б. Мы ў час паспелі зрабіць самыя асноўныя крокі. Паспелі запоўніць лакуны ў нашым мастацтве.

З другога боку, рынак змяняецца, цяжка ўсім — і прадаўцам, і трымальнікам — яны мусіць быць гатовыя знізіць цэны, — падзяліўся мецэнат.

Тым не менш, зараз з «часткі калецыяніравання і захоўвання» банк зрушыць сваю актыўнасць на «частку падтрымкі і прасоўвання» сучасных мастакоў на замежныя рынкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?