Пра тое, як прайшоў візіт, лідар беларускай апазіцыі, былы палітвязень Мікалай Статкевіч напісаў у Фэйсбуку.

«На гэтым тыдні быў запрошаны ў Еўрапарламент. Выступіў з дакладам аб сітуацыі ў Беларусі на пасяджэнні групы «Прагрэсіўны альянс сацыялістаў і дэмакратаў» - другі паводле колькасці фракцыі Еўрапарламента. Затым такі ж даклад зрабіў на пасяджэнні групы Еўрапарламента аб Беларусі. Пасля дакладаў адказваў на пытанні. Безумоўна, выказаў сваю пазіцыю аб скасаванні Еўразвязам санкцый супраць беларускага рэжыму. Яна вядомая. Дарэчы, склалася ўражанне, што многія з маіх суразмоўцаў таксама не знаходзяць падстаў для такой пастановы.

Калегі паведамілі мне, што сацыял-дэмакратычная фракцыя выступае супраць скасавання санкцый. Таксама прынятая пастанова, што Еўрапарламент пакуль не будзе супрацоўнічаць з нашай «палатай прадстаўнікоў» і прызнаваць яе за парламент. Сфармуляваныя ўмовы такога супрацоўніцтва: змены ў выбарчае заканадаўства, рэабілітацыя былых палітвязняў і сумленныя парламенцкія выбары, пасля якіх у беларускім парламенце з'явіцца апазіцыя.

Падчас пасяджэння рабочай групы аб Беларусі польскія еўрадэпутаты задавалі шмат пытанняў аб эфектыўнасці СМІ, якія працуюць з тэрыторыі Польшчы для Беларусі, пра тэлеканал «Белсат», сайты «Хартыя-97», Радыё «Рацыя» і «Еўрарадыё». Распавёў аб выключнай важнасці для Беларусі гэтых СМІ ва ўмовах расейскай тэлевізійнай акупацыі Беларусі і папрасіў не спыняць іх падтрымку.

Таксама была сустрэча ў Еўракамісіі.

Усе мае суразмоўцы і ўдзельнікі пасяджэнняў вельмі станоўча ацэньвалі намер правесці Кангрэс дэмакратычных сіл дзеля кансалідацыі еўрапейскай апазіцыі ў Беларусі і выпрацоўкі супольнай праграмы вываду нашай краіны з крызісу. Некаторыя з еўрадэпутатаў выказалі ахвоту быць гасцямі Кангрэсу», - напісаў Мікалай Статкевіч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0