Грошы толькі новага ўзору будуць выдавацца ў беларускіх банкаматах з 1 кастрычніка 2016 года. Аб гэтым сказана ў растлумачэнні Нацыянальнага банка аб арганізацыі работы па аперацыях з карткамі, падрыхтаваным у сувязі з маючай адбыцца дэнамінацыяй.

«З 1 кастрычніка 2016 года банкі выдаюць у праграмна-тэхнічнай інфраструктуры (банкаматах, інфакіёсках) толькі грашовыя знакі ўзору 2009 года. У выпадку наяўнасці тэхнічнай і арганізацыйнай магчымасці банкі прымаюць у праграмна-тэхнічнай інфраструктуры грашовыя знакі ўзору 2000 года і грашовыя знакі ўзору 2009 года адначасова па 31 снежня ўключна», - гаворыцца ў паведамленні. У выпадку адсутнасці тэхнічнай магчымасці банк самастойна прымае рашэнне аб прыёме ў банкаматах з 1 ліпеня 2016 года грашовых знакаў узору 2009 года.

У паведамленні таксама адзначаецца, што банкі павінны інфармаваць кліентаў аб тым, з якімі грашовымі знакамі кліент зможа ажыццяўляць аперацыі ў тым ці іншым банкамаце або інфакіёску. Інфармацыя павінна быць размешчана непасрэдна ў месцы аказання паслугі.

Паводле даных Асацыяцыі беларускіх банкаў, карт-чэкі з 1 ліпеня бягучага года павінны ўключаць новы літарны BYN код валюты. «Рэкамендуецца таксама пры выдачы пасля 1 ліпеня 2016 года ў банкаматах грашовых знакаў узору 2000 года пазначаць адпаведную інфармацыю ў карт-чэках — у полі для даведачнай або рэкламнай інфармацыі», — сказана ў паведамленні.

Рашэнне аб правядзенні дэнамінацыі афіцыйнай грашовай адзінкі з 1 ліпеня 2016 года замацавана ўказам ад 4 лістапада нумар 450. Дэнамінацыя будзе праведзена шляхам замены банкнотаў узору 2000 года на банкноты і манеты ўзору 2009 года ў суадносінах 10 000 і 1 беларускі рубель. Абмяняць старыя грашовыя знакі на новыя можна будзе з 1 студзеня 2017 года па 31 снежня 2019 года ўключна ў Нацыянальным банку, банках і нябанкаўскіх крэдытна-фінансавых арганізацыях Беларусі. З 1 студзеня 2020 года па 31 снежня 2021-га ўключна старыя грошы на новыя можна будзе абмяняць толькі ў Нацыянальным банку. З 1 студзеня 2022 года грашовыя знакі ўзору 2000 года будуць лічыцца несапраўднымі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?