20.02.2016 / 17:38

Расійскую блогерку прысудзілі да выпраўленчых прац за падтрымку Украіны

Чыгуначны райсуд Екацярынбурга (РФ) прысудзіў блогерку Кацярыну Валагжэнінаву, якая абвінавачваецца ў экстрэмізме, да 320 гадзін выпраўленчых прац. Паводле прысуду, канфіскаваны ў яе раней ноўтбук падлягае знішчэнню.

Валагжэнінава перад прысудам, фота grani.ru

Усе тлумачэнні Валагжэнінавай аб тым, што яна не ставіла за мэту распальванне нянавісці і варожасці, на думку суда, «абвяргаюцца лінгвістычнай экспертызай». Пры гэтым у экспертным заключэнні сустракаюцца фармулёўкі кшталту «распальванне нацыянальнай нянавісці і варожасці ў адносінах да добраахвотнікаў з Расіі».

Падроблены подпіс блогеркі на аформленых следчымі СКР паперах быў прызнаны судом сапраўдным. Пры гэтым подпіс не супадаў з подпісам Валагжэнінавай у пашпарце і ў іншых матэрыялах справы. Усе доказы абароны суд палічыў «непераканаўчымі».

Пры гэтым адно абвінавачванне, звязанае з карыкатурай на чалавека, падобнага на Уладзіміра Пуціна, было знятае.

Па словах адваката, прысуд будзе абскарджаны. Абаронца падкрэсліў, што пракурор прасіла прысудзіць блогерку да выпраўленчых прац, але суддзя Алена Іванова вынесла больш жорсткі прысуд — абавязковыя працы.

Прысуд быў сустрэты крыкамі «Ганьба». Пракурора вывелі з залы пад узмоцненай аховай.

17 лютага ў ходзе спрэчак пракурор Марыя Бяссонава запрасіла для падсуднай год выпраўленчых прац з утрыманнем 10 працэнтаў заробку ў даход дзяржавы. Яна патлумачыла, што просіць такога «мяккага» прысуду, паколькі ў Валагжэнінавай ёсць непаўналетняе дзіця і яна раней не была судзімая.

Валагжэнінавай інкрымінаваліся перапосты на асабістай старонцы ва «УКантакце» тэкстаў і карыкатур у падтрымку Украіны. Па частцы 1 артыкула 282 КК (распальванне нянавісці альбо варожасці) ёй пагражала да чатырох гадоў калоніі. Да прысуду блогерка знаходзілася пад падпіскай аб нявыездзе.

Сваю віну падсудная не прызнала.

12 снежня 2014 года следчы абласнога глаўка СКР Міхаіл Духоўнеў, а таксама аператыўнік ФСБ Алег Худзенькіх і яшчэ шэраг асобаў праніклі ў кватэру Валагжэнінавай пад выглядам манцёраў інтэрнэту. У кватэры прайшоў ператрус, пасля заканчэння якога блогерку адвезлі на допыт у Чыгуначны райаддзел СКР. Пасля заканчэння допыту Валагжэнінаву адпусцілі, не выдаўшы ніякіх папер — ні вопісу канфіскаванага, ні копіі пратаколу допыту, ні позвы на новы допыт.

Ужо на судовым пасяджэнні высветлілася, што ў аформленых тады паперах быў пастаўлены падроблены подпіс блогеркі.

13 студзеня Amnesty International абвясціла пра пачатак кампаніі ў падтрымку Валагжэнінавай.