Экс-гендырэктар ААТ «Холдынг «Магілёўвадбуд» Яўген Зюзін, асуджаны ў 2014 годзе на сем гадоў зняволення за крадзеж і атрыманне буйнога хабару паўторна, з канца студзеня 2016 года ўзначаліў СВК «Калгас імя Дзяржынскага» Бабруйскага раёна.

Нагадаем, 12 мая 2014 года суд Ленінскага раёна Магілёва прызнаў гендырэктара вінаватым у завалоданні маёмасцю шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, а таксама ў атрыманні хабару двойчы ў буйным памеры. Акрамя пазбаўлення волі Зюзін быў прыгавораны да штрафу ў 300 базавых велічынь (на той момант 45 млн рублёў), у яго была канфіскавана маёмасць, ён пазбаўлены права займаць на працягу пяці гадоў пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў. Таксама з абвінавачванага быў спагнаны ў даход дзяржавы 51 млн рублёў негрунтоўна атрыманага ўзбагачэння. На апошнім пасяджэнні суда Зюзін не пагадзіўся з прысудам. Ён катэгарычна адмовіў атрыманне хабараў.

«Я хацеў бы забыць гэта як кашмарны сон ці як непаразуменне. Не хацелася б варушыць мінулае», — заявіў Яўген Зюзін. Разам з тым былы гендырэктар па-ранейшаму лічыць, што па артыкуле 430 (атрыманне хабару паўторна ў буйным памеры) ён быў асуджаны несправядліва.

На апошнім пасяджэнні суда ў 2014 годзе Зюзін заявіў, што нейкая бандыцкая групоўка яго пасадзіла, «каб самім працягваць выкрадаць грошы». Цяпер якія-небудзь абвінавачанні Зюзін не выказвае, заяўляе, што «Бог іх пакарае».

Сваё вызваленне і прызначэнне на кіруючую пасаду ён звязвае з недахопам адукаваных кіраўнікоў, «у сельскай гаспадарцы асабліва». На пытанне, ці пісаў ён заяву аб памілаванні, былы гендырэктар не адказаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?