Лятучы ўніверсітэт пры падтрымцы грамадскай культурніцкай кампаніі «Будзьма беларусамі» і курсаў беларускай мовы «Мова Нанова» запрашае на лекцыю, прысвечаную спадчыне Ігната Абдзіраловіча.

28 лютага ў Бабруйску журналіст, літаратар, культурны і грамадскі дзеяч Сяргей Дубавец прамаўляе на тэму «Абдзіраловіч. Мастацтва містыфікацыі». Лекцыя адбудзецца ў тайм-клубе «1387» па адрасе: Бабруйск, Савецкая, 97-2. Пачатак а 15-ай. Уваход вольны!

Гісторыя з’яўлення і існавання ў беларускай культуры гэтага тэксту міжволі наводзіць нас на думку пра адмысловую таямнічасць, якая ўсяму гэтаму спадарожнічае. Ад самага пачатку, здавалася б, лёс не прадказваў нічога добрага – упершыню пабачыўшы свет у 1921 годзе, эсэ «Адвечным шляхам» Ігната Абдзіраловіча доўгі час праляжала ў савецкіх спецсховах. Але штосьці не дазволіла тэксту зысці ў нябыт: у часы беларускага адраджэння канца 1980-х эсэ друкуе самвыдавецкая «Супольнасць». Потым будуць друкі ў афіцыйных часопісах, асобнае выданне і некалькі перавыданняў. Канешне, гэты «шлях у культуру» праходзіў хутчэй без шырокай падтрымкі з боку дзяржавы, і ўсё ж, не толькі ў прыватных, але і ў дзяржаўных вучэльнях Абдзіраловіча пачынаюць узгадваць як першага беларускага філосафа пачатку ХХ стагоддзя, а ягоны тэкст уключаюць ў спісы рэкамендаванай літаратуры для філасофскіх аддзяленняў ВНУ. Усё гэта магло б паспрыяць таму, каб прыцягнуць увагу даследчыкаў і падштурхнуць да напісання грунтоўных прац. Але тэксту наканавана было яшчэ блукаць па перыферыі філасофскай, грамадскай думкі. Крыніцы цвердзяць, што і дагэтуль якога-кольвек сур’езнага даследавання філасофіі Абдзіраловіча не існуе. Чаму?

У прадмове да чацвёртага выдання эсэ Абдзіраловіча Сяргей Дубавец казаў, што гэтая кніга патрабуе «іншай якасці самасвядомасці», а таму дачакаецца свайго часу і свайго ўдумлівага чытача і крытыка толькі ў ХХІ стагоддзі. Прычым з гадамі актуальнасць твора будзе толькі ўзрастаць – настолькі ён дасканалы і ўніверсальны.

І вось на календары – 2016 год… Ці дачакалася эсэ «Адвечным шляхам» свайго часу? Ці даспелі беларусы да асэнсавання сябе і сваёй будучыні скрозь прызму памысленага Ігнатам Абдзіраловічам? Ці набылі гэтую «іншую якасць нацыянальнай самасвядомасці»?

Відэазапісы папярэдніх лекцый гэтага цыклу:

Мінулая будучыня Беларусі: запавет Ігната Абдзіраловіча. Лекцыя Паўла Баркоўскага

Абдзіраловіч і беларуская традыцыя. Лекцыя Ігара Бабкова

Творачы зруйнуем. Лекцыя Валянціна Акудовіча

Нацыятворчасць як свабода духу: Беларусь Ігната Абдзіраловіча. Лекцыя Ірыны Дубянецкай

Ігнат Абдзіраловіч. Запавет ліючайся формы. Лекцыя Міхаіла Баярына

За анонсамі наступных падзей сачыце на сайце Лятучага ўніверсітэта.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0