Гродзенцы могуць выбраць імя новай малпачцы, паведамілі ў Гродзенскім заалагічным парку.

Новы жыхар заапарка — 7-месячны лапундэр — прыехаў у Гродна з В'етнама. Пакуль ён абжываецца і знаёміцца з новым месцам і персаналам заапарка.

«Маляня аказалася вясёлым і кемлівым. У заапарку ўсе рады яго з'яўленню. Адзіная складанасць у зносінах з новенькім — у яго няма імя. Вельмі хочацца, каб яно было незвычайным, цікавым і запамінальным. Таму і абвясцілі конкурс», — адзначылі ў Гродзенскім заапарку.

У заапарку трэба пакінуць у спецыяльнай скрынцы свой варыянт імя. У апошні дзень зімы — 29 лютага — лапундэр сам абярэ сябе імя, выцягнуўшы адну з паперак.

Аўтара ўзнагародзяць бясплатным наведваннем заапарка і фотасесіяй з падапечным.

Лапундэры, або свінахвостыя макакі, — буйныя прадстаўнікі свайго роду. Маса цела дасягае 14 кг. Адрозніваюцца кемлівасцю, лёгка прыручаюцца, у Бірме, на выспах Суматра і Калімантан прыцягваюцца мясцовымі жыхарамі нават для збору какосаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?