Эксперты ўсё часцей выказваюць непакой станам беларускай арміі. Яе тэхніка, асабліва авіяцыя і сродкі супрацьпаветранай абароны, састарэлі. А фінансавае і матэрыяльнае забеспячэнне асабовага складу такое, што прэстыж службы застаецца невысокі. 

Між тым захоп Расіяй Крыма і Усходняга Данбаса выклікаў трывогу ва ўсім рэгіёне. Суседзі адрэагавалі на дзеянні Расіі актывізацыяй міжнароднага супрацоўніцтва ў сферы абароны, павелічэннем і пераўзбраеннем армій, а таксама ростам вайсковых бюджэтаў. Як выглядае Беларусь па фінансаванні арміі ў параўнанні з суседзямі?

Насуперак папулісцкім стэрэатыпам, выдаткі на армію ў Беларусі застаюцца крытычна нізкія. Эстонія са сваімі 1,3 млн насельніцтва выдаткоўвае на сваіх вайскоўцаў амаль столькі ж, колькі 9-мільённая Беларусь.

Гэта становіцца асабліва выяўна, калі мы параўноўваем выдаткі ў пераліку на душу насельніцтва. У намінальным выражэнні менш на армію ў 2015 годзе выдаткоўвала толькі Украіна.

А калі пералічыць выдаткі на душу насельніцтва па парытэце пакупной здольнасці, то Беларусь увогуле апускаецца на апошняе месца ў рэгіёне.

Старая прыказка кажа, што той, хто не корміць сваю армію, будзе карміць чужую. 

Найноўшая нямецкая САУ Panzerhaubitze 2000, партыю якіх купляе Літва. Фота janes.com.

Найноўшая нямецкая САУ Panzerhaubitze 2000, партыю якіх купляе Літва. Фота janes.com.

Літва ў 2015 годзе павялічыла выдаткі на абарону больш чым на 30%. Непараўнальна з іншымі артыкуламі дзяржаўнага бюджэту выраслі вайсковыя выдаткі ў Эстоніі і Латвіі.

Самы паўночны сусед Расіі Нарвегія павялічыла ваенны бюджэт на гэты год на 9,8% нават на фоне падаючых коштаў на нафту, якое адчувальна ўдарыла па эканоміцы краіны.

Нарвежскія жаўнеры. Фота armyrecognition.com.

Нарвежскія жаўнеры. Фота armyrecognition.com.

Каля $1,51 млрд нарвежцы аддаюць у гэтым годзе толькі на закуп новай зброі.

Таксама Нарвегія плануе павялічыць сілы сваёй арктычнай групоўкі, якая стаіць непасрэдна на мяжы з РФ.

Нейтральная Фінляндыя, якая плануе ўсё больш актыўна супрацоўнічаць з НАТА, таксама не забывае пра ўласныя вытраты на абарону.

Гарачыя фінскія хлопцы. Фота pinimg.com.

Гарачыя фінскія хлопцы. Фота pinimg.com.

Калі ў 2015 годзе абаронны бюджэт Суомі складаў каля 2,7 млрд еўра, то ў 2016 годзе плануецца аддаць на ваенныя мэты амаль 2,9 млрд.

Па зразумелых прычынах працягвае рэзка падвышаць ваенныя выдаткі Украіна. Калі ў 2015 годзе яна ўжо мела самы высокі за гісторыю незалежнасці абаронны бюджэт — каля $2,2 млрд, то ў 2016 ён можа перавысіць адзнаку $3 млрд.

Турэцкія знішчальнікі F16. Фота veteranstoday.com.

Турэцкія знішчальнікі F16. Фота veteranstoday.com.

Турцыя, якая ў канцы 2015 года стала адным з зацятых праціўнікаў РФ, падвысіла агульны бюджэт на абарону і бяспеку на 20% у 2016 годзе ў нацыянальнай валюце, аднак з-за дэвальвацыі нацыянальнай валюты ў даляравым эквіваленце паказчык нават трохі зменшыцца (каля $20 млрд). Тым не менш, гэта адзіны з суседзяў Расіі, вайсковы бюджэт якога можна лічыць сувымерным з расійскім.

Расійскія штурмавыя групы без знакаў адрознення пачалі захоп Крыма з аэрапортаў і будынкаў парламента і ўрада, 2014 год. Фота waystoday.com.

Расійскія штурмавыя групы без знакаў адрознення пачалі захоп Крыма з аэрапортаў і будынкаў парламента і ўрада, 2014 год. Фота waystoday.com.

Падзенне эканомікі Расіі прывяло да таго, што, хоць у расійскіх рублях бюджэт арміі вырас на 0,8% да 3,145 трлн, аднак у далярах рэзка скараціўся — прыкладна да $26 млрд. Да таго ж, цяпер урад разглядае магчымасць скараціць ваенныя выдаткі на 5%.

Беларускі ж вайсковы бюджэт некалькі гадоў трымаўся на ўзроўні $700—$800 мільёнаў, што прыкладна ў 10 разоў менш, чым у суседняй Польшчы. У 2015 годзе сітуацыя стала яшчэ горшай. На абарону было накіравана каля 8,8 трыльёна рублёў. Але ў выніку дэвальвацыі нацыянальнай валюты вытраты на армію ў пераліку па сярэднегадовым курсе скараціліся да $554 млн.

Беларусі трэба моцная армія. А каб армія была моцнай, вытраты на яе трэба павялічваць. Забеспячэнне дастатковага фінансавання арміі павінна стаць адной з мэтаў рэформаў у беларускай эканоміцы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?