02.03.2016 / 07:55

Гісторыя: як беларусаў змушалі плаціць за ўласную ж русіфікацыю 75

Пра стварэнне ў Мінску рускага тэатра піша гісторык-архівіст Зміцер Дрозд.

У студзені 1877 Мінская гарадская ўправа сабралася на важнае пасяджэнне. А якім яшчэ магло быць пасяджэнне, на якім абмяркоўваюць вялізную дзірку ў гарадскім бюджэце? Перад управай паўстала пытанне: адмовіць у фінансаванні Мінскай губернскай турме або Мінскаму гарадскому тэатру. Гэты выбар меў сваю логіку і сыходзіў каранямі ў падзеі 30-гадовай даўніны. Але пра ўсё па парадку…

Бізун і пернік

Узведзены ў 1825 турэмны замак стаў першым сур’ёзным збудаваннем у губернскім Мінску. Горад зусім нядаўна быў далучаны да Расійскай Імперыі. А прыналежнасць да велізарнай краіны прадугледжвала абавязковую наяўнасць велізарнай турмы, якая б змясціла ўсіх мясцовых нязгодных і праз якую б ішлі, звонячы кайданамі, этапы ў Сібір.

Што такое для гісторыі трыццаць гадоў? У Мінску яшчэ шмат чаго заставалася ад краіны, якая ўжо адышла ў гісторыю, — Рэчы Паспалітай. Расейскай мовы ў горадзе амаль не было чуваць, а калі ўдавалася пачуць, дык гаварыў найчасцей ці прысланы чыноўнік, ці вайсковец. Ды што там вуліца? У большасці ўстановаў дакументацыя вялася па-польску, а ва ўніяцкіх цэрквах, дзе малілася большасць насельніцтва, можна было пачуць і «мясцовую мову».

Пра гэта не пісалі ў нашых падручніках, але праблема русіфікацыі насельніцтва востра стаяла і праз паўстагоддзя пасля далучэння беларускіх земляў да Расіі. Каб змусіць людзей размаўляць на «нармальнай» мове, метад бізуна і перніка быў выкарыстаны па поўнай: для тых, хто не прымаў новую ўладу, — турэмны замак і Сібір, а для тых, хто змірыўся з жыццём пад Расіяй, — рускі тэатр.

Так, у 40—50-х гадах XIX стагоддзя руская культура заставалася ў Мінску чужой і нават незразумелай і вымушана была канкурыраваць з польскай (нават зноў створаны тэатр не мог існаваць без п’ес на польскай мове). Якраз у гэтыя часы тут дзейнічаў тэатр, у якім нароўні з польскай упершыню прагучала беларуская гаворка ў п’есах Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Але, натуральна, ніхто не прапанаваў гэтаму тэатру дзяржаўную падтрымку — там усё рабілася за свае грошы.

Паступова знішчаліся і рэшткі адноснай нацыянальнай і рэлігійнай памяркоўнасці: было ўведзена расійскае заканадаўства і дакументазварот на рускай мове, знішчана ўніяцкая царква, каталіцкая падвяргалася дыскрымінацыі, роўна як і мовы — спачатку польская, а потым і беларуская. На заваяваныя тэрыторыі ў вялікай колькасці засяляліся чыноўнікі і памешчыкі з велікарускіх губерняў, а асобам «польскага паходжання» забаранялася купляць зямлю, што паступова змяняла агульную карціну ў рэгіёне. А пасля рэпрэсій, якія рушылі за паўстаннем Каліноўскага, доўгі час аб развіцці нейкіх іншых культур, акрамя рускай, казаць не даводзілася.

Цэнтр Мінска ў 1840-м. Літаграфія французскага мастака Б.Лавэрня. Справа бачны шпіль ратушы – адзнакі колішняга Магдэбургскае права, якога не мелі гарады Расіі. Ратуша была і першым месцам паказу п’ес рускага тэатра.

Жалаванне — толькі за п’есы па-руску

У 1846 губернатар Мінскай губерні Аляксей Сямёнаў звярнуўся да віленскага генерал-губернатара Фёдара Мірковіча з просьбай: «Ваша высакароддзе ў красавіку дало акцёру Вяржбіцкаму права паказу тэатральных п’ес у Мінскай губерні з тым, каб разам з п’есамі польскімі былі такія і на рускай мове. …Вяржбіцкі ўтварыў у Мінску групу акцёраў, якімі пад кіраўніцтвам яго ад 2 чэрвеня да 6 ліпеня дадзена было сумесна з польскімі і на рускай мове 13 прадстаўленняў. Такім чынам, з дазволу Вашага высакароддзя зроблены сёлета ў Мінску па прыкладзе Вільні паспяховы досвед паказу рускіх п’ес разам з польскімі, і публіка з задавальненнем наведала тэатр.

Прызнаючы пастаяннае падтрыманне і ўмацаванне тэатральных паказаў на рускай мове ў мінскім тэатры вельмі карысным і неабходным для засваення і пашырэння рускай мовы паміж жыхарамі тутэйшага краю і знаходзячы, што адных прыбыткаў ад прадстаўленняў для гэтага было б недастаткова, я ўсепакорнейша прашу Ваша высакароддзе пра выхадатайнічанне па прыкладзе Вільні 2000 рублёў срэбрам штогод для падтрымання ў Мінску рускага тэатра і на жалаванне акцёрам, што паказваюць рускія п’есы».

Звернем увагу, што жалаванне мяркуецца даваць толькі акцёрам, што паказваюць рускія п’есы. Адказ з Вільні сведчыў пра адзінства ўспрымання і тамтэйшым начальствам, і ўсёй вертыкаллю расійскай улады аж да імператара «карыснай ролі» тэатра: «Маючы на ўвазе, што заснаванне ў Вільні рускага тэатра для паказу п’ес рускіх разам з польскімі прынесла значную карысць, спрыяючы больш тамтэйшым жыхарам знаёміцца з рускай мовай і з творамі нашых драматургаў, і прызнаючы пастаянныя тэатральныя паказы на рускай мове ў Мінску не толькі карыснымі, але і неабходнымі, хадайнічаць аб выдаткаванні па 2000 рублёў срэбрам на год з прыбыткаў горада Мінска на ўтрыманне там тэатра, дадаючы, што згаданая сума можа быць выдаткаваная без цяжкасці, калі ўскласці звернутыя на земскія зборы Мінскай губерні выдаткі гарадской казны ў 1600 рублёў на ўтрыманне турэмнага замка і на воінскія кватэрныя патрэбы».

Віленскі генерал-губернатар Фёдар Мірковіч, які палічыў «карысным і неабходным» стварэнне рускага тэатра.

Мы бачым, што высокае начальства прапаноўвала мінчукам за свой кошт утрымліваць «карысную і неабходную» для Расійскай Імперыі ўстанову — рускі тэатр — для іх жа русіфікацыі. Так, іх вызвалілі ад 1600 рублёў срэбрам, якія дагэтуль яны штогод выдаткоўвалі на ўтрыманне яшчэ больш карыснага і неабходнага беларусам Мінскага турэмнага замка, пераклаўшы гэтыя выдаткі на губернскія зборы (г.зн. таксама грошы мясцовых жыхароў). Але затое абавязалі штогод выдаткоўваць 2000 рублёў на рускі тэатр. Такім чынам, карыснае новаўвядзенне лягло на гарадскі бюджэт дадатковым цяжарам у 400 рублёў.

Гарадская дума пратэстуе

А з 1859 года Мінская казённая палата … «забылася» адлічваць згаданую суму. Горад працягваў за свой кошт утрымліваць і тэатр, і турму, а кампенсацыя з губернскага бюджэту перастала паступаць. А з 1870 на горад усклалі выдаткі яшчэ і за ацяпленне, і за асвятленне Мінскага турэмнага замка, пасля і за чыстку комінаў турмы, утрыманне паліцэйскіх чыноў, кажухі для вартавых, чыстку адыходжых месцаў у турэмным замку і вайсковым лазарэце…

У студзені 1877 за ўтрыманне і турмы, і тэатра казна была вінна гораду аж 30400 рублёў срэбрам. І дэпутаты Мінска прасілі губернскае начальства або спісаць гэтую суму ў залік запазычанасці горада казне, або «вызваліць горад ад утрымання тэатра». Губернатар Мінскай губерні адпісаў: «… хадайніцтва Вашае … мною, хоць і перададзена міністру ўнутраных спраў, але адказу не атрымана, такім чынам, да атрымання адказу ад міністра… горад абавязаны выдаткоўваць на ўтрыманне тэатра ў памеры 2000 рублёў на год на працягу трох гадоў пачынаючы ад 1878 г ».

Гэта значыць, Мінску прапаноўвалася заплаціць за тэатр 6000 рублёў за тры гады наперад. Нечакана для губернскага начальства дэпутаты Мінска праявілі дзёрзкасць і пастанавілі: вылучаць на тэатр з гарадскога бюджэту толькі 400 у год — тую розніцу, якую горад быў абавязаны плаціць першапачаткова. Наспяваў канфлікт, які трохі згладзіла пастанова міністра ўнутраных спраў, якая паступіла праз паўгода, у ліпені 1878: спісаць з даўгоў Мінска казне 30400 рублёў і працягнуць фінансаванне турмы і тэатра па ранейшай схеме. Гораду прадпісвалася па-ранейшаму 2000 рублёў на год аддаваць на тэатр, а пытанне з кампенсацыяй не было вырашана.

Пад высокім ціскам Мінская гарадская ўправа была вымушаная падпарадкавацца і адшукаць гэтыя грошы — найперш за кошт падвышэння арэнды гарадскіх будынкаў тагачасным прадпрымальнікам. Удалося «наскрэбці па засеках» 1000 рублёў. Але гарадскі галава Казарын працягваў упарціцца, лісты губернскага начальства набылі пагрозлівыя інтанацыі: «Паколькі Мінская гарадская дума ад выдаткавання ў бягучым годзе 2000 рублёў на ўтрыманне тэатра ўхіляецца, між тым у гэтых грошах маецца патрэба з нагоды адкрыцця тэатральных спектакляў, прапануем гарадской управе цягам сямі дзён адпусціць 2000 рублёў на ўтрыманне тэатра… Сапраўднае патрабаванне з’яўляецца абавязковым да выканання».

У снежні 1878 Казарын вымушаны быў падпарадкавацца. Гарадская ўправа яшчэ спрабавала абскардзіць сітуацыю на самым высокім узроўні, даслаўшы ліст у Сенат. Але Сенат «скаргу гэтую, як не заслугоўваючую павагі, пакінуў без наступстваў…»

У выніку рускі тэатр за грошы саміх беларусаў, разам з іншымі мерапрыемствамі па русіфікацыі, спрыяў таму, што цяпер шмат хто лічыць і Мінск, і Беларусь неад’емнай часткай «рускага свету». Але трэба разумець, што гэта не першапачатковы і натуральны стан рэчаў, а ўсяго толькі вынік больш як 200-гадовай палітыкі, дэвізам якой з’яўляецца фраза «Мы заўсёды былі разам». Удалы прапагандысцкі дэвіз, які не мае гістарычнай праўды. Не заўсёды.

***

Зміцер Дрозд — гісторык-архівіст, аўтар кніг «Землеўласнікі Мінскай губерні 1861—1900», «Землеўласнікі Мінскай губерні 1900—1917». Пасля Плошчы-2010 быў асуджаны за ўдзел у «масавых беспарадках» на тры гады калоніі ўзмоцненага рэжыму. Выйшаў на волю ў жніўні 2011.

0
миша / Адказаць
02.03.2016 / 08:29
царские сатрапы содержали театр, а колхозные предпочитают хаккей.
0
путинец / Адказаць
02.03.2016 / 08:38
- как будто тюрьма строилась только для несогласных, а уголовников в крае не было.. - про религ.терпимость. ничего по сути не изменилось. в РП гос.религия католичество и за уход из неё - тюрьма. в Росс.Империи то же за уход из православия. а униатство, занетели, не трогали пока поляки не восстали. и делопроизводство в униатской церкви велось на польском - держал как-то одну из метрик виленской духовной консистории. ещё про терпимость и нации - почему первый белорусский театр мартинкевича появился в РИ а не в РП? - про запрет полякам покупать землю. в ваших учебниках пишут что такие меры уравновесили повальную полонизацию. "А пасля рэпрэсій, якія рушылі за паўстаннем Каліноўскага" а что надо было делать? второй раз (второй раз, Карл!) восстали - последнее. кто содержит русскоязычную версию сайта НН?
02.03.2016 / 08:49
Добры артыкул
Паказаць усе каментары/ 75 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру