У судзе Кастрычніцкага раёна Мінска працягваецца разгляд крымінальнай справы акцёра Тэатра імя Янкі Купалы Арцёма Бародзіча, які абвінавачваецца ў незаконным абароце наркатычных сродкаў (марыхуаны). Яму пагражае пазбаўленне волі на 5—8 гадоў. У першы дзень судовага працэсу Арцём Бародзіч прызнаў, што рэгулярна ўжываў марыхуану цягам шасці гадоў, але не распаўсюджваў яе.
15:13
Адвакат заявіла хадайніцтва зноў азнаёміцца з рэчавымі доказамі.
Абвешчаны перапынак да аўторка.
15:07
Суддзя зачытаў адвакатцы адказ з часці пагранічнага спецназа 1250, байцы якой затрымлівалі акцёра. «У дачыненні да Бародзіча аператыўная справа ў часці 1250 не заводзілася», — кажа суддзя.
Праз гэта адвакатка просіць праверыць, ці правамоцным было завядзенне справы супраць Бародзіча пагранічнікамі.
Таксама адвакат зачытвае заслугі Бародзіча — пералічвае спектаклі, дзе той граў, краіны, у якіх выступаў. Кажа, што былі выпадкі, калі Бародзіч не мог выступаць у пэўнай пастаноўцы праз прыватныя прычыны — такія пастаноўкі даводзілася адмяняць, бо яго немагчыма было замяніць. Суд далучыў гэтыя характарыстыкі да справы.
14:40
Фатаграфаваць у судовай зале забаронена. Бародзіч выглядае даволі бадзёра.
14.29
У якасці сведкі выступае эксперт, які праводзіў экспертызу знойдзенай у Бародзіча марыхуаны. Ён адказвае на пытанні адвакаткі наконт параметраў наркатычнага рэчыва.
***
Суд над Арцёмам Бародзічам. Акцёра Купалаўскага прыйшоў падтрымаць амаль увесь калектыў тэатра. Дзень першы
Арцём Бародзіч абвінавачваецца па ч.2 арт.328 (незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў) Крымінальнага кодэкса Беларусі. Яму пагражае пазбаўленне волі на 5—8 гадоў з канфіскацыяй або без канфіскацыі маёмасці.
У кастрычніку 2015 года Бародзіч быў затрыманы супрацоўнікамі праваахоўных органаў у сябе ў кватэры. У яго знайшлі 26 грам марыхуаны. Пакуль ішло расследаванне, акцёр заставаўся на волі, іграў у спектаклях. Аднак затым яго дзеянні перакваліфікавалі на больш цяжкае злачынства, і 25 студзеня Арцёму Бародзічу прад'явілі ўжо канчатковае абвінавачанне па ч. 2 арт. 328 КК. Цяпер яго абвінавачваюць «у незаконных дзеяннях з мэтай збыту», набыцця і захоўвання марыхуаны. У той жа дзень яго ўзялі пад варту.
Некалькі гадоў таму Бародзіч таксама прыцягваўся да крымінальнай адказнасці за незаконнае захоўванне небяспечных наркатычных сродкаў.