Беларускія чыноўнікі рэдка абараняюць дысертацыі. Некалі Аляксандр Лукашэнка раскрытыкаваў практыку, калі міністры падчас працы нібыта адначасова займаюцца навуковымі даследаваннямі. І з таго часу як адрэзала. Чыноўнікі праходзяць перападрыхтоўку ў Акадэміі кіравання, але аспірантура не карыстаецца ў іх папулярнасцю.

Традыцыю вырашыла перапыніць міністр працы і сацыяльнай абароны Марыяна Шчоткіна.

Фота Сяргея Гудзіліна.

Фота Сяргея Гудзіліна.

У савецкія часы яна скончыла Ленінградскі дзяржаўны ўніверсітэт па спецыяльнасці «фізіка», а 9 гадоў таму атрымала другую вышэйшую адукацыю ў Акадэміі кіравання. Выкладчыкі наракалі, што яна ўсё ніяк не дапіша сваю дысертацыю.

І вось нарэшце справа дайшла да лагічнага завяршэння. Дысертацыя называецца «Дзяржаўная сацыяльная замова ў арганізацыі сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Беларусі: сацыялагічны падыход» (аўтарэферат).

Навуковы кіраўнік Шчоткінай – Святлана Лапіна, загадчыца кафедры дзяржаўнага кіравання сацыяльнай сферай і беларусазнаўства Інстытута дзяржаўнай службы Акадэміі кіравання.

Сярод апанентаў Святлана Ліхачова з Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта і Георгій Явелькін з Інстутыта нацыянальнай бяспекі. Праўда, па стане здароўя Явелькін прыйсці не змог. 

У чым сутнасць дысертацыі?

Шчоткіна прызнае, што дзяржава не дае рады сацыяльнаму абслугоўванню пры цяперашняй дэмаграфічнай сітуацыі (павелічэнне колькасці інвалідаў, пенсіянераў і адзінокіх людзей), а таксама ростам патрабаванняў насельніцтва да якасці паслуг.

Таму міністр прапануе развіваць сістэму сацыяльнага абслугоўвання з дапамогай недзяржаўных арганізацый (НДА). Іншымі словамі, дзяржава будзе рабіць сацыяльную замову і аплачваць яе на аснове грантаў ці выдачы ваўчараў.

Паводле першага варыянта, праводзіцца конкурс сярод НДА па даглядзе адзінокіх пенсіянераў. Дзяржава выплачвае арганізацыі-пераможцу выдаткі па даглядзе (у поўнай ці частковай ступені).

Пры выкарыстанні другой схемы пенсіянер сам абірае НДА, якая будзе яго даглядаць. А дзяржава пасля кампенсуе арганізацыі выдаткі.

Падобныя сістэмы працуюць у многіх еўрапейскіх краінах. У чым тады ўнёсак Шчоткінай?

«Навуковае даследаванне, якое ўключае аналіз літаратуры, распрацоўку канцэпцыі і праграмы даследавання, інструментара для сацыялагічных даследаванняў, а таксама навуковы аналіз іх вынікаў, выкананыя непасрэдна аўтарам. Дысертацыя … выканана аўтарам самастойна на аснове вывучэння прац айчынных і замежных навукоўцаў, а таксама міжнароднай практыкі па даследаваных праблемах. Палажэнні, якія выносяцца на абарону, распрацаваны суіскальнікам асабіста», — адзначаецца ў аўтарэфераце.

Незалежна ад таго, ці будзе зацверджаная дысертацыя Шчоткінай, некаторыя яе палажэнні ўжо пачалі працаваць. Летась уступіў у сілу пралабіраваны міністрам закон аб «сацыяльнай замове». За 2015 год было заключана 44 дамовы на аказанне сацыяльных паслуг: з Беларускім таварыствам Чырвонага крыжа, таварыствам інвалідаў па зроку, каталіцкімі і праваслаўнымі грамадамі.

Чыноўнікі былі гатовыя працаваць па дзвюх схемах – па праектах ці грантах. Атрыманыя гранты можна было траціць толькі на заробак супрацоўнікаў НДА. Калі ж рэалізоўваць праект, то дзяржава прапаноўвала выплачваць 50% ад ягонага кошту. Астатнія сродкі трэба было шукаць самім.

Прадстаўнікі НДА адзначаюць, што схема пакуль непразрыстая: алгарытм правядзення конкурсаў і далейшага супрацоўніцтва з дзяржавай распрацаваны слаба.

«Падтрымана адзінагалосна»

Абарона навуковай працы Шчоткінай праходзіла 24 лютага ў будынку юрыдычнага факультэта БДУ. У залу прыйшлі каля паўсотні слухачоў. Фатаграфаванне і вядзенне аўдыёзапісу было забароненае.

Марыяна Шчоткіна была ў сіняй сукенцы з зялёным каўнерам.

У такой самай сукенцы Шчоткіна прадстаўляла праграму Лукашэнкі.

У такой самай сукенцы Шчоткіна прадстаўляла праграму Лукашэнкі.

Першыя хвіліны абароны яна заўважна хвалявалася, але пасля пачувалася ўпэўнена. Адрываючыся ад паперы, Шчоткіна прыводзіла шмат прыкладаў, не прыведзеных у аўтарэфераце.

Па словах міністра, з дзяржаўнага сацыяльнага абслугоўвання выпадаюць пацыенты з псіхічнымі захворваннямі, нарказалежныя, а таксама хворыя на анкалогію. Гэтыя групы Шчоткіна прапануе «аддаць» НДА.

Шчоткіна звярнула ўвагу, што ў грамадстве існуе запыт на элітнае сацыяльнае абслугоўванне. Напрыклад, сталая жанчына была гатовая аддаць кватэру дзяржаве ўзамен на жыццё ў пакоі з джакузі. На думку міністра, элітнае абслугоўванне таксама могуць узяць на сябе НДА.

У міністра папрасілі ўдакладніць, досвед якіх краін аналізаваўся? «Швецыя, Данія, Фінляндыя, Нарвегія, Прыбалтыка…, — пачала пералічваць Шчоткіна. — З краін СНД бралі Расію і Казахстан».

Якія заўвагі зрабілі апаненты?

Па-першае, няма канкрэтыкі ў механізмах адбору НДА, з якімі збіраецца супрацоўнічаць дзяржава. Таксама незразумела, як фарміраваць конкурсныя камісіі.

Па-другое, існаванне ваўчараў, якія прапануе выкарыстоўваць Шчоткіна, пакуль не прадугледжваецца заканадаўствам. Міністр патлумачыла, што падчас узгадненняў заканадаўства аб сацыяльным абслугоўванні ваўчары былі выкрасленыя з дакумента. Аднак чыноўніца спадзяецца, што новаўвядзенне ўдасца ўкараніць.

Апроч таго, Шчоткінай як члену ўрада далі параду: наладзіць такое ж супрацоўніцтва з НДА ў астатніх сферах — страхаванні, адукацыі і іншых. З гэтым чыноўніца пагадзілася.

Абарона працягвалася каля дзвюх гадзін. З кожнай хвілінай колькасць кампліментаў у адрас Шчоткінай павялічвалася.

«Наш суіскальнік — унікум», — заявіла адна з экспертаў перад галасаваннем навуковай рады і выказала ўпэўненасць, што Шчоткіна не спыніцца на кандыдацкай дысертацыі.

Дэпутат і рэктар Акадэміі кіравання Марат Жылінскі расказаў, які гонар для прэзідэнцкай акадэміі, што іх ашчаслівіла Шчоткіна. Ён узгадаў, як дэпутаты хацелі знайсці недахопы ў нейкіх выступах Шчоткінай, але яна як навукоўца годна адказала ім.

«Я магу сказаць толькі дзякуй за вашу падтрымку», — падсумавала міністр працы і сацыяльнай абароны.

Дысертацыю Шчоткінай падтрымалі адзінагалосна. Па выніках тайнага галасавання навуковай рады, яе сярэдні бал — 4,8 па пяцібальнай сістэме. «Сусветны рэкорд! У нас такога выніка яшчэ не было! Максімум — 4,2», — заявіў навуковы сакратар.

Паводле працэдуры, канчатковае рашэнне застанецца за Вышэйшай атэстацыйнай камісіяй.

* * *

Як настаўніца з Запаляр’я ганяе беларускіх дармаедаў: гісторыя жыцця Марыяны Шчоткінай

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?