Цягам 1990-х на палітычнай арэне Беларусі была сіла, якая гучна заклікала беларусаў ізноў стаць рускімі, — афіцыйна зарэгістраваная палітычная партыя Славянскі Сабор «Белая Русь». Яна ставіла галоўнай мэтай стварэнне Саборнай Русі — дзяржавы, якая мусіла ахапіць тэрыторыі Беларусі, Украіны, Расіі, а таксама поўнач Казахстана. І першым крокам павінна была стаць інтэграцыя Беларусі і Расіі.

Раскрыць шматлікія аспекты існавання і дзейнасці антыбеларускай, па сутнасці, палітычнай партыі дапамагае ўнікальны дакументальны фонд, які захаваўся ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь. Аднак гэтыя матэрыялы практычна не ўключаны ў навуковы абарот, хаця менавіта з іх можна даведацца, хто з вядомых і сёння асобаў у Беларусі пачынаў кар’еру ў Саборы, якія адносіны былі ў Славянскага Сабора з Аляксандрам Лукашэнкам, як Славянскі Сабор браў удзел у распрацоўцы праекта Канстытуцыі, ухваленай на рэферэндуме 24 лістапада 1996 г., ды іншыя факты.

Спачатку варта перанесціся ў 6 чэрвеня 1992 года — у дзень, калі «Белая Русь» з’явілася на свет.

«Русь жывая і не змірылася з паразай»

Менавіта ў гэты дзень з удзелам 82 чалавек прайшоў першы з’езд арганізацыі, на якім былі зацверджаны назва партыі, статут, а таксама склад рэвізійнай камісіі.

Улічваючы тое, што ў статуце былі прапісаны палітычныя мэты, было прынята рашэнне зарэгістраваць Славянскі Сабор не ў якасці грамадскай арганізацыі, як было запланавана пачаткова, а палітычнай партыі. 26 жніўня адбыўся дадатковы з’езд з удзелам 102 чалавек (па тагачасным заканадаўстве рэспублікі палітычная партыя павінна была налічваць не менш за 100 чальцоў).

4 верасня 1992 г. партыя афіцыйна была зарэгістравана Міністэрствам юстыцыі і выйшла такім чынам на палітычную арэну.

Сярод мэтаў партыі былі і такія: абарона славянскіх інтарэсаў ва ўсіх сферах грамадскага жыцця; распаўсюд праваслаўнай святаайцоўскай веры ды іншыя. А чальцом партыі мог стаць любы грамадзянін, «які меў славянскую самасвядомасць».

Першапачаткова палітычную партыю ўзначалілі Міхаіл Ільін, Андрэй Цэгалка, Валерый Сураеў і Мікалай Сяргееў. Прычым, Мікалай Сяргееў меў пэўную перавагу над сваімі калегамі. Такое становішча назіралася да 1995 г., калі Сяргееў быў абраны адзіным старшынёй Сабора, атрымаўшы ўсю паўнату ўлады.

У сакавіку 1993 г. была зацверджана эмблема, якая ўяўляла сабой васьміканцовую зорку са стылізаванай выявай трызубца і адначасна атакоўнага сокала. На думку распрацоўшчыкаў эмблемы, калі трызубец увасабляў трыадзінства велікарусаў, беларусаў і маларусаў-украінцаў, то атакоўны сокал – знак Рурыкавічаў, да роду якіх належалі і полацкія князі. У сваю чаргу, васьміканцовая зорка – гэта знак Багародзіцы, «заступніцы славянаў і іх земляў».

У якасці сцяга выступала чорна-залаціста-белае палотнішча часоў Расійскай імперыі 1858—1883 гг. Так, у закліку моладзевай арганізацыі Сабора «Славянскія Сокалы» гаварылася наступнае: «Сёння мы апранаем зялёныя кашулі з чорна-залаціста-белымі павязкам і васьміканцовымі праваслаўнымі зоркамі ў знак таго, што Русь жывая і не змірылася з паразай».

У «Белай Русі» ўзніклі ўласныя структурныя падраздзяленні: аддзел аналітыкі і палітычнага прагназавання, адзел знешніх сувязяў, які ўзначаліў сам Сяргееў, аддзел гісторыі і культуры славян, аддзел нацыянальна-моўных праблем, юрыдычны аддзел, а таксама аддзел па сувязях з праваслаўнай царквой.

А ў 1994 г. з’явіўся і аддзел прапаганды, які «творча развівае традыцыйны рускі светапогляд; распрацоўвае методыку прапаганды ідэй Рускага Нацыянальнага Руху сярод розных пластоў насельніцтва Беларусі; рыхтуе прапагандысцкія і асветніцкія матэрыялы».

Сам аддзел складаўся з прэсавай службы, бібліятэкі, перыядычнага выдання, інфармацыйна-аналітычнага цэнтра і дыскусійнага клуба.

Арганізацыйная структура Славянскага Сабора канчаткова склалася ў канцы 1996 г. Славянскі Сабор меў адну абласную (Віцебск) і 15 гарадскіх арганізацый: Мінск, Слуцк, Заслаўе, Мар’іна Горка, Бабруйск, Гомель, Горкі, Віцебск, Полацк, Наваполацк, Гарадок, Орша, Лёзна, Кобрын, Гродна. Пры гэтым у Мінску і абласных цэнтрах арганізацыі Сабора дзейнічалі ва ўсіх раёнах гэтых гарадоў. Гродзенская і Гомельская абласныя арганізацыі, якія існавалі раней, былі ліквідаваны з-за недахопу сродкаў. У такім выглядзе структура праіснавала да знікнення партыі з палітычнай арэны.

Больш-менш устойлівымі былі арганізацыі ў сталіцы і абласных цэнтрах. Раённыя ж былі слабымі і патрабавалі ўвесь час фінансава-матэрыяльных рэсурсаў. Так, 15 мая 1994 г. пасяджэнне Слуцкай гарадской арганізацыі вырашыла звярнуцца з просьбай да кіраўніцтва «Белай Русі» аб матэрыяльнай дапамозе ў памеры 2 млн руб. Кіраўнік Слуцкай гарадской арганізацыі Папоў адзначаў у лісце: «Беднасць наша страшна перашкаджае працы, а залазіць у камерцыйную мафію непажадана. Слуцк такі горад, што ўсё навідавоку».

Далей Папоў прапаноўваў пералічыць гэтыя грошы ў якасці матэрыяльнай дапамогі аднаму з чальцоў арганізацыі, каб пазбегнуць непаразуменняў з падатковай інспекцыяй. Папоў лічыў, што два мільёны — «грошы мізэрныя, на тысячу старымі не пацягнуць».

Пасля паспяховай перарэгістрацыі 10 красавіка 1995 г. усе чальцы Славянскага Сабора падзяляліся на «саратнікаў», «паплечнікаў» і «прыхільнікаў». Такая градацыя ўлічвала ўклад кожнага чальца ў справу партыі. Па стане на 7 снежня 1996 г. партыя налічвала 656 чальцоў. З іх 25 — «саратнікі» і 71 — «паплечнікі». Менавіта «саратнікі» вырашалі прынцыповыя пытанні і мелі права падпісваць дакументы, а таксама выступаць ад імя партыі.

Статус «саратніка» быў нададзены Юрыю Азаронку, акцёру Уладзіміру Гасцюхіну, таксама студэнту гістафака БДУ Сяргею Шыптэнку. Сёння Шыптэнка — палітолаг, які актыўна супрацоўнічае з расійскімі сайтамі імперскай накіраванасці.

22 жніўня 1995 г. на камбінаце «Белшына» Славянскаму Сабору ўдалося стварыць прафсаюз, які ўзначаліў А. Бабасюк — старшыня Бабруйскай гарадской арганізацыі партыі. У адным з лістоў да Сяргеева Бабасюк сцвярджаў, што «незалежнымі прафсаюзамі ў Беларусі кіруюць шпіёны з-за мяжы і фінансуюць іх».

Цікава, што адміністрацыя прадпрыемства даволі варожа ставілася да «славянскага» прафсаюза. Па словах Бабасюка, яго вінавацілі ў сімпатыях да Лукашэнкі і г. д. Кар’ера Бабасюка перарвалася 19 жніўня 1997 г., калі ён быў арыштаваны за згвалтаванне жыхаркі Бабруйска.

У арышце Бабасюка ўнутры партыі пабачылі палітычную подбіўку. Кіраўнікі нават звярнулася да Лукашэнкі (Бабасюк працаваў у ягонай ініцыятыўнай групе ў 1994 г.), да Генпракурора Алега Бажэлкі і да Філарэта.

Ад «открития видио солона для показа патриотических фильмов» да стварэння дзяржавы

Аднак перадусім чальцы партыі не забываліся на сваю галоўную мэту – стварэнне псеўдадзяржавы Саборная Русь.

Як яны яе сабе ўяўлялі?

Вышэйшым органам заканадаўчай і прадстаўнічай улады Саборнай Русі абвяшчалася «Рада ўсёй зямлі» (Земскі сабор), якая зацвярджала асноўны закон – Саборнае Улажэнне. Земскі сабор ствараў орган выканаўчай улады – Вярхоўны Арбітр.

Дэкларавалася шырокая сацыяльная накіраванасць будучай дзяржавы. Усе паслугі (адукацыя, медыцына, бытавое абслугоўванне і інш.) абвяшчаліся бясплатнымі. Акрамя таго, прадугледжвалася «правесці праверку законнасці атрымання прыватнымі асобамі зямельных надзелаў пад будаўніцтва індывідуальнага жылля».

У эканамічнай сферы катэгарычным быў прынцып: «Шлях на Захад — шлях нікуды!». Ідэолагі «Белай Русі» аддавалі перавагу захаванню буйной савецкай прамысловай спадчыны і калгасна-саўгаснай сістэмы.

Апорай эканамічнай мадэлі партыі павінна была стаць вайсковая прамысловасць, дзеля чаго праграма патрабавала «спыніць разгромную [кан]версію ВПК». Асноўнай крыніцай валюты, паводле праграмы, быў гандаль айчыннай зброяй.

На фоне глабальнай праграмы «Белай Русі» была ўхвалена палітыка малых спраў: дапамога тым, хто жыве ў нястачы, супольнае з міліцыяй патруляванне вуліц па вечарах, стварэнне спартовых секцый па мнагабор'і.

Так, Гомельская гарадская арганізацыя прапанавала наступныя малыя справы: «откритие шахмотной секции для подростоков, откритие видио солона для показа патриотических фильмов» (арфаграфія захаваная).

Сваю ідэалогію Славянскі Сабор «Белая Русь» імкнуўся папулярызаваць рознымі захадамі.

У снежні 1992 г. пад эгідай Сабора прайшла навуковая канферэнцыя «Славянскі свет і сучаснасць», якая самой партыяй была адзначана як «паспяховая, з шырокім рэзанансам у прэсе». Сярод удзельнікаў канферэнцыі фігуравалі выкладчык з Данецку Ігар Карпенка, аспірант Сяргей Чалы, «навучэнец» Усевалад Янчэўскі.

«Ліквідацыя штучнага адарвання Беларусі ад Расіі»

Найважнейшым напрамкам дзейнасці партыі быў распаўсюд рускага свету ў Беларусі. Славянскі Сабор усяляк вітаў такія захады з боку Расіі.

Жыхароў Саборнай Русі ідэолагі Славянскага Сабора называлі не іначай як велікарусы, маларусы і беларусы. 20 чэрвеня 1994 г. Дума Сабора накіравала Барысу Ельцыну і кіраўніку Дзяржаўнай Думы Івану Рыбкіну заяву, змест якой, як кажуць, каментароў не патрабуе:

«У сувязі з увядзеннем новага расійскага пашпарта Славянскі Сабор звяртаецца да вас з просьбай вярнуць гістарычную назву «велікарус» частцы рускага народа, што жыве на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі, бо рускі народ складаецца не толькі з велікарусаў, а яшчэ з маларусаў (украінцаў) і беларусаў».

Зварот Славянскага Сабора «Белая Русь» да кіраўніцтва Расійскай Федэрацыі.

Зварот Славянскага Сабора «Белая Русь» да кіраўніцтва Расійскай Федэрацыі.

У 1993 г. партыя выступіла з прапановай стварыць гуманітарна-дабрачынны фонд «Русіч» ці «Заходні Рускі Дом». Ягоная мэта дзейнасці паўставала ў «аказанні дапамогі рускаму і рускамоўнаму насельніцтву, якое на дадзены момант складае большую частку жыхароў рэспублікі».

У праграме гэтай арганізацыі было прапісана наступнае: «спрыянне развіццю і прапагандзе рускай культуры, стварэнне Рускага ўніверсітэта ў Мінску, адбор таленавітай моладзі для навучання ў сярэдніх і вышэйшых навучальных установах Расіі, стварэнне ў Беларусі рускамоўнай тэлерадыёкампаніі, стварэнне Рускага Гандлёвага цэнтра і Рускага Заходняга банка, Стварэнне Рускай Страхавой кампаніі».

Падбухтораныя «саборцамі» выкладчыкі Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута прапанавалі стварыць у абласным цэнтры Рускі ўніверсітэт. Адной з галоўных мэт гэтай навучальнай установы дэкларавалася «ліквідацыя штучнага адарвання Беларусі ад Расіі».

21 сакавіка 1995 г. Мікалай Сяргееў стаў чальцом «Рады ўз’яднання Расіі», галоўныя задачы якой палягалі ва ўвядзенні двайнога грамадзянства ў Беларусі, Казахстане і Расіі і забеспячэнні ў гэтых краінах прыярытэтнага становішча рускай мовы, стварэнне адзінага мытнага звязу, эканамічнай, вайскова-стратэгічнай, навуковай, інфармацыйнай і культурнай прасторы.

Пры «Радзе ўз’яднання» планавалася стварыць Цэнтр рускай палітыкі з уласным выданнем, службай бяспекі і інфармацыйнай службай. Пры Цэнтры павінны былі функцыянаваць аддзелы эканомікі і гаспадаркі, праваслаўнай ідэалогіі, адраджэння казацтва.

11 чэрвеня 1996 г. на паседжанні праўлення Думы абмяркоўвалася цікавае пытанне, якое сведчыць, што экспансія расійскага ўплыву на былыя постсавецкія рэспублікі ажыццяўлялася (хай у мяккім варыянце) і пры дэмакратычным Ельцыне.

Справа ў тым, што 10 чэрвеня 1996 г. партыя атрымала з пасольства Расіі ў Беларусі ліст Міністэрства Расійскай Федэрацыі па справах нацыянальнасцяў і федэратыўных адносін. У лісце ішла гаворка пра тое, што расійская ўрадавая камісія па справах суайчыннікаў за мяжою зацвердзіла праграму павышэння кваліфікацыі настаўнікаў пачатковых класаў, гісторыі, рускай мовы і літаратуры з краін СНД у Маскве і Цверы. Для Беларусі ўстанаўлівалася квота ў 85 настаўнікаў: Мінск і Мінская вобласць — 20, Віцебская, Гродзенская і Магілёўская вобласці — 12, Брэсцкая — 13, Гомельская — 16.

Здавалася б, нічога дрэннага ў такой ініцыятыве няма, аднак адбор настаўнікаў, як вынікала з ліста расійскага міністэрства, павінны былі чамусьці ажыццяўляць «кіраўнікі рускіх арганізацый», а не афіцыйныя беларускія ўлады.

Дарэчы, ініцыятыва з настаўнікамі не была рэалізавана па прычыне летніх вакацый.

У снежні 1996 г. Мікалай Сяргееў стаў сустаршынёй камісіі па прысуджэнні прэміі «Баян», якую планавалася даваць «за адміністрацыйную, культурна-асветніцкую і літаратурна-мастацкую дзейнасць, скіраваную на адраджэнне славянскіх народаў, якая спрыяе іх яднанню шляхам засваення ганаровых і трагічных урокаў славянскай гісторыі і культуры, шляхам умацавання асноў славянскай духоўнасці». Штогод належала прысуджаць 8 прэмій (памер прэміі складаў 250 тагачасных расійскіх «мінімалак») і ўручаць іх на прыгранічнай тэрыторыі Беларусі, Расіі і Украіны.

Вельмі паказальна, што ў склад камісіі ўвайшлі будучы патрыярх Кірыл, старшыня Саюза пісьменнікаў Расіі, славянафіл Валерый Ганічаў, а таксама прыхільнік расійскага манархізму, скульптар і прэзідэнт Міжнароднага фонду славянскай пісьменнасці і культуры Вячаслаў Клыкаў. Менавіта Клыкаву ў сваім лісце ад 11 сакавіка 1994 г. Сяргееў адзначаў, што «трэба захаваць вялікую славянскую ідэю, якую сфармулявалі Аксакаў, Хамякоў, Дастаеўскі, Ільін, наш зямляк Саланевіч». Чальцом камісіі таксама стаў старшыня Фонду культуры Украіны, нацыянал-камуніст Барыс Алейнік.

Віншаванне Славянскага Сабора «Белая Русь» на адрас Уладзіміра Жырыноўскага.

Віншаванне Славянскага Сабора «Белая Русь» на адрас Уладзіміра Жырыноўскага.

Яшчэ адной формай дзейнасці Сабора стала падпісанне ягонымі прадстаўнікамі дэкларацый, дамоў з тоеснымі палітычнымі сіламі ў былых рэспубліках СССР. Такія дакументы часцей за ўсё былі прасякнутыя фаталізмам, нянавісцю да ўсяго новага, заклікамі са зброяй у руках змагацца да канца і г. д.

Напрыклад, так званая Кіеўская дэкларацыя 1996 года, у якой гаварылася: «Сёння, калі вырашаецца лёс славянаў і белага свету ў цэлым, галоўнае значэнне набывае баявы звяз славянскіх радыкальных нацыяналістаў. У нас супольная мэта — імперыя. Лёс вырашыць, дзе будзе яе сэрца. У нас супольны вораг — касмапалітычны новы сусветны парадак з яго матэрыялізмам і дыктатурай залатога цяльца. Жыве Нацыянальная рэвалюцыя! Жыве новая будучая імперыя!».

Моўная палітыка зводзілася да таго, каб надаць рускай мове статус дзяржаўнай, а беларускай вярнуць яе «спрадвечнае, неперакручанае «беларусізатарамі» гучанне, узяць за ўзор мову Георгія Скарыны».

Таму аналагічная прапанова, зробленая кандыдатам Мікалаем Улаховічам у апошнія прэзідэнцкія выбары, не з’яўляецца навіной.

Трэба аддаць належнае пазіцыі афіцыйных органаў, якія ў часы Шушкевіча і Кебіча не толькі не віталі ініцыятыву Сабора па ўвядзенні двухмоўя, але лічылі яе шкоднай. Так, у лісце міністра юстыцыі Леаніда Дашука ад 31 сакавіка 1993 г. на адрас Думы гаварылася, што «абвяшчэнне афіцыйнага двухмоўя прывядзе да заняпаду беларускай мовы».

16 красавіка 1993 г. Акадэмія Навук Беларусі дала Славянскаму Сабору тлумачэнне па праблеме двухмоўя. Урывак з адказу варты таго, каб працытаваць яго цалкам: «Любая нацыянальная мова, у тым ліку і беларуская, дае ў гістарычнай перспектыве значна больш шанцаў любому прадстаўніку свайго народа найбольш лёгкім шляхам авалодаць дасягненнямі чалавецтва ў галіне навукі і культуры, чым мовы наднацыянальныя. Вось чаму сярэдневяковая латынь на пэўным этапе стала тормазам развіцця навукі ў эпоху Адраджэння і была заменена нацыянальнымі мовамі. Не вытрымала выпрабавання і нямецкая мова паміж дзвюма сусветнымі войнамі. Можна дапусціць, што і прэтэнзіі англійскай мовы на панаванне ў гэтай сферы не вечныя, як не вечныя такія прэтэнзіі і рускай мовы на значнай частцы еўразійскага кантынента».

Павел Якубовіч — «праціўнік інтэграцыі з Расіяй»

З першых часоў існавання партыі паўстала пытанне аб яе друкаваным органе, які першапачаткова планавалася назваць «За веру и верность». У якасці прыярытэтных задач выдання Сяргееў акрэсліў фармаванне грамадскай думкі аб неабходнасці ўвядзення двухмоўя, а таксама стварэнне аб’ектыўнай гісторыі Беларусі «ў сувязі з фальсіфікацыямі».

Друкаваны орган Сабора з’яўвіўся ў студзені 1993 г. пад назвай «Русь Белая. Газета славянофилов Придвинья». Аднак з верасня 1994 г. «Русь Белая» ўжо называлася як газета Славянскага Сабора «Белая Русь». Яе рэдагаваў А. Мішурны. Са студзеня 1995 г. на шапцы выдання з’явіўся надпіс «За веру и верность».

Назвы матэрыялаў выдання кажуць самі за сябе: «Злачынная роля МВФ у постсавецкім грамадстве», «П.А. Сталыпін — абаронца беларусаў», «Кастусь і яго каманда» і інш. Пры аналізе такіх публікцый можна зрабіць выснову, што яны ўяўляюць сабой прымітыўныя сентэнцыі расійскіх славянафілаў і прадстаўнікоў заходнерусізму (М. Каяловіч, чыя «Гісторыя Заходняй Русі», па словах Сяргеева, была перавыдадзена 15 раз, Л. Саланевіч), а самі аўтары не валодаюць нават элементарнымі метадамі аналізу, неабходнай эрудыцыяй, не кажучы пра прафесійную падрыхтоўку. Нізкая якасць матэрыялаў выклікала крытыку саміх членаў Сабора, якія пагадзіліся, што газета друкуе «занадта вялікія артыкулы, якія незразумелыя простым людзям».

З усіх аўтараў «Руси Белой» можна адзначыць жыхарку Віцебска Музу Іванаўну Тарасевіч. Менавіта яе артыкулы адрозніваюцца найбольшай непрымірымасцю да ўсяго беларускага, да існавання самой Беларусі як нацыянальнай дзяржавы. У лістападаўскім выданні «Руси Белой» за 1993 г. у артыкуле «Уся надзея на заморскага дзядзьку» Тарасевіч, у прыватнасці пісала: «Лягчэй выбірацца з крызісу разам з рускім народам, то бок, у складзе Расіі. Лепш аддаць свой лёс вялікай Расіі». У лістападзе 1994 г. Тарасевіч абараняла «русскоязычного Александра свет Григорьевича»: «Шаноўны прэзідэнт, мы чакаем ад вас указа пра двухмоўе».

Высілкі Музы Іванаўны не засталіся без увагі. 7 ліпеня 1996 г. «за актыўную патрыятычную дзейнасць» Тарасевіч быў нададзены статус «саратніка».

У імкненні зрабіць сваю газету папулярнай і ўплывовай Славянскі Сабор не пакідаў па-за ўвагай іншыя буйныя выданні. Бадай, самую варожую пазіцыю партыя заняла да ўласнага органа Вярхоўнага Савета – «Народнай газеты», якая нібыта стала органам БНФ і быццам бы дэманструе на сваіх старонках «заалагічную нянавісць да Расіі і вялікага рускага народа». Славянскі Сабор неаднаразова патрабаваў ад Вярхоўнага Савета пакончыць «з антырасійскай істэрыяй» з боку «Народнай газеты». 3 сакавіка 1993 г. на паседжанні Думы Сабора было прынята рашэнне правесці пікетаванне рэдакцыі «Народной газеты» «ў сувязі з шалёнай антырускай прапагандай на яе старонках». Таму нядзіўна, што Сабор вітаў зняцце з пасады Лукашэнкам галоўнага рэдактара «Народнай газеты» Іосіфа Сярэдзіча ў сакавіку 1995 г., хаця гэта была выключна прэрагатыва парламента.

На гэтым, праўда, «саборцы» не супакоіліся. У 1996 г. Дума Сабора патрабавала зняць з пасады галоўнага рэдактара «Народнай газеты» Мікалая Галко за публікацыю артыкула «Што будзе пасля Ельцына?», які выйшаў у 65-гадовы юбілей расійскага лідара. Аўтар – уласны карэспандэнт «Народнай газеты» ў Маскве Леанід Фадзееў, ацэньваючы шанцы Ельцына на новы прэзідэнцкі тэрмін як мінімальныя, тым не менш, прароцкі адзначаў небяспеку зыходу апошняга: «Рэальнасць такая, што Расія пасля Ельцына можа стаць крэпасцю фашыствуючага нацыянал-патрыятычнага рэжыму, стаць выклятым ворагам цывілізацыі. Сапраўды, Расія — дарунак нябёс для міжнароднага фашысцкага капіталу, а Дума — прыстанак фашызму».

У 1997 г. «Белая Русь» аказалася ўцягнутай у канфлікт з «Советской Белоруссией» і асабіста з яе галоўным рэдактарам Паўлам Якубовічам.

Справа ў тым, што чальцом Славянскага Сабора з’яўляўся журналіст, галоўны рэдактар газеты «Знамя юности» Ігар Гукоўскі. І не проста з’яўляўся, але нават у 1994 г. прадставіў сваю кватэру ў якасці юрыдычнага адраса для рэгістрацыі ў Мінску Мірашнічэнкаўскай арганізацыі партыі. 3 мая 1997 г. у «Советской Белоруссии» адносна Гукоўскага быў надрукаваны разгромны матэрыял начальніка Галоўнага кантрольна-рэвізійнага ўпраўлення Дзяржкантролю Рыгора Ложачніка. Высокапастаўлены чыноўнік вінаваціў галоўнага рэдактара ў злоўжываннях службовым становішчам, неэфектыўным выкарыстанні бюджэтных сродкаў. Не менш забойным быў каментар рэдакцыі, з якога вынікала, што ў «Знамени юности» «чыніліся цёмныя справы, а некаторыя маладыя супрацоўнікі сталі заўсёднікамі дзяжурнай частцы Савецкага РАУС». Сам Гукоўскі ў каментары быў прадстаўлены грамадскасці як «малады кіраўнік, які расперазаўся, стаў дазваляць сабе напышлівы тон, грубасць».

Славянскі Сабор накіраваў на імя Лукашэнкі зварот з патрабаваннем спыніць пераслед Гукоўскага. У пратэсце ва ўсіх бедах абвінавачваўся Якубовіч – «праціўнік інтэграцыі з Расіяй», які «разам з такімі спадарамі як Багданкевіч, Голубеў, Булахаў, Дабравольскі ўваходзіць у кіраўніцтва «антыпрэзідэнцкага» аналітычнага цэнтра «Усход-Захад», мэтай якога з'яўляецца звяржэнне Лукашэнкі, канчатковы адрыў Беларусі ад Расіі і ўцягванне РБ у склад антыславянскага вайскова-палітычнага блока НАТА, што няўхільна пацягне за сабой страту беларускім народам усялякай самастойнасці і ператварэнне Беларусі ў «крэсы ўсходні» новай Рэчы Паспалітай».

У канцы звароту было наступнае: «Лічым, што такі двудушны і крывадушны чалавек як Павел Ізотавіч-Ізраілевіч Якубовіч не можа ўзначальваць прэзідэнцкую газету «Советская Белоруссия»».

Высілкі Славянскага Сабора па абароне галоўнага рэдактара газеты «Знамя Юности» не далі плёну. 19 лістапада 1998 г. Лукашэнка падпісаў указ аб вызваленні Гукоўскага з пасады «ў сувязі з пераводам на іншую працу».

«Нацыяналісты, фашысты, этнарадыкалы»

Галоўным палітычным ворагам Славянскага Сабора паўставаў Беларускі Народны Фронт, якога «саборцы» вінавацілі ва ўсіх бедах краіны. Крытыкаваў Сабор і іншыя партыі і аб’яднанні нацыянальнага кірунку – Беларускую сацыял-дэмакратычную грамаду, Беларускае згуртаванне вайскоўцаў і інш.

Нацыяналісты, фашысты, этнарадыкалы — вось асноўныя эпітэты, якімі ўзнагароджваліся прыхільнікі нацыянальнай дзяржавы. У сваіх закліках і зваротах «саборцы» малявалі апакаліптычныя сцэнары для краіны ў выпадку прыходу да ўлады нацыянальных сіл, пужалі насельніцтва моўным уціскам.

Нават пасля прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі «Белая Русь» сцвярджала, што ў ягоным атачэнні стаіліся паплечнікі БНФ. Напрыклад, у звароце Сабора да прэзідэнта 19 кастрычніка 1994 г. крытыкаваўся міністр замежных спраў Уладзімір Сянько, які нібыта ператварае Беларусь «у вечнага даўжніка і васала ЗША». У снежні 1994 г. «Белая Русь» заявіла, што рэалізацыя прэзідэнцкай праграмы па неадкладных захадах выхаду рэспублікі з крызісу адпавядае мэтам БНФ.

Пэўны грамадскі рэзананс атрымаў інцыдэнт, які адбыўся 18 снежня 1994 г. у Доме культуры аднаго са сталічных прадпрыемстваў. У гэты дзень у ДК па ініцыятыве кіраўніка эпатажнага беларускага рок-гурту «Чырвоныя зоркі» Уладзіміра Селіванава планавалася сустрэча з лідарам расійскіх нацыянал-бальшавікоў Эдуардам Лімонавым, а таксама з рэдактарам рэлігійна-акультных і расійска-шавінісцкіх часопісаў «Элементы» і «Мілый ангел» Аляксандрам Дугіным. Аднак сустрэча не адбылася з-за рашучых намаганняў прыхільнікаў БНФ, БЗВ, а таксама «Правага рэваншу». У выніку нацболы і «саборцы» разбегліся.

У заяве на імя пракурора Мінска Сяргееў сцвярджаў, што на іх напалі 400 нацыяналістаў і толькі «аператыўныя дзеянні АМАПа літаральна выратавалі ўдзельнікаў сустрэчы ад фізічнай расправы раз'юшанага натоўпу прыхільнікаў БНФ». Крымінальная справа спачатку была заведзена, але потым спынена.

Бадай, самая жорсткая заява Славянскага Сабора ў дачыненні да нацыянальных сіл была зроблена ў 1995 г. пасля яшчэ аднаго інцыдэнту — фізічнага сутыкнення Азаронка і Мікалая Статкевіча. Кіраўнік БЗВ прыйшоў дамоў да рэжысёра, каб высветліць адносіны: у «Дзецях ілжы» Статкевіч фігураваў як адмоўны персанаж. У гэтай заяве на імя Лукашэнкі інцыдэнт быў расцэнены як бандыцкае нападзенне на рэжысёра, як акт палітычнага тэрарызму.

У сувязі з гэтым Славянскі Сабор заклікаў Лукашэнку «рашучым чынам спыніць дзейнасць антыдзяржаўных тэрарыстычных фарміраванняў». Калі гэта не будзе своечасова зроблена, гаварылася ў заяве, то «Славянскі Сабор будзе вымушаны прыняць адпаведныя меры па сваёй абароне, што няўхільна паставіць грамадства на мяжу грамадзянскага супрацьстаяння».

Якія ж адносіны былі ў Славянскага Сабора з палітычнымі сіламі іншага кірунку? Яшчэ ў жніўні 1992 г. сярод «саборцаў» адбыўся пэўны раскол па пытанні ўзаемадзеяння «Белай Русі» з партыямі і рухамі левага спектру кшталту камуністаў Беларусі, «Руху за дэмакратыю, сацыяльны прагрэс і справядлівасць» і інш. Адны лічылі, што з імі супрацоўнічаць не трэба, бо гэта нібыта псуе імідж Сабора. Аднак кіраўніцтва Сабора ў асобе Сяргеева выступіла «за тактычныя кампрамісы з патрыятычнымі, дзяржаўніцкімі элементамі ў рухах і арганізацыях».

У красавіку 1993 г. Славянскі Сабор стаў адным з заснавальнікаў Народнага руху Беларусі — пракебічаўскай парасонавай структуры, якая злучыла ажно 18 партый і аб’яднанняў: Саюз афіцэраў Беларусі, Камітэт салдацкіх маці, грамадска-культурнае таварыства «Палессе».

Усе гэтыя сілы выступалі супраць незалежнасці Беларусі, а «Палессе» — яшчэ і за стварэнне асобнай Палескай рэспублікі з уласнай мовай. На чале руху стаў кадравы вайсковец Сяргей Гайдукевіч, які дагэтуль застаецца пры палітыцы.

У верасні 1993 г. прадстаўнікі Славянскага Сабора прынялі ўдзел у скліканым па ініцыятыве Народнага руху Кангрэсе народа Беларусі, які фактычна адмаўляў Беларусь як суверэнную дзяржаву. Але Народны рух ніколі не быў уплывовай палітычнай сілай, а, хутчэй, піяр-праектам у піку Народнаму Фронту.

Галоўным спадзяваннем «саборцаў» было, што перамогу ў Расіі рана ці позна атрымаюць «чырвона-карычневыя», праімперскія сілы.

Так, 22 сакавіка 1993 г. Дума накіравала на адрас старшыні Вярхоўнага Савета Расіі Руслана Хасбулатава тэлеграму, у якой выказвалася «падтрымка яго мужнаму змаганню супраць замахаў на асновы канстытуцыйнага ладу».

Маскоўскія падзеі 21 верасня — 5 кастрычніка 1993 г. Славянскі Сабор адназначна ахарактарызаваў як «антыканстытуцыйны пераварот, здзейснены злачыннай зграяй Ельцына», у выніку чаго ўладу захапілі «злачынныя сілы, дзейнасць якіх па разбурэнні Рускай дзяржавы не мае аналагаў за больш чым 1000-гадовую гісторыю Русі». У заяве выказвалася вера ў тое, што «сатанінская сіла будзе расцярушана, і ўсім адплаціцца па справах іх: героям — вечная слава, юдам — вечны праклён».

Адвечнае супрацьстаянне

Аналіз праграмы «Белай Русі» будзе няпоўным, калі па-за дужкамі пакінуць замежную палітыку. Яе дактрынальныя палажэнні ў вуснах «саборцаў» не былі арыгінальнымі, бо ўяўлялі сабой ідэі накшталт тэорыі расійскіх славянафілаў (М. Данілеўскі і інш.) адвечнага супрацьстаяння Расіі і Захаду.

Галоўная роля ворагаў Русі адводзілася Злучаным Штатам і Вялікабрытаніі, а таксама ваенна-палітычнаму блоку НАТА.

25 ліпеня 1994 г. на адрас Ельцына і Рыбкіна ад Славянскага Сабора паступіў зварот з заклікам «не дапусціць супольных амерыканска-расійскіх вучэнняў у сэрцы абароннай прамысловасці Расіі — на Паўднёвым Урале», бо гэта «нясе выгаду толькі амерыканскаму боку і наносіць шкоду інтарэсу ўсёй нашай Вялікай Айчыны».

Шалёнай крытыцы з боку Славянскага Сабора падверглася натаўская праграма «Партнёрства ў імя міру», метафарычна названая ў адмысловай заяве «Белай Русі» «прылазнікам НАТА».

Саюзнікам Русі ў супрацьстаянні з ЗША і НАТА Славянскі Сабор лічыў Кітай. У архіве захаваўся зварот Думы да старшыні Дзяржсавета КНР Лі Пэна ад 14 сакавіка 1996 г. У звароце падтрымлівалася афіцыйная лінія Пекіна ад недапушчальнасці «двух Кітаяў» і гаварылася, што Тайвань — «спрадвечна кітайская тэрыторыя». У звароце выказвалася ўпэўненасць у тым, што «у выпадку нападу з боку ЗША кітайская дзяржава нанясе знішчальную паразу гэтаму сусветнаму жандару».

У якасці патэнцыйнага ворага Русі дэкларавалася Германія, прычым аргументы на гэты конт былі вельмі прымітыўныя: «заўсімстаіцьфігурапанурагатэўтонца». Праўда, партыя не выключала, што саюз Германіі і Саборнай Русі цалкам магчымы. Больш таго, такі саюз стрымліваў бы амбіцыі «трохкутніка Вашынгтон — Лондан — Тэль-Авіў».

Ізраіль лічыўся «саборцамі» небяспечнай крыніцай сіянізму. Так, канстытуцыйную рэформу расійскага лідара Барыса Ельцына і падзеі 21 верасня — 5 кастрычніка 1993 г. Славянскі Сабор расцаніў як змову не толькі амерыканскага, але і «міжнароднага сіянізму».

У лісце да Бутраса Галі Славянскі Сабор папракаў ААН, што яна «не прымае ніякіх практычных мер супраць Ізраіля, грамадзяне якога бяскарна, на працягу шматлікіх гадоў вядуць знішчэнне арабаў Палестыны».

У лісце да Садама Хусэйна 1998 года Славянскі Сабор захапляўся гераічнай барацьбой іракскага дыктатара «супраць амерыканскага імперыялізму і сусветнага сіянізму».

Яшчэ адну небяспеку для рускіх, на думку ідэолагаў Славянскага Сабора, уяўляла «мусульманска-каўказская экспансія».

Яе мэта палягала нібыта «у ціхім захопе славянскіх земляў дзеля стварэння мусульманскай федэрацыі». У мусульманскім аспекце ідэолагі Сабору асабліва дэманазавалі Турцыю — «новую Асманскую імперыю, якая хоча ператварыць Чорнае мора ў сваё ўнутранае возера». У сувязі з гэтым цікавым з’яўляецца ліст Славянскага Сабора ад 30 жніўня 1993 г. на адрас старшыні Вярхоўнага Савета і старшыні Савета Міністраў Крыма, у якім мела месца прапанова «надаць Чарнаморскаму флоту статус агульнарускага вайскова-марскога злучэння, фінансаванне і камплектаванне якога здзяйсняць супольна Расіі, Украіне і Беларусі».

Своеасаблівая фобія «Белай Русі» перад туркамі адлюстравана і ў адной з заяваў у снежні 1994 г. Турцыя абвінавачвалася ў тым, што «праз свае спецслужбы (…) вядзе варожую дзейнасць супраць нашай рэспублікі».

Галоўную ўвагу на палітычнай арэне Славянскі Сабор надаваў былой Югаславіі. Захавалася мноства гнеўных зваротаў, заяў кіраўніцтва партыі з ультыматыўнымі патрабаваннямі неўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы гэтага рэгіёна, адпаведных заяў у Мінгарвыканкам на пікетаванне амбасад вядучых дзяржаў.

Толькі на працягу красавіка 1993 г. Славянскі Сабор звярнуўся да ЗША, Англіі, Германіі, Францыі і нават Нідэрландаў з заклікам «неадкладнага спынення ўзброенага ці якога-небудзь іншага ўмяшання ва ўнутраныя справы балканскіх славянаў». Інакш Сабор пакідаў за сабой «права скарыстаць усе даступныя яму сродкі».

Найбольш пакрыўджанымі Славянскі Сабор лічыў сербаў. У лютым 1993 г. ён выступіў з ініцыятывай стварэння таварыства беларуска-сербскага сяброўства «ў сувязі са становішчам на Балканах». У звароце да Генеральнага сакратара ААН Бутраса Галі «Белая Русь» выказала «рашучы пратэст супраць агрэсіі ў дачыненні да сербаў», а Лукашэнку прапанавала «падаць руку дапамогі братам сербам, як гэта было прынята ў славянаў на працягу ўсёй нашай гісторыі».

«Белая Русь» імкнулася разыграць нацыянальную карту і ў Прыбалтыцы. 22 ліпеня 1993 г. Дума Славянскага Сабора накіравала віншавальную тэлеграму жыхарам гарадоў Нарва і Сіламяэ з нагоды правядзення рэферэндуму аб статусе гэтых эстонскіх населеных пунктаў з большасцю рускамоўнага насельніцтва. У тэлеграме, у прыватнасці, гаварылася наступнае: «Вы паказалі цвёрдую рашучасць славяна-росаў абараніць сябе ад дзеяння дыскрымінацыйных законаў, што прымаюцца эстонскім парламентам, які знаходзіцца пад поўным кантролем этнарадыкальных элементаў».

У якасці аднаго з небяспечных ворагаў Беларусі Славянскі Сабор лічыў суседнюю Польшчу. Так, 31 кастрычніка 1993 г. кіраўнік Гродзенскай абласной арганізацыі «Белай Русі», будучы дарадца прэзідэнта Лукашэнкі Сяргей Посахаў, заявіў, што з боку Варшавы фактычна ідзе «праца па адрыванні Заходняй Беларусі: 62 маладыя польскія ксяндзы вядуць службу ў выдатна адрамантаваных касцёлах, у Польшчы напоўніцу выдаюцца карты, дзе межы праходзяць каля Мінска».

Лукашэнка — «адзіная перашкода»

З самага пачатку свайго існавання Славянскі Сабор імкнуўся стаць партыяй дзеяння, дэманстраваў сур’ёзнасць намераў застацца ў вялікай палітыцы.

У кастрычніку 1992 г. прадстаўнікі «Белой Руси» ўзялі ўдзел у выбарах у Вярхоўны Савет па тых акругах, дзе кандыдаты так і не былі абраны.

Сяргей Чалы, напрыклад, вылучаўся па Аэрафлоцкай выбарчай акрузе і ішоў у парламент пад лозунгам надання рускай мове статусу дзяржаўнай.

Аднак ні адзін прадстаўнік Сабора не атрымаў тады запаветны дэпутацкі мандат. Увогуле далейшая спроба «Белай Русі» прайсці ў вышэйшы і заканадаўчы орган улады поспеху не мела. Ніхто з кандыдатаў (Сяргееў, Азаронак, Гасцюхін і інш.) ад гэтай палітычнай партыі нават не прайшоў у другі тур на выбарах у маі 1995 г. у Вярхоўны Савет XIII склікання. Такая сітуацыя назіралася і на паўторных выбарах у лістападзе-снежні 1995 г.

Адна са старонак палітычнага жыцця «Белой Руси», якую нельга абмінуць, тычыцца ўзаемаадносін Славянскага Сабора і Аляксандра Лукашэнкі. Славянскі Сабор «Белая Русь» — першая палітычная арганізацыя, якая зрабіла стаўку на гэтага чалавека.

У рэзалюцыі пасяджэння праўлення Думы Сабора ад 14 снежня 1993 г. можна прачытаць: «Апублікаваць у сродках масавай інфармацыі заявы ў падтрымку выступу дэпутата Лукашэнкі».

Таму, калі ў краіне распачалася першая прэзідэнцкая кампанія, для Славянскага Сабора не існавала дылемы, каго падтрымліваць. Справа ў тым, што 17 лютага 1994 г. на паседжанні Думы разглядалася пытанне адносна ўвядзення ў Беларусі прэзідэнцкай пасады. У выніку было канстатавана наступнае:

«Інстытут прэзідэнцтва арганічна чужы славянскай саборнасці, народнаму менталітэту, прыўнесены да нас з Захаду». Аднак «у выпадку такіх уводзін Сабор павінен падтрымаць таго кандыдата, які будзе стаяць на пазіцыях патрыятызму і славянскага адзінства, саюза з Расіяй і Украінай».

2 сакавіка 1994 г. кіраўніцтва Сабора сустрэлася з Лукашэнкам. Вынікам такой сустрэчы стала паседжанне Думы, на якім большасць ухваліла кандыдатуру Лукашэнкі па пасаду прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Таксама была выказана думка наконт таго, што «пераважная большасць нізавых структур партыі, большасць «саборцаў» катэгарычна «за» Лукашэнку як кандыдата ў прэзідэнты Беларусі», бо ягоныя погляды «найбольш поўна адлюстроўваюць інтарэсы народа Беларусі, блізкія да пазіцыі Сабора».

Адзіным, хто выказаўся супраць Лукашэнкі, стаў член Думы, прафесар Валянцін Акулаў. Ён заявіў, што ў Лукашэнкі шмат плюсаў, аднак падтрымка прэм’ер-міністра Вячаслава Кебіча, на думку Акулава, найбольш адпавядала б лініі Сабора.

Сам Лукашэнка, здавалася, апраўдваў надзеі «Белай Русі». На нечарговай 14-й сесіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь 27 красавіка 1994 г. дэпутат заявіў, што ў выпадку ягонай перамогі на прэзідэнцкіх выбарах ён будзе ініцыяваць рэферэндум аб саюзе Беларусі, Расіі і Украіны.

Аднак шляхі Славянскага Сабора і Лукашэнкі разышліся. Гэта было звязана з тым, што пад ціскам уладаў, у прыватнасці, набліжанага да Кебіча высокапастаўленага дзяржаўнага чыноўніка Генадзя Данілава і кіраўніка Народнага руху Беларусі Сяргея Гайдукевіча, партыя адмовілася падтрымліваць Лукашэнку.

10 мая 1994 г. у адмысловым звароце Славянскі Сабор «Белая Русь» растлумачыў сваю пазіцыю па пытанні аб выхадзе з ініцыятыўнай групы Лукашэнкі па зборы подпісаў.

Адной з прычын разыходжанняў з ім стала наяўнасць у ягоным атачэнні асоб, якія быццам бы выступаюць супраць інтэграцыі з Расіяй і Дамовы аб аб’яднанні грашовых сістэм Беларусі і Расіі ад 12 красавіка 1994 г., падпісанай Кебічам і Віктарам Чарнамырдзіным.

Сярод асоб, напрыклад, узгадаўся Валерый Цапкала, які да ўваходжання ў каманду Лукашэнкі працаваў саветнікам былога кіраўніка Вярхоўнага Савета Станіслава Шушкевіча. У звароце Цапкала характарызаваўся як «рашучы прыхільнік уводзін у рэспубліцы нацыянальнай валюты і каланізацыі беларускай эканомікі заходнімі нацыянальнымі ТНК». Таксама крытыцы падвергліся іншыя паплечнікі Лукашэнкі: Віктар Ганчар і Дзмітрый Булахаў, якія напярэдадні здейзнілі свой візіт у штаб-кватэру НАТА ў Брусель, Анатоль Лябездька («прыхільнік антырасійскай польска-літоўска-беларускай канфедэрацыі»), дэпутат Віктар Шэйман, які ў свой час з’яўляўся членам Беларускага згуртавання вайскоўцаў.

Зварот заканчваўся канстатацыяй таго, што «Лукашэнка апынуўся ў палоне свайго атачэння, якое вядзе падазроную палітычную гульню з адзінствам славянскіх народаў як разменнай манетай».

На наступны дзень 11 мая 1994 г. на пашыраным паседжанні выканаўчага камітэта Славянскага Сабору і праўлення Думы (прысутнічалі 28 чалавек) Сяргееў удакладніў падрабязнасці разыходжанняў з Лукашэнкам.

Па словах Сяргеева, дэпутат адмовіўся падпісаць паперу, дзе было сказана, што ён пасля прыходу да ўлады будзе ініцыяваць рэферэндум пра далучэнне да Расіі і двухмоўе. Лукашэнка, паведаміў Сяргееў, пачаў крытыкаваць «рублёвае пагадненне» (Дамову ад 12 красавіка 1994 г.).

Сяргееў таксама праінфармаваў, што прадстаўнікам Сабора ў ініцыятыўнай групе Лукашэнкі была фактычна адведзена роля «фігавага лістка і адмоўлена ў канцэпцыі прапаганды», нягледзячы, напрыклад, на тое, што Усевалад Янчэўскі зрабіў «праект самай удалай улёткі».

Адмова падтрымліваць Лукашэнку выклікала ў Славянскім Саборы «Белая Русь» раскол.

Супраць цэнтральнага кіраўніцтва выступіла Мінская гарадская арганізацыя партыі на чале з Ю. Голубевым. 7 чэрвеня 1994 г. у адпаведнай пастанове сходу «за ажыццяўленне бруднай палітычнай правакацыі, скіраванай супраць кандыдата ў прэзідэнты, народнага дэпутата Вярхоўнай Савета Рэспублікі Беларусь А.Г. Лукашэнка, якая нанесла каласальную маральна-палітычную шкоду аўтарытэту партыі», недавер выказваўся Мікалаю Сяргееву. Мінская гарадская арганізацыя рашуча адмовілася падпарадкоўвацца цэнтру і запатрабавала правядзенне пазачарговага з'езда партыі для вырашэння арганізацыйна-палітычных пытанняў. Але Сяргееву ўдалося пераадолець і гэтую праблему, вывесці са складу партыі «раскольнікаў». Хутка і сам Сяргееў па сумяшчальніцтве ўзначаліў Мінскую гарадскую арганізацыю.

Пасля прыходу Лукашэнкі да ўлады кіраўніцтва Славянскага Сабора зразумела, якую буйную палітычную памылку дапусціла. З гэтага моманту партыя ўсімі сіламі імкнулася рэабілітаваць сябе ў вачах Лукашэнкі, падтрымліваючы ўсе ініцыятывы апошняга, спадзеючыся, напэўна, на нешта большае.

Так, 16 мая 1995 г. Славянскі Сабор, віншуючы Лукашэнку з вынікамі рэферэндуму, выказваў упэўненасць, што «ніякія перашкоды не спыняць Вас на высакародным шляху яднання славянаў».

17 снежня 1995 г. Дума звярнулася да Лукашэнкі з наступнай прапановай: зацвердзіць дзень 25 снежня ў якасці дзяржаўнага свята і назваць яго «днём яднання Русі». Аргументавалася гэта тым, што 25 снежня 1795 г. Кацярына II падпісала ўказ ад далучэнні да Расіі, як было занатавана ў звароце, «зямель Заходняй Русі», хаця гаворка ва ўказе ішла аб Вялікім княстве Літоўскім.

Больш таго, «саборцы» настойвалі на стварэнні спецыяльнай камісіі на дзяржаўным узроўні па святкаванні двухсотгадовага юбілею гэтага «уз’яднання».

Мікалай Сяргееў дагаварыўся да таго, што назваў Лукашэнку «адзінай перашкодай на шляху рэалізацыі планаў Захаду па паглынанні Беларусі Польшчай і стварэнню новай Рэчы Паспалітай у складзе Польшчы, Беларусі, Украіны і, магчыма, Літвы».

Славянскі Сабор без ваганняў падтрымаў у 1996 г. новую ініцыятыву Лукашэнкі аб правядзенні рэспубліканскага рэферэндуму, выступіў супраць Вярхоўнага Савета XIII склікання, які нібыта «стаў на шлях падману народа».

19 чэрвеня 1996 г. Славянскі Сабор стаў першай палітычнай сілай, хто звярнуўся да Лукашэнкі з пытаннем аб пераносе Дня Незалежнасці з 27 ліпеня на 3 ліпеня.

Пры гэтым галоўнай прычынай пераносу тлумачылася чамусьці не вызваленне Мінска, а той факт, што 27 ліпеня 1942 г. «кат беларускага народа, гітлераўскі гаўляйтар Беларусі Кубэ блаславіў паліцаяў, калабарацыяністаў, здраднікаў і іншых фашысцкіх паслугачоў з ліку мясцовых нацыяналістаў на тэрор супраць уласнага народа». Дума Славянскага Сабора «з задавальненнем канстатавала», што ў пералік пытанняў, вынесеных прэзідэнтам на рэферэндум, уключана пытанне і аб пераносе галоўнага дзяржаўнага свята.

Члены Славянскага Сабора на Дні Незалежнасці 27 ліпеня 1993 г. у Гомелі. На адваротным баку фотаздымка словы «Дзень Незалежнасці» дэманстратыўна ўзятыя ў двукоссе.

Члены Славянскага Сабора на Дні Незалежнасці 27 ліпеня 1993 г. у Гомелі. На адваротным баку фотаздымка словы «Дзень Незалежнасці» дэманстратыўна ўзятыя ў двукоссе.

Таксама вынесены на рэферэндум лукашэнкаўскі праект Канстытуцыі (апублікаваны ў канцы жніўня 1996 г.), паводле якога кіраўнік дзяржавы канцэнтраваў у сваіх руках усю паўнату выканаўчай улады і, акрамя таго, надзяляўся істотнымі заканадаўчымі паўнамоцтвамі, быў ацэнены Саборам як «нядрэнны».

Дума зацвердзіла наступныя прапановы да прэзідэнцкага праекта. Па-першае, змяніць папярэднюю назву верхняй палаты Нацыянальнага сходу — Сенат, — бо «гэта назва характэрная для рымска-каталіцкага свету, але зусім не для славяна-праваслаўнага».

Па-другое, змяніць рэдакцыю артыкула 17 і запісаць, што дзяржаўнымі мовамі ў краіне з’яўляюцца руская і беларуская. Справа ў тым, што ў першапачатковым варыянце прэзідэнцкага праекта артыкул 17 гучаў наступным чынам: «Дзяржаўнай мовай у Рэспубліцы Беларусь з'яўляецца беларуская мова. Руская мова мае роўны статус з беларускай мовай». Па-трэцяе, уключыць у канстытуцыйны праект норму аб тым, што «праваслаўе з'яўляецца традыцыйнай рэлігіяй для беларусаў». Па-чацвёртае, выключыць з канстытуцыйнага праекта норму аб без’ядзерным статусе Беларусі і яе нейтралітэце. Па-пятае, змяніць назву краіны і назваць яе «Республика Белоруссия».

У новым варыянце прэзідэнцкага праекта, апублікаванага ў пачатку лістапада 1996 г., фігуравалі новая назва верхняй палаты парламента і новая рэдакцыя артыкула 17. Славянскі Сабор абвясціў гэта сваімі заслугамі. Аднак прапановы аб нейтралітэце, праваслаўі і назве краіны былі ўсё ж адхілены распрацоўшчыкамі праекта.

Прадстаўнікі Славянскага Сабора з задавальненнем прынялі ўдзел у працы Усебеларускага народнага сходу, які адбыўся па ініцыятыве Аляксандра Лукашэнкі 19—20 кастрычніка 1996 г. На думку «саборцаў», такія сходы — «першы крок на шляху пабудовы ў Беларусі праўдзівай народнай саборнай дзяржавы».

«Саборцы» без Сабора

Аднак рэсурсы і патэнцыял Славянскага Сабора «Белая Русь» няўмольна знікалі. Надзеі на Лукашэнку, імкненне стаць «партыяй улады» не апраўдаліся.

Партыя, якая прэтэндавала на славянскае лідарства, была не ў стане разабрацца са сваімі ўнутранымі справамі.

7 ліпеня 1996 г. на пасяджэнні Думы абмяркоўвалася дзейнасць кіраўніка Віцебскай абласной арганізацыі «Белай Русі» Андрэя Герашчанкі (таго самага, хто аказаўся ў цэнтры ўвагі па прычыне выказванняў адносна незалежнасці Беларусі), які вырашыў адхіліцца ад генеральнай лініі і згуляць у сваю гульню. Высілкамі Герашчанкі ў красавіку 1996 г. быў фактычна цалкам зменены ўвесь склад абласной Думы: туды ўвайшлі паплечнікі мясцовага кіраўніка. Таксама Герашчанка паспяхова змяніў свайго намесніка.

У маі 1996 г. Герашчанка пайшоў яшчэ далей: выдаў першы нумар уласнага «Славянского вестника», у перадавіцы якога пад назвай «Звычайны фашызм» заклікаў «душыць фашысцкую гадзіну высілкамі вялікай Русі ад Львова да Уладзівастока і ад Гродна да Магадана».

Герашчанка таксама выступіў за структурную аптымізацыю Славянскага Сабору, ліквідацыю некаторых аддзелаў.

На вышэйзгаданым пасяджэнні было вырашана распусціць Віцебскую абласную Думу і выключыць Герашанку з партыі за тое, што ён «няправільна вёў арганізацыйную работу, перайшоў на загадны тон, спрабаваў ламаць волю людзей». Аднак за яго заступіўся Азаронак, фільм якога «Нянавісць. Дзеці ілжы» Герашчанка славіў у сваёй перадавіцы. Па словах рэжысёра, трэба берагчы кожнага члена партыі, «нават калі чалавек дзейнічаў няправільна».

Між іншым, прэцэдэнтаў, калі «саборцы» пакідалі свой Сабор, было шмат. Так, у красавіку 1993 г. Славянскі Сабор пакінулі 6 вайскоўцаў, бо ўнесеныя тады папраўкі ў заканадаўства забаранялі гэтым людзям быць чальцамі палітычных партый. Іншыя прычыны былі больш банальныя. Напрыклад, восенню 1993 г. «за страту сувязяў з арганізацыяй» са Славянскага Сабора быў выключаны Андрэй Цэгалка. А Сяргей Чалы – за парушэнне статута партыі.

Вядомы сёння незалежны эканаміст сцвярджае, што сам сышоў з Сабора. Аднак у архіве на адрас кіраўніцтва «Белай Русі» захаваўся гнеўны ліст Чалага ад 9 снежня 1993 г., у якім ён гразіўся паскардзіцца ў Мінюст і падаць у суд, калі пытанне аб ягоным выключэнні не будзе вынесена на чарговы з’езд.

У снежні 1995 г. з Сабора «за паводзіны, несумяшчальныя з нормамі славянскай этыкі», быў выключаны нейкі Смірноў. У адрозненне ад Чалага, які вырашыў не звязвацца з Саборам, Смірноў паскардзіўся ў Міністэрства юстыцыі. Ён вінаваціў Сяргеева ў тым, што той «падмяў пад сябе партыю», у выніку чаго быццам бы назіраецца масавы зыход стуль. Смірноў, акрамя таго, сцвярджаў, што ў Славянскім Саборы «сістэматычна праводзяцца падтасоўкі партыйнай дакументацыі».

У 1993, 1996 і 1998 гг. «Белая Русь» атрымала пісьмовыя папярэджанні ад Міністэрства юстыцыі. 5 жніўня 1994 г. па выніках праверкі ўпраўленне па справах грамадскіх аб’яднанняў Мінюста канстатавала, што ў Славянскім Саборы «поўны разлад справаводства».

Партыя была не ў стане нават аплаціць рэгістрацыю змен і дапаўненняў ва ўласны ўстаў. Так, у снежні 1996 г. Славянскі Сабор звярнуўся да Саюза ветэранаў Афганістана аказаць адпаведную дапамогу ў суме 1 500 000 руб.

Аб партыйнай маргіналізацыі «Белай Русі» сведчыць яе гатоўнасць весці перамовы з палітычнымі сіламі неанацысцкага кшталту.

10 верасня 1997 г. на пасяджэнні Мінскай гарадской арганізацыі абмяркоўвалася пытанне аб стварэнні ініцыятыўнай групы беларуска-расійскага руху «Народнае адзінства». Для гэтай мэты планавалася весці перагаворы нават з Рускім нацыянальным адзінствам (РНЕ). Гэтая місія была ўскладзена на саратніка Сяргея Шыптэнку.

Адным з апошніх крокаў Славянскага Сабора ўтрымацца на палітычнай арэне стаў ягоны ўдзел стварэнні разам з Беларускай патрыятычнай партыяй, ліберал-дэмакратамі і камуністамі так званага Беларускага народна-патрыятычнага саюза ў верасні 1998 г. Аднак дэкрэт прэзідэнта, паводле якога мінімальная колькасць чальцоў партыі падвышалася да 1000 чалавек, не пакідаў «саборцам» аніякай палітычнай перспектывы.

Ліквідацыя Славянскага Сабора «Белая Русь» адбылася на нечарговым VII з’ездзе 12 чэрвеня 1999 г.

У заключным слове Мікалай Сяргееў сцвярджаў, што Славянскі Сабор выканаў сваю задачу: «Славянская самасвядомасць не толькі абудзілася ў грамадзянаў Беларусі, але шмат у чым стала вызначаць дачыненне грамадства да тых ці іншых грамадска-палітычных з'яў».

Таксама Сяргееў з сумам канстатаваў, што «такая форма палітычнай арганізацыі як ССБР не дазваляе пашырыць сацыяльную базу патрыятычнага руху ў Беларусі».

На з’ездзе было заяўлена аб аргкамітэце па стварэнні Рэспубліканскага агульнанароднага саюза «Белая Русь», які «з аднаго боку, забяспечыць пераемнасць палітычнай лініі ССБР, з іншага, пашырыць падтрымку з боку грамадзянаў РБ».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?