Сродкі для субсідый на аплату паслуг ЖКГ у 2016-м будуць выдзеленыя з рэзервовага фонду прэзідэнта
Сродкі на сацыяльную падтрымку малазабяспечаных грамадзян і іншых сацыяльна ўразлівых катэгорый насельніцтва ў 2016 годзе будуць выдзеленыя з рэзервовага фонду прэзідэнта.
Гэта прадугледжана ўказам ад 23 лютага № 76 «Аб удакладненні асобных паказчыкаў рэспубліканскага бюджэту на 2016 год», апублікаваным на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Расходы і прафіцыт бюджэту зменшаныя на 8 трлн. рублёў. Гэты аб'ём сродкаў з рэзервовага фонду прэзідэнта будзе выдаткаваны на аказанне сацпадтрымкі.
Указам таксама рэкамендавана сфармаваць у мясцовых бюджэтах рэзервовыя фонды на субсідаванне жыллёва-камунальных паслуг насельніцтву ў агульным памеры 2,8 трлн. рублёў.
Нагадаем, норма аб увядзенні 1 кастрычніка 2016 года безнаяўных жыллёвых субсідый для частковай аплаты асноўных жыллёва-камунальных паслуг для малазабяспечаных грамадзян утрымліваецца ва ўказе ад 23 лютага № 78 «Аб мерах па павышэнні эфектыўнасці сацыяльна-эканамічнага комплексу Рэспублікі Беларусь».
Увядзенне субсідый дае магчымасць кампенсаваць рост камунальных расходаў, прадугледжаны праграмай аздараўлення эканомікі, на якой настойвае МВФ.
Каментары