Беларусь і Расія вядуць саюзнае будаўніцтва ў вельмі няпростых умовах, заявіў Аляксандр Лукашэнка, адкрываючы пасяджэнне Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы ў пашыраным складзе.

Reuters

Reuters

Перамовам у пашыраным складзе папярэднічала сустрэча прэзідэнтаў у фармаце «тэт-а-тэт», а затым — пасяджэнне ВДС у фармаце «5+1» (прэзідэнты, прэм'ер-міністры, першы віцэ-прэм'ер і віцэ-прэм'ер, міністры замежных спраў і міністры фінансаў).

«Нашу інтэграцыю выпрабоўваюць на трываласць глабальная эканамічная нестабільнасць, крызіс даверу ў міжнародных адносінах, эскалацыя ўзброеных канфліктаў і абвастрэнне інфармацыйных войнаў», — адзначыў Лукашэнка на пашыраным пасяджэнні ВДС, пачатак якога транслявалі беларускія дзяржаўныя тэлеканалы.

Аднак гэта сітуацыя, паводле яго слоў, не павiнна ўплываць на расстаноўку прыярытэтаў у працы Саюзнай дзяржавы. «Залогам дасягнення агульных мэтаў інтэграцыі працягвае заставацца канструктыўны дыялог у палітыцы, эканоміцы, бяспецы, сацыяльнай і культурнай сферах», — сказаў Лукашэнка, падкрэсліўшы, што ў абедзвюх краін для гэтага ёсць усе ўмовы.

Пакуль жа, адзначыў ён, Беларусь і Расія не ў поўнай меры рэалізуюць патэнцыял гандлёва-эканамічных адносін. «У сітуацыі агульнасусветнага пагаршэння эканамічнай кан'юнктуры гэта наўрад ці апраўдана», — дадаў Лукашэнка.

Паводле яго слоў, ужо трэці год запар адзначаецца падзенне ўзаемнага тавараабароту — у 2015 годзе ён знізіўся больш чым на чвэрць. «Гэтую негатыўную тэндэнцыю мы можам і павінны пераламаць сумеснымі намаганнямі», — заявіў беларускі кіраўнік.

Ён паведаміў, што на пасяджэнні ВДС у вузкім складзе ішла гаворка аб неабходнасці «ліквідацыі бар'ераў, забеспячэння эфектыўнага функцыянавання адзінага рынку тавараў, паслуг і капіталу, а таксама ўзаемнай падтрымкі».

Паводле слоў Лукашэнкі, вядучыя сусветныя дзяржавы і краіны-суседзі «надаюць пільную ўвагу знешнепалітычнай актыўнасці Беларусі і Расіі» і ваенным аспектам іх супрацоўніцтва. «Ваенна-палітычныя крызісы, вяртанне шэрагу краін да блокавага мыслення, паўсюднае выкарыстанне санкцый як інструмента палітычнага націску вымушаюць нас трымаць порах сухім. Таму асаблівая ўвага сёння будзе нададзена абароннаму будаўніцтву», — сказаў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?