Пінскі суд вырашыў, што маханне рукамі — не правапарушэнне

У Пінску суд апраўдаў прадпрымальніка Аляксандра Васільева.

Актывіст прадпрымальніцкага руху быў затрыманы напярэдадні 25 сакавіка гэтага года і быў абвінавачаны ў дробным хуліганстве. Аднак, з‑за таго, што міліцыянты неправільна аформілі пратаколы затрымання, адміністратыўная справа была спынена.

У пачатку красавіка міліцыянты прадставілі ў суд выпраўленыя пратаколы ў якіх пазначылі, што Аляксандр Васільеў размахваў рукамі і лаяўся матам, чым і парушыў грамадскі парадак.

Аднак, на судзе, выступаючы ў якасці сведак, супрацоўнікі міліцыі блыталіся ў паказаннях, таму суддзя спыніў справу за адсутнасцю склада правапарушэння. Пры гэтым было адзначана, што маханне рукамі не з’яўляецца правапарушэннем.

Цікава, што за апошнюю палову года пінскі актывіст выйграў чацвёртую запар адміністрацыйную справу.

Паводле: Глеб Паўлоўскі, «Еўрарадыё»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0