Сёння ў Беларусі адкрыліся адразу чатыры візавыя цэнтры Эстоніі: падаць дакументы можна будзе не толькі ў Мінску, але яшчэ і ў Брэсце, Гродне і Гомелі. Там таксама можна будзе прасіць «шэнген» у Швецыю і Фінляндыю.

Аператарам выступіць кампанія VFS Global, якая ўжо з'яўляецца партнёрам пасольстваў Літвы, Іспаніі, Грэцыі, Даніі, Харватыі, Венгрыі, а з сакавіка — яшчэ і Польшчы.

Пры падачы дакументаў праз пасярэднікаў, кліентам прыйдзецца заплаціць не толькі 60 еўра за візу, але і 20 еўра сэрвіснага збору. Усе разлікі адбываюцца ў беларускіх рублях.

У Мінску візавы цэнтр Эстоніі адкрыўся на першым паверсе бізнес-цэнтра SV Plaza на вуліцы Чыгуначнай, 33, у Брэсце — на Маскоўскай, 208А-1, у Гродне — на Горкага, 89, у Гомелі — на вуліцы Пушкіна, 2. Час працы — у будні з 9 да 17 гадзін.

Для атрымання турыстычнай візы трэба прынесці пакет дакументаў. У яго ўваходзяць: запоўненая анкета, фотаздымак, пашпарт і копіі яго апошніх старонак, медыцынская страхоўка, даведка з месца працы з пацвярджэннем пасады і акладу за тры месяцы, праязныя дакументы і бронь гасцініцы.

Здаць біяметрычныя дадзеныя, неабходныя для падачы дакументаў шэнгенскую візу можна ў самым візавым цэнтры.

Тэрмін разгляду заяў — ад 5 дзён да месяца.

«Так як Эстонія набірае папулярнасць сярод турыстаў, праз некалькі месяцаў дакладна такія ж цэнтры з'явяцца і ў іншых гарадах Беларусі. Новыя візавыя цэнтры прызначаны для таго, каб задаволіць патрабаванні людзей, якія вандруюць па Еўропе, і прапанаваць ім новыя паслугі», — кажуць у пасольстве Эстоніі ў Мінску.

Напярэдадні пасол Эстоніі ў Беларусі Майт Марцінсан паведаміў, што зараз вядуцца перамовы аб адкрыцці прамога авіярэйса паміж Мінскам і Талінам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?