Зміцер Папко, ён жа Vinsent, — беларускамоўны рэп-выканаўца. У свае 27 гадоў ён выдаў два альбомы, зняўся ў фільмах «Вышэй за неба» і «Жыве Беларусь!», пажыў за мяжой і вярнуўся ў Беларусь. У інтэрв'ю «Нашай Ніве» Vinsent распавёў пра сваю сям'ю, маленькія беларускія гарадкі і пра тое, што такое беларуская музыка.

Фота БелаПАН.

Фота БелаПАН.

«Наша Ніва»: Вы цяпер ездзіце з выступамі ў межах курсаў «Мова Нанова» па беларускіх гарадах. Якія вашыя ўражанні?

Vinsent: Сама ідэя курсаў — вельмі добрая. Я думаю, пытанне мовы важнае для беларусаў, важнейшае за эканоміку і палітыку, якой фактычна няма. Таму я не мог гэтую ідэю не падтрымаць. Па-другое, мне вельмі цікава падарожнічаць, бо калі я яшчэ пабываю ў Астраўцы, напрыклад? Гэты тур дапамагае пабываць не ў абласных гарадах, а ў маленькіх, дзе я б не ладзіў канцэрты, — гэта нерэнтабельна. А аказваецца, што і там народ цікавіцца маёй музыкай і чакае.

Той жа Астравец — маленькі горад на ўскрайку Беларусі. Але і там ёсць нейкае культурнае жыццё, людзі самаарганізуюцца, штосьці робяць, хапае моладзі, клёвых людзей.

«НН»: Дык Астравец цяпер папулярнае месца, бо атамная станцыя, працоўныя месцы.

Vinsent: Так, прычым я чуў, што мясцовыя не надта хочуць, каб яе там будавалі, людзі ж пасля Чарнобыля напужаныя… Нават і Вільня напужаная.

Але сам я не бяруся ацэньваць, ці патрэбная яна. Не ведаю.

Для мяне цікава яшчэ, што Астравец, Ашмяны — гэта ж сэрца ВКЛ, Віленскі край. Я вельмі люблю гэты рэгіён. Там абсалютна еўрапейскія гарады, проста яны прайшлі праз савецкую мясарубку і займелі такі выгляд, які маюць. У нармальнай краіне людзі б жылі там. А ў нас усе едуць у Мінск, і гэта праблема, бо фактычна ў Беларусі сталіца — адзіны горад для жыцця, усё канцэнтруецца толькі тут. Такіх слабых рэгіёнаў, як у нас, мала дзе сустрэнеш у іншых еўрапейскіх краінах.

«НН»: А вы самі з Мінска?

Vinsent: Я з Івацэвічаў. Але і мне толькі Мінск дазваляе рэалізоўвацца. База павінна быць у Мінску. Ды і зручна ў плане гастроляў, што жывеш у цэнтры краіны.

Але калі казаць пра людзей, якія няшмат ездзяць па працы, тыя ж эканамісты, умоўна, то шкада, што шмат народу з’язджае ў сталіцу. Я б хацеў, каб нашыя маленькія гарады адрадзіліся, каб людзям было ўтульна там жыць.

Тое ж Маладзечна мне вельмі падабаецца. Прычым, там жа жыве амаль сто тысяч, шмат чаго ёсць: і бібліятэкі, і цэрквы, і гандлёвыя цэнтры, і нават лядовы палац… Усё «па-багатаму»! Але мясцовыя скардзяцца, што гэта хіба не самы беспрацоўны горад у краіне.

«НН»: А самі моўныя курсы ў такіх гарадках уплываюць на штосьці? Ці гэта проста мода, ці штосьці яшчэ?

Vinsent: Я лічу, што на чалавека ўплывае ўвогуле ўсё, што ён бачыць і чуе. На курсы, я думаю, ходзіць некалькі тыпаў людзей. Адны хочуць сапраўды вывучыць мову, гэтага патрабуе іх прырода. Гэта ж гены, карані, іх цяжка забіць. Адпраў чалавека хоць у Сібір — раней ці пазней карані ў ім усё роўна прачнуцца. Напрыклад, мае бацькі — добрыя людзі, але звычайныя, рускамоўныя. Але вось, ува мне прачнулася.

А некаторыя ходзяць на курсы проста патусавацца, бо дома няма чаго рабіць. Тым не менш, гэта ж выклікае ў іх лаяльнасць, нават калі яны не будуць вучыць нічога. І гэта таксама добра.

«НН»: Калі вы пачалі пра бацькоў і свой шлях да мовы — раскажыце падрабязней трохі.

Vinsent: На мяне, я думаю, паўплываў інтэрнэт. Калі ён з’явіўся, я быў яшчэ школьнікам, я пачаў шукаць музыку, чытаць беларускія навіны на незалежных сайтах, чытаць пра гісторыю. Тады ж быў яшчэ dial-up, я займаў тэлефон пастаянна, мама злавалася [ўсміхаецца].

Я даведаўся, што такое Пагоня, сам. Мае бацькі добрыя людзі, працавітыя, але яны стандартныя беларусы, якія сфармаваліся ў СССР. Яны не вельмі цікавяцца гісторыяй, гавораць па-руску.

Маці ў мяне эканамістка, бацька інжынер. Калі я пачаў цікавіцца сваім родам, даведаўся, што з боку маці амаль усе паходзяць з вёскі Выганашчы ў Івацэвіцкім раёне — сяляне, крэпкія, шчырыя людзі.

А па бацьку — ёсць некалькі прафесароў, жонка дзедавага брата паходзіць з Радзівілаў… То бок, род склаўся з інтэлігентаў і сялян, атрымліваецца.

«НН»: А як бацькі і сваякі рэагуюць на тое, што вы рэп-музыка?

Vinsent: Ну, на сямейных мерапрыемствах мама заўсёды просіць, каб я штосьці праспяваў [смяецца]. Я, праўда, адмаўляюся. Гэта ж як бухгалтара прасіць падчас свята падлічыць баланс.

Бацькі асабліва не лезуць у мае справы. Трохі ганарацца. Ва ўсякім выпадку, не кажуць: «Знайдзі нармальную работу».

«НН»: А «Жыве Беларусь!» бацькі глядзелі?

Vinsent: Фільм, напэўна, не бачылі, можа трэйлеры толькі..

«НН»: Вы самі ім не паказвалі?

Vinsent: Мне не надта хацелася… Бо яны ж могуць не зразумець, што гэта фільм, тым больш там рэалістычна паказана, як мяне б’юць… Думаю, ім было б цяжка глядзець.

«НН»: У вас нядаўна быў выступ у Лондане. Плюс вы шмат часу жылі ў Польшчы. Ёсць розніца паміж беларусам, які жыве ў Беларусі, і беларусам, які жыве за мяжой?

Vinsent: Яны вельмі падобныя, насамрэч. Але тыя, хто шмат гадоў жыве на Захадзе, ужо маюць трошкі іншы менталітэт. Беларусы здольныя да самых высокіх дасягненняў. У тым жа Лондане я сустрэў беларусаў, якія працуюць на найлепшыя карпарацыі, вывучаюць эканоміку на такім узроўні, да якога ў нас яшчэ не дайшлі. І гэтыя беларусы вытрымліваюць канкурэнцыю на рынку працы, прычым, каб атрымаць працу, беларус павінен быць не такім, як брытанец, а яшчэ лепшым. І ў іх атрымліваецца.

Яшчэ цікава, што ў тым жа Лондане беларусы запальваюць мясцовых цікавасцю да Беларусі. Быў такі лонданскі кампазітар Гай Пікарда, брытанец. Дык ён пазнаёміўся з беларусамі і захапіўся нашай культурай. У выніку ён сабраў столькі беларускіх песень, колькі не кожны тут ведае.

Ці пісьменніца і перакладчыца Вера Рыч — таксама зацікавілася нашай мовай, культурай… У Лондане будуецца цяпер беларуская царква. Яе архітэктар — кітаец, які адмыслова прыязджаў у Беларусь, каб пазнаёміцца з мясцовай архітэктурай.

«НН»: А чым беларус адрозніваецца ад еўрапейца?

Vinsent: Беларус — гэта і ёсць еўрапеец. Важна ўвогуле выкараніць звычку казаць: «Паеду ў Еўропу». А ты дзе сядзіш, у Азіі? Ты і ёсць Еўропа!

«НН»: А вы чаму вярнуліся ў Беларусь?

Vinsent: Ну, я з’ехаў, бо пасля здымак у «Жыве Беларусь» на мяне пачаўся ціск. Мяне выклікалі пастаянна ў міліцыю, хтосьці пісаў нейкія даносы, што я бандыт з аўтапаркам у сем машын, я вымушаны быў апраўдвацца… Таму я з’ехаў у Польшчу. Адвучыўся там у магістратуры.

Але на сённяшнім этапе свайго жыцця я адчуваю, што я патрэбен тут, у Беларусі. У побытавым плане, вядома, там нашмат прасцей. Пра гэта проста не думаеш. А ў нас гэтыя курсы валют нестабільныя, дэнамінацыі…

«НН»: Вас хвалюе курс валют? Рост цэн за камуналку?

Vinsent: Так, само сабой. Камуналка вось падвысілася моцна… Але за курсам я ўжо перастаў сачыць, бо гэта ж звар’яцець можна. То ён падрос, то апусціўся… Прыкладна ведаю, але не сачу.

Але дэнамінацыя нам патрэбная. Калі ласка, зрабіце гэтую дэнамінацыю, людзі, бо я ўжо з гэтымі нулямі не магу, шчыра кажучы. Хай іх прыбяруць хутчэй. Будзе прасцей, бо гэтыя нулі — здзек з людзей.

«НН»: А вы зарабляеце чым? Толькі музыкай?

Vinsent: Фактычна так… Вось, у кіно здымаўся яшчэ. Аранжаванні пішу час ад часу, выступаю, пішу інструменталы, якія можна прадаваць за мяжу праз інтэрнэт.

«НН»: І колькі выходзіць у месяц? Ці сакрэт?

Vinsent: Ну тут нельга сказаць канкрэтна. Тым больш, што няма аніякага акладу. То больш, то менш… Да таго ж, для мяне грошы не мэта на дадзеным этапе. Галоўнае, каб хапала на асноўнае. Галоўнае — творчасць.

«НН»: А ўвогуле, беларускі рэп — хіба гэта не такі ж аксюмарон, як «рускі рок»?

Vinsent: Чаму? Нам патрэбен і беларускі рэп, і беларускі рок, мы павінны мець сваё. Да таго ж, нярэдка таго ж Макса Каржа запісваюць у беларускія рэперы, але гэта рэп рускі, зразумейце, людзі! Не прыйдзе паляку ў галаву штосьці рабіць раптам на рускай мове і назваць гэта «польскім рэпам», не! Увогуле, у дачыненні да Расіі ў нас стакгольмскі сіндром.

А беларускае — гэта толькі тое, што на беларускай мове!

«НН»: А літаратура беларуская?

Vinsent: Пра гэта не скажу, тут вы ў літаратараў пытайцеся. Але пра рэп — гэта стопудова!

Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?