У Варшаве прайшла дэманстрацыя пад лозунгам «Мы, народ», арганізаваная Камітэтам Абароны Дэмакратыі. Удзельнікі маршу сабраліся ў суботу каля 12-й на Нацыянальным стадыёне і рушылі на плошчу Пілсудскага. Людзі трымалі ў руках плакаты з надпісамі: «КАД злучае, а не дзеліць», «Дэмакратыя, заКАДаваная ў нашых сэрцах», «Куды ідзеш, Польшча?» і іншыя.

Лідар КАД Матэуш Кіёўскі на пачатку маршу зачытаў ліст ад былога прэзідэнта Польшчы Леха Валэнсы, якога цяперашнія ўлады вінавацяць у супрацоўніцтве са спецслужбамі ў часы «Салідарнасці», паведамляе Еўрарадыё са спасылкай на Gazeta Wyborcza.

«У найгоршых снах я не мог пабачыць, што праз гады змагання за свабоду, праз гады рэпрэсіяў, рэвізіянізму і арыштаў апарат дэмакратычнай дзяржавы ўдарыць па нас, пераследаваных праціўнікаў камуністычнай сістэмы», — гаворыцца ў лісце.

Сярод удзельнікаў акцыі збіралі подпісы пад грамадзянскім законапраектам аб канстытуцыйным трыбунале.

Акцыя прайшла спакойна. Паводле гарадской паліцыі, да яе далучылася 15 тысяч чалавек. У прэс-службе варшаўскай мэрыі заявілі пра 80 тысяч удзельнікаў. Арганізатары маршу называюць іншую лічбу — 200 тысяч чалавек.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0