Мінскія ўлады маюць намер разгледзець пытанне аб прысваенні імя Тадэвуша Касцюшкі адной са сталічных вуліц. Пра гэта паведамляе выданне «СБ - Беларусь сегодня».

Партрэт Тадэвуша Касцюшкі аўтарства Карла Готліба Швайкарта

Партрэт Тадэвуша Касцюшкі аўтарства Карла Готліба Швайкарта

Выданне адзначае, што прапанову ўвекавечыць імя Касцюшкі, усталяваўшы яму помнік у Мінску і называўшы імем адну са сталічных вуліц або плошчаў, апублікаваў у газеце чытач у пачатку лютага.

У адказе на публікацыю кіраўнік спраў гарвыканкама Мікалай Котаў паведаміў, што пытанне аб прысваенні імя Касцюшкі адной з вуліц можа быць разгледжанае на бліжэйшым пасяджэнні камісіі па найменні і перайменаванні праспектаў, вуліц, плошчаў і іншых складовых частак Мінска.

Выраб твораў манументальнага мастацтва, па словах Котава, за кошт мінскага бюджэту не прадугледжаны.

«Пытанне аб стварэнні помніка Касцюшку мэтазгодна разглядаць пасля наймення тэрыторыі яго імем і вызначэння крыніц фінансавання», — гаворыцца ў лісце.

Вуліцы, якія носяць імя Тадэвуша Касцюшкі, ёсць у Польшчы, Расіі, ЗША, Украіне, а таксама ў некаторых беларускіх гарадах — Баранавічах, Брэсце, Гродне, Нясвіжы, Пінску. У той жа час на карце Мінска імя нашага знакамітага суайчынніка да гэтага часу няма.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?