Уся Італія абмяркоўвае слова «petalosо», якое прыдумаў трэцякласнік Матэа. Яно перакладаецца як «які валодае вялікай колькасцю пялёсткаў» — можа быць, па-беларуску было б «пялёсцісты».

Аб неалагізме стала вядома дзякуючы настаўніцы Матэа, якая падгаварыла яго напісаць ліст у лінгвістычную Акадэмію Круска, а затым апублікавала ў сябе ў фэйсбуку адказ навукоўцаў. І Матэа, і яго настаўніца праславіліся на ўсю краіну, а само слова ўжо выкарыстоўваюць у рэкламе дзясяткі брэндаў. «Медуза» распавядае гісторыю ўзнікнення petaloso.

23 лютага 2016 года Маргерыта Аўрора, настаўніца малодшых класаў са школы ў Капаро (рэгіён Эмілія-Раманья) апублікавала ў сваім фэйсбуку пост: «Некалькі тыдняў таму падчас вывучэння прыметнікаў мой вучань напісаў пра кветку, што яна — petaloso. Гэтае слова, хай і няіснае, спадабалася мне, і я прапанавала адправіць яго ў Акадэмію Круска на ацэнку. Сёння мы атрымалі адказ, ясны і вычарпальны. Для мяне ён каштуе як тысяча ўрокаў італьянскай. Дзякуй майму маленькаму вынаходніку Матэа».

Як распавёў пасля сам хлопчык, настаўніца дала класу заданне напісаць па два прыметнікі да назоўнікаў. Да слова «кветка» Матэа вырашыў напісаць словы profumato (духмяны) і petaloso («бо ў кветкі мноства пялёсткаў»). Як відаць на здымку сшытка Матэа, настаўніца падкрэсліла чырвоным слова petaloso, прыпісаўшы: «Прыгожая памылка».

«Слова здалося мне пераканаўчым, таму я вырашыла спытаць, што пра яго думаюць у [Акадэміі] Круска», — распавяла Маргерыта Аўрора выданню Corriere della Sera. — Я патлумачыла вучням, што гэта за ўстанова… і папрасіла Матэа напісаць ім ліст. Ён даў мне выправіць у ім памылкі і папрасіў аднакласніцу перапісаць яго прыгожым почыркам».

Акадэмія Круска (Accademia della Crusca) — фларэнційскі інстытут, заснаваны ў XVI стагоддзі, адна з самых аўтарытэтных устаноў у галіне лінгвістыкі і філалогіі італьянскай мовы. У лісце навукоўцам Матэа патлумачыў, што яго настаўніцы і сябрам спадабалася вынайдзенае ім слова, і спытаў, ці нельга ўключыць яго ў слоўнік. Праз тры тыдні з акадэміі быў атрыманы адказ (апублікаваны на сайце інстытута).

Супрацоўніца інстытута Марыя Крысціна Торк'я, якая спецыялізуецца на сацыялінгвістыцы, напісала Матэа, што слова petaloso складзена правільна — па аналогіі з іншымі словамі з афіксаў oso, які паказвае на наяўнасць у вялікай ступені нейкай прыкметы. Такім жа чынам, паказала яна, ўтвораны словы peloso («валасаты», ад pelo — «валасы»), coraggioso («смелы», ад coraggio — «смеласць»).

У той жа час, напісала Торк'я, «словы не трапляюць у слоўнік, калі іх хтосьці прыдумляе, нават калі яны прыгожыя і карысныя»: «Каб новае слова ўвайшло ў слоўнік, неабходна, каб многія людзі яго ўжывалі і разумелі». Торк падбадзёрыла хлопчыка, выказаўшы здагадку, што калі ўсе пачнуць выкарыстоўваць гэтае слова і казаць, да прыкладу, «Якая пялёсцістая гэтая кветка!», то складальнікі ўключаць яго ў слоўнік.

У інтэрв'ю La Repubblica Торк'я распавяла, што яе кранула сур'ёзнасць, з якой Матэа абгрунтаваў прэтэнзіі на ўключэнне свайго слова ў слоўнікі італьянскай мовы, таму яна вырашыла напісаць яму разгорнуты адказ.

«Мне падалося важным напісаць адказ, каб дапамагчы яму зразумець, як уладкавана мова, чаму словы трапляюць ці не трапляюць у слоўнік. Я не хацела проста сказаць яму: «Не, акадэмія не мае паўнамоцтваў ўключыць слова ў слоўнік», — заявіла яна Corriere Fiorentino.

На наступны дзень пасля таго, як пра ліст з акадэміі распавяла настаўніца Матэа, гісторыя трапіла ў найбуйнейшыя італьянскія СМІ, а карыстальнікі сацсетак пачалі распаўсюджваць хэштэг #petaloso. Адным з тых, хто перапосціў артыкул у La Repubblica, аказаўся прэм'ер-міністр Італіі Матэа Рэнца.

Не менш актыўна ў кампанію ўключыліся брэнды. Windows прапанавала карыстальнікам зрабіць «пялёсцістымі» працоўныя сталы, а Samsung у рэкламе смартфона Galaxy S7 Edge аб'яднала petaloso з новымі ацэнкамі Facebook, прапанаваўшы адпаведны эмодзі ў выглядзе кветкі. Рэкламныя пасты з выкарыстаннем слова апублікавалі аўтамабільныя брэнды Fiat, Opel і Kia, касметычныя Nivea, Vichy і Kiko, кампаніі Nikon і Swatch, а таксама арыентаваныя на дзіцячую аўдыторыю Disney Junior, Kinder і Lego. Petaloso эксплуатаваў нават італьянскі тэлеканал FOX, павесілі здымкі гераіні «хадзячыя мерцвякі» Кэрал з подпісам «Паглядзі на пялёсцістыя кветкі» (у чацвёртым сезоне серыяла Кэрал папрасіла дзяўчынку паглядзець на кветкі і пасля гэтага застрэліла яе).

Аўтарытэтная італьянская энцыклапедыя «Трэкані» прапанавала сваім падпісчыкам у фэйсбуку падтрымаць кампанію і ўявіць, як слова выкарыстоўвалі б італьянскія паэты. У якасці прыкладу «Трэкані» ўставілі petaloso ў радкі верша «Да Сільвіі» паэта Джакома Леапардзі, італьянскага сучасніка Пушкіна. Карыстальнікі інтэрнэту нават паспрабавалі ўключыць petaloso у італьянскі Вікіслоўнік, але мадэратары выдалілі старонку.

Многія ўспрынялі адабральны адказ акадэміі Круска на ліст хлопчыка як фактычную згоду ўключыць petaloso у слоўнік. У інтэрнэце з'явіліся жарты пра іншыя прыметнікі, нібыта ўхваленыя акадэміяй. Прозвішча прэм'ер-міністра Рэнца неадкладна ператварылі ў прыметнік renzoso са мноствам значэнняў: ад «рэчы, зробленай павярхоўна без усялякай логікі» да «чалавека, які хлусіць».

На пытанне, ці можа гэтая кампанія сапраўды прывесці да ўключэння petaloso у слоўнікі, супрацоўніца акадэміі Круска Марыя Крысціна Торк адказала: «Цяжка даваць прагнозы, але можа быць — чаму б і не?»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?