Новая праваслаўная царква была асвечаная 25 лютага ў аграгарадку Хідры ў Кобрынскім раёне.
Чын асвячэння храма святога Іаана Прадвесніка здзейсніў епіскап Брэсцкі і Кобрынскі Іаан, які пасля ўзначаліў Боскую літургію ў саслужэнні благачыннага цэркваў Брэсцкай акругі протаіерэя Уладзіміра Карнелюка, благачыннага Кобрынскай акругі протаіерэя Багдана Хомы, настаяцеля храма іерэя Андрэя Баніфацьева, паведамляе ekklisia.by.
Па заканчэнні богаслужбы адбыўся хросны ход вакол храма. За працы на будаўніцтве храма епіскап Іаан узнагародзіў настаяцеля правам нашэння нагруднага крыжа.
Пра жаданне мець у аграгарадку храм жыхары Хідраў заявілі ў 2007 годзе, утварыўшы праваслаўную супольнасць. У тым жа годзе на пасаду настаяцеля быў прызначаны а. Андрэй Баніфацьеў з даручэннем будаўніцтва храма.
Прастольнае свята ў новым храме будзе адзначацца 20 студзеня, на наступны дзень пасля свята Вадохрышча, калі Праваслаўная Царква шануе Іаана Хрысціцеля.