Сцэнарны плян аднаго зь іх — «Летапіс часоў» — трапіў у рэдакцыю «НН» разам са зваротам за подпісам намесьніка старшыні Белтэлерадыёкампаніі Юр’я Азаронка. У звароце 10-сэрыйны «Летапіс часоў» характарызуецца як «асноўны ідэалягічны праект Белтэлерадыёкампаніі, закліканы спрыяць патрыятычнаму выхаваньню грамадзянаў». У самой НДТРК наконт камэнтароў адмаўляюцца. «У нас такой інфармацыі няма», — заявіў супрацоўнік прэс-службы. Праўда, цалкам прыкрыць «няведаньне» ён ня змог, прагаварыўшыся, што праект будзе сэрыялам.

Што маюць прапанаваць тэлегледачу «беларускія Парфёнавы»? Праект ахоплівае велічэзны пэрыяд — ад IV ст. да канца XVIII ст., далучэньня Беларусі да Расеі.

Аўтар сцэнарнага пляну кандыдат гістарычных навук Вадзім Гігін, уключыў у фільм і згадкі пра загадкавую славянскую краіну Артанію, пра якую пісалі арабскія падарожнікі, і полацкага князя Вальдэмара, пра якога скандынаўскія сагі казалі, што ён змагаўся з готам Тэадорыхам. ВКЛаўская гісторыя цудоўна ўпісваецца ў «асноўны ідэалягічны праект Белтэлерадыёкампаніі»: станоўчымі фарбамі малююцца Гедымін і Альгерд, князь Канстанцін Астроскі і Мікалай Радзівіл Чорны. Ніякага адмаўленьня беларускасьці вялікалітоўскага пэрыяду: гэта наша гісторыя, і Статуты пісаныя нашай моваю, і наш Скарына… Пакуль справа ў фільме не даходзіць да праваслаўя.

Няма веры, апрача праваслаўя, і журналісты БТ — палымяныя адэпты яе. Ізноў паўтараецца гісторыя пра «Георгія» Скарыну, які стаў каталіком, каб паступіць ва ўнівэрсытэт. І што ў рэлігійных закалотах XVII ст. вінаватыя ўніяты з рыма-каталікамі (асаблівая ўвага — езуітам). Дасталося і Язафату Кунцэвічу, які дамогся каралеўскага ўказу, што «забараняў праваслаўным маліцца ва ўласных дамах і нават пунях».

Гэтым тлумачыцца празьмерны сантымэнт тутэйшага насельніцтва да Расеі: «уцёкі» беларусаў у Расею ад рэлігійнага перасьледу падчас «невядомай вайны» XVII ст., «узьяднаньне» пры Кацярыне ІІ. Зьверствы расейцаў у Беларусі падчас вайны 1654—1667 гг. тлумачацца тым, што не было за імі царовага нагляду: маўляў, пачаліся пасьля таго, як цар вярнуўся з ваеннага паходу ў Маскву. Асоба праваслаўнага япіскапа Георгія Каніскага падаецца толькі ў станоўчым асьвятленьні.

Застаецца адно толькі чакаць, які ж тэлепрадукт мы ўбачым у канцавым выніку: ад мантажных нажніцаў часам залежыць нашмат болей, чым ад апэратарскай камэры.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?