Французскія навукоўцы выявілі прыкметы таго, што вірус Зіка можа выклікаць цяжкае неўралагічнае расстройства, вядомае як сіндром Гіена-Барэ.

На аснове даследавання узораў крыві 42 пацыентаў у Французскай Палінезіі, якія перахварэлі на вірус Зіка два гады таму, эксперты разлічылі імавернасць развіцця сіндрому Гіена-Барэ ў захварэлых вірусам Зіка — гэта можа адбывацца ў адным выпадку з 4000.

Сіндром Гіена-Барэ прыводзіць да вострай мышачнай слабасці, а таксама можа выклікаць параліч дыхальных шляхоў — гэтыя сімптомы часта назіраюцца ў ВІЧ-інфікаваных.

Імавернасць захворвання невялікая, але для навукоўцаў гэта адкрыццё мае важнае значэнне, піша часопіс Lancet.

Вірус Зіка, абвешчаны Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя пагрозай планетарнага маштабу, усё яшчэ дрэнна вывучаны, і медыкі па-ранейшаму не ўпэўнены ў тым, якія захворванні ён можа выклікаць у людзей.

Лічыцца, што з вірусам Зіка звязаны рост колькасці нованароджаных з мікрацэфаліяй - зменшаным мозгам. У Бразіліі былі народжаныя некалькі тысяч дзяцей з гэтым дыягназам.

Вірус Зіка хутка распаўсюджваецца па краінах Лацінскай Амерыкі. Больш за ўсё пацярпелых зафіксавана ў Бразіліі. Першыя хворыя былі раней зарэгістраваныя ў ЗША, Еўропе і Расіі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?