1 сакавіка ў Нацыянальным прэс-цэнтры ў Мінску прайшла прэс-канферэнцыя мінстра унутраных спраў Ігара Шуневіча. Міністр пачаў яе з віншаванняў: спачатку ён павіншаваў усіх з першым днём вясны — пажартаваўшы, што гэта доўгачаканая падзея для нашай краіны — і павіншаваў жанчын з 8 Сакавіка.

Інфармацыйная вайна з МУС

Пачалася прэс-канферэнцыя з рэверанса з боку дзяржаўных СМІ. Журналіст «Советской Белоруссіі» пацікавіўся, ці не надта мяккая ў нас міліцыя:

«Апошнім часам пачасціліся правакацыі ў адрас міліцыі. У мяне складваецца ўражанне, што ветлівасць міліцыянтаў памылкова прымаюць за слабасць. Ці не прыйшоў час станавіцца больш жорсткай, калі міліцыя сутыкаецца з яўнымі правакацыямі, і што ўвогуле МУС плануе супрацьпаставіць гэтаму?»

Шуневіч паведаміў, што такі феномен існуе, а міліцыя не выглядае бездапаможна, «хоць некаторыя СМІ хочуць яе такой выставіць».

«Большасць СМІ крытыкуе канструктыўна, але частка, якую мае на ўвазе карэспандэнт, — гэта не што іншае, як інфармацыйная атака на дзейнасць такой структуры як МУС», — сказаў Шуневіч. —– Я ацэньваю гэта так. Калі казаць яшчэ шчырэй, гэта інфармацыйная вайна, якая вядзецца з МУС. З усімі адпаведнымі наступствамі».

Але, запэўніў Шуневіч, ваяваць МУС ні з кім не будзе, а будзе максімальна прафесійна выконваць сваю працу.

«Што тычыцца правакацый, то супрацоўнік МУС не мае права ісці на паваду сваіх пачуццяў. Ён павінен рэагаваць прафесійна», — сказаў міністр.

Адкрытае міністэрства

Журналісты партала Tut.by спыталі ў міністра, чаму ніхто з прадстаўнікоў ведамства не стаў абмяркоўваць з журналістамі сітуацыю збітага супрацоўнікамі АМАПа ў Фрунзенскім судзе Паўла Дабравольскага.

— Хто лічыць, што наша ведамства закрытае? — пацікавіўся міністр у прысутных. — Бачыце, рукі паднялі два чалавекі з 45 [Гэта былі журналісты Тут.бай і «Нашай Нівы».]. Рабіце высновы. Мы не закрытае міністэрства.

Наконт сітуацыі з Паўлам Дабравольскім міністр заявіў, што зараз міліцыя чакае вынікі праверкі.

Пра заробкі ў міліцыі

Журналісты пацікавіліся, ці падаюць заробкі ў міліцыянтаў і ці будуць павышаць ім пенсійны ўзрост. Шуневіч запэўніў, што заробак у супрацоўнікаў МУС не паменшыўся і такое не плануецца. «Калі пералічыць на валюту, то менш, не сакрэт, мы ў роўнай сітуацыі з іншымі бюджэтнікамі. Але не думаю, што матэрыяльны дастатак ставяць міліцыянты наперадзе, калі ацэньваюць сваю працу», — сказаў Ігар Шуневіч.

Што тычыцца павышэння пенсійнага ўзросту, то, па словах міністра, у МУС да гэтага гатовыя. Шуневіч заявіў, што гэты працэс непазбежны і галоўнае, каб захавалася формула пенсійнага забеспячэння супрацоўнікаў МУС.

Пра паводзіны міліцыі на акцыях

Журналісты адзначылі, што раней міліцыя жорстка разганяла людзей на несанкцыянаваных акцыях, а цяпер такога няма.

«Тут, не буду спрачацца, змянілася і наша стаўленне, і рыторыка агульнапалітычная. Мы знайшлі прымальны з кропкі гледжання улады і міжнароднай супольнасці алгарытм нашых дзеянняў. Мы рэагуем — складаем адміністратыўныя пратаколы», — адзначыў Шуневіч.

Дзяржзакупкі — крымінагенная сфера

Аб праблемных момантах у галіне дзяржзакупак Ігар Шуневіч выказаўся так: «Гэтая сфера крымінагенная ва ўсім свеце. Мы не выключэнне, бо каля 90% дзяржзакупак у Беларусі вядзецца па неканкурэнтнай працэдуры,то бок закупаюць з адной крыніцы».

Для празрыстасці павінна быць канкурэнцыя, адзначыў міністр.

Бесаўшчына з дапамогай інтэрнэту

За апошнія пяць гадоў колькасць «алкагольных злачынстваў» у Беларусі скарацілася амаль на 40% — з 27 тысяч да 17,5 тысяч, падкрэсліў Шуневіч. І МУС будзе імкнуцца абмяжоўваць даступнасць алкаголю ў краіне.

«Бо алкаголікі становяцца маладзейшыя, цяжар алкагалізму ўзрастае, выдаткі дзяржавы на пераадоленне наступстваў алкагалізму павялічваюцца. Але ў нас ёсць некалькі козыраў», — заявіў Ігар Шуневіч.

Акрамя таго, на яго думку, «адмена шэрагу санкцыйных мер у дачыненні да алкаголю» можа прывесці да таго, што колькасць «алкагольных злачынстваў» зноў будзе павялічвацца.

Ігар Шуневіч заявіў, што катэгарычна супраць інтэрнэт-дастаўкі спіртных напояў, якую цяпер лабіруюць у краіне некаторыя гандлёвыя сеткі.

«Дастаўка — гэта элемент бесаўшчыны, якая адбываецца з дапамогай інтэрнэту», — упэўнены ён.

Дысцыпліна і імідж міліцыі

Цяпер ідзе суд над буйнымі распаўсюднікамі спайсаў. Сярод абвінавачваных ёсць і супрацоўнікі МУС. Але міністр устрымаўся ад каментараў.

«Дачакаемся рашэння суда, тады будзем каментаваць і ацэньваць. Але праблема з унутранай бяспекай ёсць. Працуе цэлая служба, я як міністр надаю вялікую ўвагу гэтай службе. Бо шкода, якую прыносіць адзін злачынца ў пагонах, гэта не лыжка дзёгцю, а цэлы цэбар», — сказаў Ігар Шуневіч.

Таксама, падкрэсліў ён, пытанні дысцыпліны будуць разглядацца жорстка.

«Нават выйшаў з цыгарэтай у форме на вуліцу — дысцыплінарнае спагнанне», — сказаў Шуневіч.

Таксама Шуневіч сказаў, што, калі інфармацыйная вайна будзе працягвацца, то, магчыма, прыйдзецца браць на працу піяршчыка. Бо міністр павінен клапаціцца пра імідж свайго міністэрства.

Ведаюць усіх беларусаў, якія ваююць ва Украіне

Па словах Шуневіча, у МУС ёсць спіс асобаў, якія ваюююць на тым ці іншым баку ва Украіне. Агулам іх каля 140 чалавек. Ацэнку іх дзеянням будзе даваць следства, падкрэсліў міністр.

Нармальныя пацаны

Узнялі журналісты і праблему байкераў, якія парушаюць спакой.

«Байкеры — нармальныя пацаны, яны прыязджаюць на нашыя святы, катаюць дзяцей. А тыя, хто газуе па начах, — гэта, мякка кажучы, матацыклісты», — сказаў Ігар Шуневіч.

Ён адзначыў, што міліцыя мае законныя спосабы барацьбы з такімі «гоншчыкамі». Напрыклад, супрацоўнік МУС можа «усамніцца» ў серыйным нумары матацыкла і паставіць яго «на прыкол» для экспертызы.

«Я такога супрацоўніка не пакараю, калі пабачу, што карысці ад яго рашэння будзе больш чым шкоды», — падкрэсліў міністр.

Напрыканцы Ігар Шуневіч яшчэ раз нагадаў, што МУС — незакрытае міністэрства.

«Мы не ханжы і нейкія там людзі ў шэрых пінжаках», — сказаў Шуневіч. І не схлусіў — пінжак на ім быў чорны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?