У Бабруйску адкрыты дабрачынны рахунак па зборы сродкаў для праектна-каштарыснай дакументацыі і правядзення рэканструкцыі будынка ў пасёлку Глуша пад музей пісьменніка Алеся Адамовіча.
Пра гэта паведаміў БелТА начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама Андрэй Кунцэвіч.
«Ідэя аб стварэнні музея нашага славутага земляка абмяркоўваецца даўно. Таму сімвалічна, што менавіта ў Год культуры прынята канчатковае рашэнне, што музею быць, сродкі будзем збіраць на гэту добрую справу усім светам. Мы спадзяемся падключыць да гэтага прамысловыя прадпрыемствы, прыватных спонсараў, грамадскасць і усіх, хто не абыякавы да творчасці геніяльнага чалавека, які па праву з'яўляецца нацыянальным гонарам Беларусі», — адзначыў Андрэй Кунцэвіч.
Музей плануецца стварыць у будынку былой аптэкі (1935 год пабудовы), дзе доўгі час працавала маці Алеся Міхайлавіча. Да таго ж у гады Вялікай Айчыннай вайны аптэка служыла явачнай кватэрай партызан.
Установу культуры плануецца назваць — музей ваеннага летапісу «Вайна пад стрэхамі». Гэта будзе не проста экспазіцыя, прысвечаная жыццю і творчасці пісьменніка, а тут паспрабуюць адлюстраваць жыццё яго літаратурных і кінагерояў, прататыпамі якіх сталі мясцовыя жыхары, іх барацьбу з акупантамі, а таксама перыяды жыцця Адамовіча, звязаныя з кінематографам, літаратурай, грамадскай дзейнасцю.
«Для мяне інфармацыя аб стварэнні музея майго бацькі — самая радасная падзея і добры падарунак у першы дзень вясны, - сказала дачка пісьменніка Наталля Адамовіч.
— Занадта доўга вырашалася гэтае пытанне на розных узроўнях, але, нарэшце, лёд крануўся. І я, мае сябры і калегі гатовыя прыкласці максімум намаганняў, каб гэтая ідэя як мага хутчэй ўвасобілася ў жыццё. у мяне ёсць шмат дакументаў, фотаздымкаў, рукапісы і асабістыя рэчы бацькі, якія я гатовая перадаць для стварэння экспазіцыі ў будучым музеі».
Калі ўдасца сабраць хутка дастатковую колькасць сродкаў, то не выключана, што адкрыюць музей ці хаця б частку экспазіцыі ў 2017 годзе, калі будзе адзначацца 90-годдзе з дня нараджэння пісьменніка.
Каментары