Мінскі абласны суд прысудзіў экс-старшыню Уздзенскага райвыканкама Вячаслава Пахольчыка да сямі гадоў пазбаўлення волі.

«Пахольчыка прызнаць вінаватым у атрыманні хабару па ч.3 арт.430 КК і прысудзіць да сямі гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй усёй маёмасці», — вырашыў суд.

Таксама ў прыгаворы сказана, што Вячаслаў Пахольчык пазбаўляецца на пяць гадоў права займаць пасады, звязаныя з арганізацыйна-распарадчымі і адміністрацыйна-гаспадарчымі функцыямі. З яго будзе спагнана звыш за 58 млн рублёў незаконна атрыманай выгады і больш за 2 млн дзяржпошліны.

Іншы абвінавачаны — экс-дырэктар ААТ «Уздзенскі райаграсэрвіс» Аляксандр Біч — прызнаны вінаватым па ч.3 арт.430. Яго прысудзілі да шасці гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці. Ён таксама пазбаўляецца права займаць аналагічныя пасады тэрмінам на пяць гадоў. З яго будзе спагнаная дзяржпошліна і больш за 32 млн рублёў незаконна атрыманай выгады.

Па справе праходзілі яшчэ два чалавекі, якіх абвінавацілі ў дачы хабару Вячаславу Пахольчыку і Аляксандру Бічу. Адзін з іх — Уладзімір Штрайхерт — прызнаны вінаватым па ч.2 арт.295 КК (незаконнае захоўванне патронаў) і па ч.2 арт.431 КК (дача хабару). Прызначана пакаранне — тры гады пазбаўлення волі. Абвінавачаны ў дачы хабару Павел Валюкевіч таксама прызнаны вінаватым па ч.2 арт.431, яму прызначана два гады пазбаўлення волі.

Як паведамлялася, судовы працэс пачаўся 28 студзеня 2016 года. Праваахоўнікі затрымалі фігурантаў справы ў сакавіку 2015 года ў момант атрымання хабару ў памеры 8 тысяч еўра ад прадстаўнікоў вядомага замежнага вытворцы сельскагаспадарчай тэхнікі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?