Зборнік дакументаў і матэрыялаў «Купала і Колас, вы нас гадавалі» падрыхтаваны ў Нацыянальным архіве Беларусі. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміў загадчык аддзела публікацыі дакументаў Нацыянальнага архіва нашай краіны, кандыдат гістарычных навук Віталь Скалабан.

У зборнік увайшлі матэрыялы і дакументы, фатаграфіі, рукапісы, датаваныя пачаткам ХХ стагоддзя і да 1943 года. Многія з іх будуць апублікаваны ўпершыню. Работа па стварэнню зборніка вялася сумесна з Расійскім дзяржаўным архівам літаратуры і мастацтва.

Як адзначыў Віталь Скалабан, разам з расійскімі архівістамі вядзецца работа і па стварэнню дакументальнага ілюстраванага зборніка «Невядомыя старонкі беларускай дзяржаўнасці 1917‑1920 гады», прысвечанага 90‑годдзю з дня абвяшчэння БССР.

Плануецца, што ў гэты зборнік увойдуць рэдкія фатаграфіі, факсімільныя копіі маладаступных раней дакументаў, пісем, тэлеграм, аўтографаў, успамінаў, артыкулаў і вершаў, перыядычных выданняў, карт і схем, лістовак, лозунгаў. Чытач упершыню ўбачыць многія паштоўкі, плакаты, паштовыя маркі, асабістыя дакументы, рэпрадукцыі забытых мастацкіх работ, узоры нагляднай агітацыі, сказаў Віталь Скалабан.

Паводле яго слоў, беларускія і расійскія архівісты супрацоўнічаюць ужо не першы год. Так, у 2007 годзе выйшла ў свет кніга «Напярэдадні, Заходняя асобая ваенная акруга (канец 1939‑1941 гг.)». У творчую «скарбонку» архівістаў Беларусі і Расіі ўвайшлі таксама выданні «Беларусь у першыя месяцы Вялікай Айчыннай вайны», «Загадана пачаць. Эвакуацыя зняволеных з Беларусі ў 1941 г.», «Вызваленая Беларусь», «Дакументы па гісторыі Беларусі ў «Асобай папцы» І.В.Сталіна».

Вольга Швайко, БЕЛТА

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0