Прыём на конкурснай аснове ў 5-я класы гімназій, гімназій-інтэрнатаў, гіназій — каледжаў мастацтваў пройдзе з 2 па 10 чэрвеня, паведаміла прэс-сакратар Міністэрства адукацыі Беларусі Юлія Барадун.

Кантрольныя лічбы прыёму будуць зацверджаны да 10 красавіка. Для дзяцей, якія хочуць паступіць у гімназіі, гімназіі-інтэрнаты, будуць праведзены тры ўступныя іспыты: па беларускай і рускай мовах і матэматыцы. А жадаючыя паступіць у гімназіі — каледжы мастацтваў таксама праходзяць праверку здольнасцей у галіне асобных відаў мастацтва.

Уступныя іспыты па рускай мове пройдуць 2 чэрвеня (дыктант), матэматыцы — 4 чэрвеня (кантрольная работа), беларускай мове — 7 чэрвеня (дыктант). 9 чэрвеня адбудзецца праверка здольнасцей па асобных відах мастацтва: у галіне музычна-харавога і музычна-інструментальнага мастацтва — пытанні па сальфеджыа і ігра на музычным інструменце; у галіне выяўленчага мастацтва — малюнак, жывапіс, кампазіцыя; у галіне тэатральнага мастацтва — выкананне вершаванага твора, эцюда на вызначаную тэму, танца; у галіне харэаграфічнага мастацтва — выкананне класічнага і народнага танцаў. Пачатак усіх іспытаў — у 11.00. Рэзервовы дзень для тых, хто па ўважлівых прычынах не змог з'явіцца на ўступныя іспыты, — 10 чэрвеня.

Тэксты і заданні для ўступных іспытаў, у тым ліку ў рэзервовы дзень, будуць аб'яўлены па тэлебачанні і радыё. Праверка і ацэньванне пісьмовых работ вучняў па беларускай і рускай мовах ажыццяўляюцца ў адпаведнасці з Нормамі ацэнкі вынікаў вучэбнай дзейнасці вучняў агульнаадукацыйных устаноў па вучэбных прадметах (дакумент размешчаны на партале edu.gov.by). «У сувязі з тым што мэтай правядзення iспытаў пры паступленнi ў пятыя класы гімназій з'яўляецца выяўленне найбольш падрыхтаваных вучняў, зборнікі заданняў па вучэбным прадмеце «Матэматыка» складаюцца з кантрольных работ з трэцяга па пяты ўзровень складанасці. Кантрольныя работы ацэньваюцца па адзіных крытэрыях ва ўсіх гімназіях», — адзначыла Юлія Ваніна.

Пры прыёме ў гімназіі, гімназіі-інтэрнаты, гімназіі — каледжы мастацтваў улічваюцца як вынікі ўступных іспытаў па вучэбных прадметах, так і гадавыя адзнакі па іх. Пры аднолькавай колькасці балаў (сума балаў па выніках уступных іспытаў і гадавых адзнак) пераважнае права на залічэнне ў гімназіі, гімназіі-інтэрнаты маюць вучні з больш высокім сярэднім балам гадавых адзнак за 4-ы клас, а ў гімназіі-каледжы мастацтваў — асобы з больш высокім узроўнем здольнасцей у галіне асобных відаў мастацтва.

Калі дзіця не паступіць у гімназію, гімназію—каледж мастацтваў, дзе атрымала пачатковую адукацыю, яно можа працягнуць навучанне ва ўстанове адукацыі па месцы жыхарства або ў іншай установе адукацыі, якая рэалізуе адукацыйную праграму базавай адукацыі, сярэдняй адукацыі, у мэтах забеспячэння прадаўжэння вывучэння той замежнай мовы, якую яно вывучала ў 3-4-м класах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?