Мабільны аператар МТС папярэдзіў абанентаў аб тым, што паслуга з безлімітным LTE-трафікам стане платнай з 16 сакавіка. Прычым карыстальнікі аказаліся падпісанымі на платную версію паслугі «па змоўчанні».

Паводле паведамлення для абанентаў, паслуга «4G безліміт» даступная бясплатна толькі да 15 сакавіка. Пасля гэтай даты яе кошт складзе 1000 рублёў у суткі або каля 30 тысяч у месяц. Далей ідуць інструкцыі аб тым, як паслугу адключыць.

Усе абаненты, якія атрымалі СМС, да гэтага самі падключылі паслугу «4G безліміт». Паслуга была даступная са стопрацэнтнай зніжкай — гэта значыць бясплатна.

Незадаволенасць некаторых выклікала тое, што на «платную версію» аператар перавёў ўсіх «аўтаматычна»: адправіць спецыяльны код трэба, каб адмовіцца ад паслугі, а не каб пачаць ёй карыстацца. Калі нехта няўважліва прачытаў умовы на сайце ці не заўважыў СМС, то грошы з яго спішуцца.

Раней ва ўмовах прадастаўлення паслугі на сайце кампаніі гаварылася пра 80%-ную зніжку, якая будзе дзейнічаць з 16 сакавіка па 31 жніўня. Пазней гэтыя радкі з умоў зніклі. Атрымалася, што з 16 сакавіка абанентам прыйдзецца плаціць поўны кошт, а не 20%, як было абяцана раней.

Нагадаем, паслуга «4G безліміт» прадугледжвае безлімітны доступ да LTE-трафіку на высокіх хуткасцях. Паслуга даступная на ўсіх тарыфных планах за выключэннем тарыфных планаў «Абсалют», «Гасцявы», «МТС смарт Гасцявы».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?