«Такую гісторыю, як у нас, яшчэ пашукаць трэба»: рэпартаж з вёскі на краі Браслаўскага раёна» — дужа цікавы артыкул, але дужа засмучае.

Фота Ірыны Арахоўскай.

Фота Ірыны Арахоўскай.

Я закончыў Барадзеніцкую школу ў 1961 годзе, маёй настаўніцай матэматыкі была Соф’я Антонаўна. Нізкі, шчыры Вам паклон за педагагічны такт, розум, што не паставілі двойку па алгебры на выпускных экзаменах. Праўда, я рэабілітаваўся потым — маю два аўтарскія пасведчанні за планіметры, прылады для вымярэння плошчы любой формы. А стаў я гуманітарыем-музыкантам, працаваў завучам музычнай школы ў Гомелі.

Яна Антонавіча я памятаю па школе, тады ён вучыўся, у школе, можа, працаваў, але, на жаль, не ў маім класе.

Прозвішча Рыдзіка было мне знаёма з ранняга дзяцінства — так была падпісаная прыгожая карціна алеем, на ёй лясная рэчка і качка з качарам. Гэта быў падарунак ад сябра майму бацьку Гэнрыку, які жыў у Цяцерках за тры км ад Барадзеніч.

Бацька быў кіраўніком беларускага гуртка, мабыць, на гэтай падставе яны і сябравалі.

У нашай хаце быў «штаб» гуртка, бібліятэка. На гарышчы хаты я знайшоў афіцыйную круглую пячатку гуртка і бібліятэчны штамп «Беларускі Інстытут Гаспадаркі і Культуры. Бібліятэка імя Францішка Скарыны. Гурток у Цяцерках».

Круглую пячатку згубіў (малы-дурны), а бібліятэчны штамп аддаў настаўніку Валянціну Іванавічу Рабкевічу. На жаль, яго рэпрэсавалі і даўно няма ў жывых, вечны спакой.

Яшчэ аддаў «Беларускую граматыку» Тарашкевіча, яшчэ нешта. Нейкія кнігі Валянціну Іванавічу перадаў і Антось Рыдзіка. Дарэчы, у вёсцы Шаўляны, 3 км ад Барадзенічаў, была беларуская школа, якая пры паляках пратрымалася апошняй (!) у Заходняй Беларусі. (Язэп Найдзюк. «Беларусь учора і сяння»).

У гэтай школе вучылася мая мама Францішка Пецюкевіч (Пабяржань). Пра настаўніцу Мар’ю Булыгу нічога не магу знайсці. Вучні гэтай школы і былі галоўнымі ўдзельнікамі беларускіх пастановак.

У школу прыязджалі беларускія паслы ў польскім Сойме Альбін Стаповіч, Фабіян Ярэміч, Барыс Рагуля, Канстанты Юхневіч, а таксама мой дзядзька Мар’ян Пецюкевіч — этнограф, актыўны дзеяч так званай Віленскай пары…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?