Дзяніс, Данецк/Кіеў, менеджар футбольнага клуба «Шахтар»

Заўсёды думаў, што Беларусь танная і савецкая. Але яшчэ да паездкі, на этапе пошуку кватэры, у мяне пачалі з’яўляцца сумненні. Кватэру мы знайшлі толькі за 50 даляраў у суткі. І гэта была звычайная кватэра, нават не цэнтр горада, а Паўднёвы Захад. У Кіеве за гэтыя грошы можна знайсці без праблем лепшае жыллё, і яно пры гэтым будзе ў цэнтры. А калі мы ўжо прыехалі ў Мінск, адчулі сапраўдны шок. Калі параўноўваць цэны з украінскімі, усё атрымліваецца вельмі дорага. Таму стэрэатып пра таннасць Беларусі не пацвердзіўся.

А вось савецкасць — не такі ўжо і міф. Бачна, што большая частка мінскай архітэктуры савецкая. Але трэба адзначыць, што ўсё было лепш, чым я думаў. У горадзе я пабачыў і шмат узораў сучаснай архітэктуры. На вуліцах было чыста і дагледжана. Грамадскі транспарт быў даволі камфортны і было не так складана арыентавацца ў ім.

Але самае дзіўнае для нас было тое, што нідзе нельга знайсці бясплатнага Wi-Fi!

Нават у цэнтры горада, нават у кавярнях з гэтым былі цяжкасці. Я ўжо нават не кажу пра нейкія публічныя пункты доступу ў парках і скверах. Нават у маім родным Данецку, да ваенных дзеянняў, з гэтым ніколі не было праблем. Я ўжо не кажу пра Кіеў, дзе бясплатны Wi-Fi ёсць паўсюль. Калі звычайны турыст не можа ў цэнтры горада знайсці інтэрнэт, нават у кавярнях – гэта праблемна. І гэта толькі шкодзіць іміджу краіны.

Міліцыі, дарэчы, было не так і шмат на вуліцах, як нам казалі нашы беларускія сябры. Цяпер у нас у Кіеве паліцэйскіх значна больш.

Яшчэ мы заўважылі, што ў Мінску амаль няма ўстаноў грамадскага харчавання для сярэдняга класа. Звычайна гэта альбо дарагія кавярні і рэстараны, альбо «общепит» савецкага ўзору.

Хацелася б пажадаць беларусам усяго найлепшага. Каб жыла Беларусь і яе мова. Калі мы былі ў Беларусі, беларускую мову чулі і бачылі толькі ў грамадскім транспарце і на шыльдах дзяржаўных устаноў. Гэта даволі сумна, бо калі не будзе беларускай мовы, не будзе і Беларусі. Большую частку жыцця я пражыў у Данецку. І мне вельмі не хацелася б, каб у вас паўтарылася наша сітуацыя. А найлепшы спосаб абараніць сябе ад гэтага — шанаваць родную мову і размаўляць на ёй.

Аляксей, Чаркасы, маркетолаг

Беларусь — пазітыўная! Спадабалася!

Людзі не пераходзяць дарогу на чырвоны сігнал святлафора.

У Мінску няма панавання рэкламы над архітэктурай — ва Украіне гэта сапраўдная праблема. У нас рэклама проста паўсюль, і яна псуе ўсё аблічча нашых гарадоў.

Беларуская ежа вельмі смачная, асабліва шакалад.

Абсалютна здзівіў беларускі сэрвіс, дакладней, яго адсутнасць. Цяжка разабрацца з валютай.

У Мінску абсалютна рафінаваная архітэктура.

Яшчэ было нязвыкла бачыць такую вялікую колькасць супрацоўнікаў міліцыі.

А супрацоўнікаў спецыяльных службаў можна было пабачыць у дзеянні.

Я чуў, што ў Беларусі ёсць пэўныя праблемы са свабодай. Але нават не ўяўляў, што ёсць нейкія абмежаванні на фатаграфаванне адміністратыўных будынкаў.

Мы ішлі са знаёмымі-ўкраінцамі па праспекце Незалежнасці і ўбачылі будынак беларускага КДБ. Каб была нейкая памяць, мы вырашылі зрабіць фотаздымак каля гэтага манументальнага будынка. Мае сябры з Украіны сталі на прыступкі побач з уваходам у будынак КДБ, а я здымаў іх з іншага боку праспекта. Праз некалькі секунд дзверы адчыніліся і выйшаў супрацоўнік КДБ, які папрасіў нас сысці. Мне пашанцавала, што я быў далёка ад месца падзей, таму гэтае фота захавалася для гісторыі. 

Марта, Львоў, студэнтка

Я ехала ў Мінск на адукацыйнае мерапрыемства. Каардынатары загадзя нас папярэдзілі, каб на беларускай мяжы мы не ўжывалі такіх выразаў, як «нефармальная адукацыя», «дэмакратызацыя» альбо «правы чалавека», каб не мець праблем з беларускай мытняй. Аднак беларускія мытнікі насамрэч былі пачцівымі і карэктнымі.

У цягніку сустрэла шмат гастарбайтараў-украінцаў, якія ехалі на будаўніцтва атамнай станцыі ў Беларусь. Большасць з іх былі нецвярозыя, таму мяне вельмі здзівіла, што такі сур’ёзны аб’ект будуюць такія людзі.

Калі я прыехала ў Мінск, то пабачыла вялізны горад з шырокімі праспектамі.

Пасля Львова Мінск выглядае масіўна і манументальна. Чымсьці нагадвае Кіеў, аднак чамусьці без людзей.

Дзе былі людзі, я так і не зразумела. Іх не было на вуліцах, іх не было ў кавярнях… Здаецца, я жыла побач з цэнтрам, але горад быў пусты. Траецкае прадмесце каля Свіслачы не спадабалася. Дамы нібыта старадаўнія, але выглядала гэта неяк штучна.

Калі казаць пра людзей, то нейкай істотнай розніцы не я заўважыла. Як і ў нас, ёсць прагрэсіўныя людзі, ветлівыя, якія арыентуюцца на нармальныя чалавечыя каштоўнасці. А ёсць і савецкія, якія жывуць мінулым. Бачна, што з сэрвісам ёсць пэўныя праблемы, таму што не заўсёды прадаўцы ў крамах ведалі, як рэагаваць на іншаземцаў.

Было цікава наведаць галерэю мастацтва «Ў». Добра, што такіх культурных асяродкаў у Мінску становіцца ўсё болей. 

Было цяжка арыентавацца ў грошах, мы не зусім разумелі, колькі трацілі.

Што тычыцца інфраструктуры — яна лепшая, чым у нас. Бачна, што камунальныя службы працуюць нядрэнна. Грамадскі транспарт бліжэйшы да еўрапейскіх узораў, чым да ўкраінскіх.

Хацелася б, каб паміж нашымі краінамі развіваліся добрыя стасункі: як культурныя, так і эканамічныя.

Што яшчэ фатаграфавалі ўкраінцы ў Беларусі? Дзяніс падзяліўся некаторымі сваімі здымкамі. Яго, напрыклад, уразіла колькасць савецкіх элементаў дызайна будынкаў, здзівіла тое, што ў Беларусі прадаецца напой «Юпі», зачапіла шыльда «Бульбаш»…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?