Зборнік дакументаў «Брест. Лето 1941 г. Документы. Материалы. Фотографии», падрыхтаваны нямецкім дасьледчыкам Крысьціянам Ганцэрам сумесна з берасьцейскімі гісторыкамі, выклікаў бурную і зусім неадэкватную рэакцыю нашага музейна-ідэалагічнага афіцыёзу з Музею абароны Берасьцейскай крэпасьці, чым толькі прыцягнула дадатковую цікавасьць да гэтай сапраўды каштоўнай працы.

Узорна з навуковага пункту гледжаньня падрыхтаваны зборнік (723 с.) упершыню ўводзіць у навуковы зварот шырокі сьпектар крыніц, якія датычаць падзеяў, што адбываліся ў Берасьці і крэпасьці ў чэрвені-ліпені 1941 г. Укладальнікі зборніка (Крысьціян Ганцэр, Ірына Яленская, Алена Пашковіч, Яўген Разенблат, Сяргей Струнец) робяць даступнымі многія дакументы і матэрыялы, найбольш важныя для разуменьня падзей пачатковага перыяду вайны. Асабліва каштоўнымі ёсьць дакументы з нямецкіх архіваў, падрыхтаваныя Крысьціянам Ганцэрам. Укладальнікі зборніка падрыхтавалі вялікі даведачны апарат з грунтоўнымі каментарамі, які дазваляе лепш зразумець дакументы, якія друкуюцца.

Надзвычай цікавымі для берасьцейцаў зьяўляюцца шматлікія фотаздымкі з нямецкіх архіваў і прыватных збораў, якія ілюструюць падзеі ў Берасьці ўлетку 1941-га.

Для многіх берасьцейцаў малавядомай старонкай у гісторыі горада зьяўляецца зьнішчэньне 4000 мужчынаў-габрэяў у першы месяц вайны. Таму цікавым ёсьць ня толькі матэрыял Крысьціяна Ганцэра «Сталина длинная тень. Плен как ключевая проблема историографии обороны Брестской крепости», які выклікаў вялікую незадаволенасьць у кіраўніцтва Музея абароны крэпасьці, але і дасьледаваньне Бернда Рабіонэка «В начале конца. 307-й полицейский батальон в Бресте, лето 1941 г.».

Прэзентацыя кнігі «Брест. Лето 1941 г. Документы. Материалы. Фотографии» адбылася 27 лютага 2016 году ў Берасьцейскай абласной бібліятэцы імя М. Горкага пры запоўненай залі. Многія потым выказвалі шкадаваньне, што прапусьцілі гэтую падзею, бо не заўважылі яе рэкламы.

Найперш я шчыра зьдзівіўся, што ніхто з уладаў не забараніў абласной бібліятэцы праводзіць гэтую прэзентацыю! Кіраўніцтва абласной бібліятэкі — малайцы, што не пабаяліся, хоць, ведаю ад іх, што вельмі хваляваліся перад пачаткам прэзентацыі і падчас яе. Шчырая падзяка ім, што добра спаўняюць сваю функцыю — установы культуры.

Я наогул наіўна думаў (пэўна, і многія), што будзе цікавая дыскусія НАВУКОЎЦАЎ і краязнаўцаў, якія ў тэме добра арыентуюцца.

О, якія гэта былі баі за крэпасьць супраць «нямецкіх акупантаў» у абласной бібліятэцы з боку нашых ідэалагічна правераных кадраў з Музею абароны крэпасьці! Гэта трэба было чуць! Што яны несьлі!

Загадзя было вядома для аўтараў зборніка, што кіраўніцтва Мемарыяльнага комплексу абавязкова будзе на прэзентацыі ў бібліятэцы і адназначна пажадае ўступіць у рашучы бой з гэтым нахабным нямецкім акупантам Ганцэрам (з ім у іх даўнія рахункі), пісаніна якога «подрывает наші устоі», а он сам «перепісывает історію». Таму, каб паказаць асаблівую каштоўнасьць і актуальнасьць гэтага фактычна ПЕРШАГА сапраўды навукова падрыхтаванага беларускага выданьня, прысьсьвечанага абароне крэпасьці ў 1941 г., выступілі вядомыя і аўтарытэтныя сьпецыялісты па гэтай тэме: кандыдаты гістарычных навук Сяргей Новікаў з Менску і Ўладзімір Здановіч з Берасьця. Яны ўзважана, спакойна, па-навуковаму далі ацэнку ВЫДАТНАЙ і ВЕЛЬМІ ВАЖНАЙ працы, як яны сказалі, адзначылі яе моцныя бакі, зрабілі некаторыя крытычныя заўвагі і свае пажаданьні. Разумею, цяпер, дзеля чаго такім доўгім і менавіта з раздрукаванага тэксту быў выступ афіцыйнага рэцэнзента кнігі С. Новікава, імя якога пазначана ў выходных дадзеных зборніка. (Важнасьць такой формы выступу гісторык адразу падкрэсьліў).

Як усе пачулі і пераканаліся пазьней, у пасьледній рашыцельный бой сапраўды ўступілі ідэалагічна правераныя кадры з мемарыялу «Брэсцкая крэпасьць». Іх выступы былі настолькі адыёзныя і псеўданавуковыя на фоне выступаў прафесійных гісторыкаў, што проста выклікала ў рэшце гучны сьмех у нармальных людзей. Бо гэта быў яшчэ той псеўданавуковы чыста ідэалагічны пафас з боку нам. дырэктара па навуковай працы мемарыялу Ларысы Бібік і асабліва кіраўніка гэтай установы сп. Рыгора Бысюка. Трэба разумець, як афіцыйная пазіцыя музею абароны крэпасьці Р. Бысюком быў зачытаны гнеўны абвінаваўчы акт — ліст ветэрана, сына абаронцы крэпасьці, які нібыта пасьпеў прачытаць 750-старонкавую працу (самі аўтары толькі на прэзентацыі атрымалі друкаваныя асобнікі кнігі!) і даць ёй належны адлуп, дзе былі ўзгаданыя і «загнівающій Запад», і «всякіе развратнікі і гомосексуалісты, которыя процветают там», і «девушкі, которых у ніх теперь в городах прямо на уліцах насилуют», і іншая ахінея. Нічога ня скажаш — моцны навуковы аргумент у дыскусіі гісторыкаў вакол падзеяў 75-гадовай даўнасьці слова «сына абаронцы крэпасьці» ці «дачкі афіцэра», або «салдацкай маці».

Калі толькі пачала свой выступ намесьніца дырэктара па навуковай працы мемарыялу Ларыса Бібік, яна сказала адну кароткую, але вельмі дзікую і сымбалічную фразу, якая мяне спачатку моцна расьсьмяшыла. (Я ж думаў, будзе дыскусія навукоўцаў!) Прагучала з яе вуснаў: «ГРАЖДАНІН Ганцэр»! У мяне адразу зьявіўся ехідны каментар: «Выглядае, мы нібы на нейкае судзілішча трапілі». Паслухаўшы, што было далей, разумееш, што ўсё было добра прадумана і невыпадкова. Гэта ж абраза, саўковае хамства зьвяртацца так да прафесійнага гісторыка ды яшчэ і з ЧУЖОЙ краіны — «гражданін»!

І сапраўды, далей гэта было нейкае дзікае судзілішча з боку прадстаўнікоў музею абароны крэпасьці, якія прыйшлі зачытаць вердыкт падсуднаму гражданіну Ганцэру. Галоўны аргумент — «вы не понімаете нашей ментальності», «занімаетесь дегероізаціей», і наогул Крысьціян Ганцэр шмат чаго напрыдумляў. Ад гэтага было і сьмешна, і сумна. Бо яскрава сьведчыць пра ўзровень і стаўленьне да сапраўднай гістарычнай навукі з боку кіраўніцтва музею абароны крэпасьці. Галоўнае — яны ж самі сябе прыпазорылі!

Многіх уразіла таксама тэрміналогія з вуснаў дырэктара мемарыялу ў крэпасьці Р. Бысюка: «мы, русскія люді», «для нас, русскіх», і падобнае. І хоць гэта былі цытаты з ліста сына абаронцы крэпасьці (які маразм — «сын абаронцы»), але з вуснаў дзяржаўнага чыноўніка гэта гучала вельмі двусэнсоўна, без каментару, і выглядала, што ён проста агучваў пазіцыю сваёй музейнай установы.

Я лічу, той ліст ветэрана, сына абаронцы крэпасьці, варта дзесьці абавязкова надрукаваць і пазначыць, хто дзе, калі і пры якой нагодзе яго зачытаў. Гэта важны дакумент сучаснай эпохі і яскравае сьведчаньне ўзроўню «навуковых» аргументаў ад музею абароны крэпасьці. Проста выдатнае пацьвярджэньне тэзы К. Ганцэра. Саўковая ментальнасьць і «Сталина длинная тень» — па-ранейшаму ключавая праблема ў працы кіраўніцтва Музею абароны Берасьцейскай крэпасьці.

Ня сорамна было толькі за спакойны, вельмі інтэлігентны, па-чалавечы шчыры, з болем за пакалечаныя лёсы абаронцаў крэпасьці (і хіба незапланаваны) выступ ужо старэнькай спн.Тацяны Ходцавай — адной з стваральніцаў музея абароны Берасьцейскай крэпасьці, якая шукала жывых абаронцаў крэпасьці, запісвала ў 1957 г. і рыхтавала да друку яшчэ непадчышчаныя іхнія ўспаміны.

Вельмі характэрным быў момант зусім кароткай дыскусіі, калі прыгадалі шыльду ў памяць камісара Фаміна на Холмскай браме, што яна ўтрымлівае памылкі, якія многія бачаць (забілі Фаміна ня там, і не тады) і ад гэтага ў людзей толькі недавер да ўсяго, што кажуць экскурсаводы музею.

Дык што на гэта пакрыўджана сказала музейшчыца (намесьніца дырэктара па навуковай працы): «А что вы предлагаете?! Убрать?! Куда?!» Добра ёй было адказана: «Так вы хоть бы ошібкі ісправьте!»

Наогул абвешчанай на пачатку прэзентацыі дыскусіі, пытаньняў да ўкладальнікаў зборніка як такіх фактычна не атрымалася — усё зацягнулася і самая цікавая частка зьвялася да 3-4 выступаў у стылі «хутчэй-хутчэй, заканчваем, і так ужо больш за тры гадзіны гаворым».

Да таго ж, «баі за крэпасьць» былі моцна абвастрыліся пасьля таго як першым пасьля навукоўцаў выскачыў з агрэсіўным выступам нейкі мужчына з саўковымі поглядамі, які назваў сябе «старажылам, сынам бібліятэкаркі» і гучным басам закляйміў падкопы «чуждых нам» «прозападных ліберальных історіков».:) Тут быў яўны пракол вядоўцы — рэдактара «Брестского курьера» сп. Мікалая Аляксандрава. ня трэба было даваць ніякіх 4 хвілінаў ДЛЯ ВЫСТУПАЎ з залі, павінны былі быць адно ПЫТАНЬНІ да ўкладальнікаў зборніка. Тады б магла быць цікавая дыскусія навукоўцаў і краязнаўцаў, знаўцаў тэмы, тых, хто шукае гістарычную праўду, вырашае канкрэтныя пошукавыя задачы на тэрыторыі крэпасьці.

Сумна, бо даўно час усебакова і па-навуковаму раглядаць баі за крэпасьць і горад улетку 1941-га, а не займацца звычайнай публіцыстыкай такой нібыта навуковай установе як Музей абароны Берасьцейскай крэпасьці. А ў нас там некаторыя ўсё яшчэ вядуць баі з нямецка-фашысцкімі захопнікамі… Хоць вайна ўжо даўно скончылася.

Дарэчы, выданьне гэтага зборніка з такой вялікай колькасьцю дакументаў з нямецкіх архіваў пра баі ў Берасьці і крэпасьці ў 1941-ым павінна было б стаць добрым стымулам для тых, хто хоча даць «отпор проіскам» Крысьціяна Ганцэра. На прэзентацыі з вуснаў нашых навукоўцаў прагучала, што многія савецкія дакументы пра крэпасьць і лета 1941-га знаходзяцца ў расейскіх архівах і па-ранейшаму не даступныя. Вось жа хай бы навуковыя супрацоўнікі Музею абароны крэпасьці вырашэньнем гэтай праблемы і заняліся б. Тым больш, што сам Крысьціян Ганцэр ня раз паўтарыў: я гатовы прыслухоўвацца да любой навуковай крытыкі, з цікавасьцю вазьму да ўвагі новыя, дагэтуль недаступныя і неапублікаваныя савецкія дакументы з архіваў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?