16 красавіка жыхар Магілёва, актывіст незарэгістраванага руху «Рушэньне» Валадар Цурпанаў атрымаў адказ з абласной управы ўнутраных спраў на сваю скаргу. У скарзе актывіст вінаваціў міліцыянтаў у неправамерных дзеяньнях і незаконнай канфіскацыі асабістых рэчаў: двух бел-чырвона-белых сьцягоў і афіцыйнага дзяржаўнага сьцяга.

У адказе, падпісаным падпалкоўнікам Алёнушкіным, гаворыцца, што міліцыянты законаў не парушалі. «Яны дзейнічалі згодна з законам «Аб міліцыі» й загадам пра ветлівае абыходжаньне з грамадзянамі». У адказе зазначаецца, што бел-чырвона-белы сьцяг Цурпанаў зьняў з гаўбца добраахвотна й аддаў яго міліцыянтам сам.

«Для мяне дужа істотна, што міліцыянты прызналі, што былі ў маёй кватэры й што прынамсі адзін сьцяг маецца ў іх з трох, якія яны забралі. Буду зьвяртацца ў райаддзел з патрабаваньнем вярнуць мне мае рэчы», -- паведаміў В.Цурпанаў

25 сакавіка Валадар Цурпанаў вывесіў на гаўбцы сваёй кватэры два сьцягі:бел-чырвона-белы й афіцыйны дзяржаўны. Такім чынам ён адзначаў Дзень волі й падкрэсьліваў адзінства беларускага народу. Сьцягі заставаліся на гаўбцы чатыры гадзіны. Акрамя гэтых двух сьцягоў міліцыянты зьдзерлі й бел-чырвона-белы сьцяг, вывешаны ў кватэры на сьцяне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?