На працэсе па справе аб распаўсюджванні наркотыкаў, які праходзіць у Мінгарсудзе, працягваецца допыт абвінавачаных. Яго дэталі перадае агенцтва БелаПАН.

3 сакавіка даваў паказанні Марат Багель, які абвінавачваецца ў вырабе, распаўсюджванні і перавозцы наркотыкаў у складзе арганізаванай злачыннай групы. Апошнія гады Багель жыў у Маскве. Ён стаў першым абвінавачаным, які дае паказанні ў судзе, яго допыт пачаўся 2 сакавіка.

На сённяшнім пасяджэнні Багель распавёў, што перадаваў скрынкі з псіхатропамі рэйсавымі аўтобусамі Масква — Мінск. Падчас допыту высветлілася, што ў матэрыялах справы Багель фігуруе і пад іншым прозвішчам — Акапян. Абвінавачаны адмовіўся адказаць, чым можна растлумачыць гэтае разыходжанне.

Паводле слоў падсуднага, да арганізаванай злачыннай групы (АЗГ) па распаўсюджванні наркотыкаў ён далучыўся прыкладна ў канцы 2013 года. Увесь наступны год да затрымання (4 снежня 2014 года) займаўся закладкамі, перавозіў забароненыя рэчывы, перадаваў скрынкі з Расіі ў Беларусь. Ён успомніў пра 40 такіх пасылак. На адну з іх Багель атрымаў суправаджальныя дакументы, з якіх вынікала, што ў скрынях знаходзіцца расліна падбел. Паколькі на расійска-беларускай мяжы няма кантролю, наркотыкі, якія перавозіліся ў аўтобусах Масква — Мінск, бесперашкодна траплялі ў Беларусь. Паводле слоў абвінавачанага, былі выпадкі, калі ён сам дастаўляў забароненыя рэчывы на тэрыторыю Беларусі — пакідаў скруткі непадалёк ад мяжы.

Марат Багель мяркуе, што знойдзеныя падчас вобыску ў кватэры падсуднай Аліны Церагеры наркотыкі і ёсць адна з яго перадач. 23-гадовая дзяўчына была затрыманая работнікамі праваахоўных органаў у чэрвені 2014 года, па месцы яе жыхарства было канфіскавана некалькі кілаграмаў забароненых рэчываў. Церагера таксама праходзіць абвінавачанай па «справе сямнаццаці». З абвінавачання вынікае, што менавіта яна была кіраўніком структурнага падраздзялення нелегальнага бізнесу ў Мінску. Сама падсудная прызнае сябе вінаватай у вырабе, распаўсюджванні і перавозцы наркотыкаў, але адмаўляе, што працавала ў складзе АЗГ.

Паводле слоў Багеля, у апошнія месяцы працы выручка ў расійскіх філіялах расла. Так, калі ў верасні 2014 года ў касе было 2,5 млн. расійскіх рублёў (прыблізна 64 тысяч даляраў), а ў кастрычніку — 3,8 млн. расійскіх рублёў, то ў лістападзе — ужо 4 млн. расійскіх рублёў. Абвінавачаны растлумачыў, што кожны месяц ён атрымліваў 5% ад прыбытку. За тры месяцы атрымліваецца прыблізна 12 тысяч долараў.

Падчас допыту Багель адмаўляўся адказваць на шматлікія пытанні абаронцаў. Паводле слоў адваката Канстанціна Вілюгі (галоўнага фігуранта справы) вядома, што Багель напісаў чатыры яўкі з пакаяннем, дзе па-рознаму выкладзеныя абставіны здарэння. Аднак падсудны заявіў, што не будзе тлумачыць, чаму так адбылося. Вядома, што Багель заключыў дасудовае пагадненне — гэта значыць, ён актыўна супрацоўнічаў са следствам.

Што да сувязі Вілюгі з праваахоўнымі органамі, то Багель зноў пацвердзіў, што такія знаёмствы ў яго былі. «Са слоў Рыбко (яшчэ адзін фігурант справы Сяргей Рыбко затрыманы ў Расіі, цяпер вырашаецца пытанне аб яго экстрадыцыі ў Беларусь) я ведаю, што яны пры дапамозе людзей з МУС ці КДБ «закрывалі» некага з канкурэнтаў», — заявіў падсудны.

Паводле слоў Багеля, падчас следства яму прапаноўвалі апазнаць супрацоўнікаў праваахоўных органаў, якія праходзяць абвінавачанымі па справе, але ён адмовіўся. «Не буду тлумачыць чаму. Гэта мая справа», — заявіў падсудны.

Падчас допыту ён выказаў здагадку, што прыкладна шэсць гадоў таму яго дапытваў оперупаўнаважаны КДБ Дзмітрый Вераценскі, які цяпер сядзіць разам з Багелем на лаве падсудных. У той час быў затрыманы знаёмы Багеля Андрэй Сілін, і праваахоўнікі цікавіліся, што вядома Багелю пра распаўсюджванне наркотыкаў у Наваполацку. Тады яго адпусцілі, але Дзмітрыя Вераценскага Багель запомніў.

Адвакат Багеля настойвала, каб на час допыту яе падабароннага з залы суда вывелі бацьку Канстанціна Вілюгі, які прыйшоў падтрымаць сына. Паводле слоў абаронцы, сваёй прысутнасцю Вілюга-старэйшы можа аказаць негатыўны ўплыў на Марата Багеля яго паказанні. Аднак суд гэтае хадайніцтва адхіліў.

У судзе абвешчаны перапынак да 10.30 4 сакавіка. Чакаецца, што заўтра допыт абвінавачаных працягнецца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?