У Беларусі на 1000 мужчын прыпадае 1149 жанчын, у гарадах — 1167, у вёсцы — 1086. Такія дадзеныя агучыла на прэс-канферэнцыі сустаршыня ГА «Беларускі саюз жанчын» Антаніна Морава.

Антаніна Морава апісала сярэднестатыстычны партрэт беларускай жанчыны. На пачатак бягучага года ў краіне налічвалася 5,1 млн жанчын — 53,5% агульнай колькасці насельніцтва. У гарадах і пасёлках гарадскога тыпу пражываюць большасць жанчын (78,2%), у сельскіх населеных пунктах — кожная пятая жыхарка рэспублікі (21,8%). У апошнія гады назіраецца павелічэнне ўдзельнай вагі жанчын у гарадскіх паселішчах.

Сярэдні ўзрост жанчын у Беларусі — 42,4 года (пяць гадоў таму было 41,7 года). Прычым сярэднестатыстычная жанчына на 5,2 года старэйшая за мужчыну. Сярэдні ўзрост жыхарак гарадоў складае 40,9 года, сяльчанак — 47,7 года.

Кожная другая жанчына (52%) знаходзіцца ў шлюбе, 18% — удовы, 10% — разведзеныя.

У Беларусі павялічваецца сярэдні ўзрост жанчыны пры ўступленні ў першы шлюб і нараджэнні першынца. У 2015 годзе сярэдні ўзрост нявесты склаў 25,5 года (у 2010-м — 24,4 года). Да 26 гадоў павялічыўся ўзрост маці пры нараджэнні першага дзіцяці.

«У апошнія гады намеціўся шэраг станоўчых тэндэнцый у сямейных адносінах, — адзначыла Антаніна Морава. - Больш як палавіна нованароджаных у мінулым годзе нарадзіліся другімі і трэцімі ў сваіх сем'ях (у 2010-м — 44,7%). Адна гарадская і адна сельская жанчына, у сярэднім нарадзілі па двое дзяцей (раней на гараджанак прыпадала адно дзіця). Удзельная вага дзяцей, народжаных у жанчын, якія не знаходзяцца ў зарэгістраваным шлюбе, знізілася з 19,6% у 2010 годзе да 13,8% у 2015-м».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?