Менскія ўлады адмовілі Анатолю Шумчанку і Мікалаю Статкевічу ў правядзеньні 14 сакавіка мітынгу і шэсьця прадпрымальнікаў на наступны дзень пасьля падачы заяўкі на акцыю Анатолем Лябедзькам.

Пра гэта паведаміла рэспубліканскае аб’яднаньне «Пэрспэктыва».

У адказе, які даслаў Менгарвыканкам Шумчанку і Статкевічу, гаворыцца, што ў Менгарвыканкам «паступілі заявы іншых асобаў аб правядзеньні масавага мерапрыемства ў форме шэсьця па аналягічным маршруце 14 сакавіка».

«У адпаведнасьці з артыкулам 9 закону, якім забараняецца правядзеньне адначасова некалькіх масавых мерапрыемстваў у адным месцы ці па адным маршруце руху, Менскі гарвыканкам ня можа даць дазвол на правядзеньне 14 сакавіка масавых мерапрыемстваў — шэсьця і мітынгу на тэрыторыі Менску», — гаворыцца ў адказе Менгарвыканкаму.

Таксама менскія ўлады адзначаюць, што заяўнікі парушылі заканадаўства, разьмясьціўшы на інтэрнэт-сайтах інфармацыю пра дату, месца і час правядзеньня акцыі. Да таго ж месца збору ўдзельнікаў не адпавядае заканадаўству, не пазначана і крыніца фінансаваньня масавых мерапрыемстваў.

«Падача заявы старшынём Аб’яднанай грамадзянскай партыі была зроблена наўмысна, каб быў жалезны аргумэнт адмовіць людзям, якія рэальна сёньня ўяўляюць пагрозу для ўладаў Беларусі. Прозьвішчы гэтых людзей можаце прачытаць у адказе Менгарвыканкаму. Улады банальна спалохаліся, і калі раней яны маглі шантажаваць перамовамі і іншымі пагрозамі, то цяпер зразумелі, што рабіць наўпрост у лоб — бескарысна, таму былі задзейнічаны іншыя варыянты. Якія?! Хай кожны сам сумленна адкажа сабе сам. Але, нягледзячы на гэта, мы не адступім і адкажам», — адзначыў Анатоль Шумчанка, камэнтуючы забарону ўладаў на акцыі пратэсту.

Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька падаў у Менгарвыканкам заяўку на правядзеньне маршу «За годнае жыцьцё» ў той жа час і ў тым жа месцы, дзе зьбіраліся праводзіць Марш прадпрымальнікаў Анатоль Шумчанка і Мікалай Статкевіч. Лябедзька патлумачыў, што хацеў «падстрахаваць» заяўку Шумчанкі і Статкевіча на мітынг у Менску 14 сакавіка. Пазьней Лябедзька паведаміў, што адклікаў заяўку на мітынг 14 сакавіка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?