Мабільнае прыкладанне MSQRD, распрацаванае беларускай кампаніяй Masquerade Technologies Inc., заняло трэцяе месца ў рэйтынгу самых папулярных прыкладанняў у амерыканскім App Store напярэдадні ўручэння прэміі «Оскар», адным з трыумфатараў якога стаў акцёр Леанарда Дзі Капрыа, паведаміла агенцтва Bloomberg са спасылкай на дадзеныя даследчай кампаніі App Ann.

Пасля таго як папулярны амерыканскі тэлевядучы Джымі Кімэл за некалькі дзён да цырымоніі «Оскар» прадэманстраваў у сваім шоу працу дадатка, прымерыўшы маску Дзі Капрыа, MSQRD вырваўся ў лідары сярод мабільных прыкладанняў для апрацоўкі фатаграфій і відэа. Па ўласных дадзеных Masquerade, лік запамповак прыкладання набліжаецца да 12 млн па ўсім свеце.

Карыстальнікі з дапамогай MSQRD могуць накласці маскі з рысамі твараў вядомых людзей на знятыя на мабільныя прылады відэа свайго твару і затым выкласці атрыманы ролік у Instagram або іншыя сацыяльныя сеткі. Маска, якая паказвае Леанарда Дзі Капрыа ў асяроддзі двух статуэтак «Оскар», уваходзіць у лік самых папулярных у MSQRD.

Сяргей Ганчар, Яўген Зацепякін і Яўген Няўгень стварылі MSQRD падчас 48-гадзіннага хакатону ў Мінску ў лістападзе 2015 года. Тады прыкладанне дазваляла дадаваць да адлюстравання твара толькі вусы.

Да Новага года распрацоўшчыкі абнавілі прыкладанне, прапанаваўшы карыстальнікам выкарыстоўваць маскі вядомых людзей. Masquerade прыцягнуў інвестыцыі ў памеры $ 1 млн і плануе павялічыць штат распрацоўшчыкаў, які зараз налічвае 12 чалавек.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?